Драпежнікі-інтрадуцэнты і сельская гаспадарка вінаватыя ў паступовым знікненні нырка-сівака

нырок-сівак

Упершыню вялікая міжнародная каманда навукоўцаў пад эгідай Трасту водна-балотных угоддзяў і вадаплаўных птушак Wildfowl and Wetlands Trust (WWT).апублікавала вынікі даследавання па найбольш імаверных прычынах рэзкага змяншэння колькасці нырка-сівака (Aythya ferina).
 

У палове краін, дзе гняздуе больш за 100 пар гэтага віду, трэнды колькасці працягваюць пагаршацца. Яны адлюстроўваюць працэс паступовага знікнення віда па ўсёй Еўропе, пра прычыны якога дагэтуль мала што было зразумела.

мапа
Мапа з ніжэйзгаданага артыкула з прыкладнай колькасцю (велічыня і таўшчыня стрэлак і ліній) і трэндамі колькасці.

29 еўрапейскіх навукоўцаў аб’ядналіся, каб выправіць сытуацыю і апісалі змены ў водна-балотных угоддзях, якія хутчэй за ўсё паўздзейнічалі на колькасць гэтых качак. Гістарычныя дадзеныя сведчаць, што нырок-сівак быў рэдкай гняздуючай птушкай па ўсёй Заходняй Еўропе да 1850-х гг. Хутчэй за ўсё, параўнальна хуткае пашырэнне арэалу віду адбылося на прыканцы ХІХ ст і звязана з рэзкім павелічэннем колькасці рыбаразводных сажалак ва Усходняй Еўропе. Гэта забяспечыла сіваку новы адпаведны гнездавы біятоп, з чаго від і скарыстаўся.

У наступныя дзесяцігоддзі адбывалася пашырэнне гнездавога арэалу таксама і ў Заходняй Еўропе. Паступовая эўтрыфікацыя многіх вадаёмаў і водна-балотных угоддзяў, якая адбывалася па ўсяму кантыненту і забяспечвала ежу і ўкрыцці для качак, таксама паспрыяла далейшаму распаўсюджанню віда з 1950-х да пачатку 1980-х гг. Пасля гэтага, за апошнія прыкладна 30 гадоў, адбылося шырокамаштабнае змяншэнне колькасці і распаўсюду птушак, асабліва ва Усходняй Еўропе, дзе від быў найбольш шматлікім. Хутчэй за ўсё звязана гэта з закрыццём многіх рыбаразводных гаспадарак там і некарыснымі зменамі якасці вады.

У гэтыя ж дзесяцігоддзі  заўважным стала значнае змяншэнне колькасці чаек-рыбачак (Chroicocephalus ridibundus), бо менавіта іх гнездавыя калоніі забяспечваюць неабходную абарону ад драпежнікаў многім іншым відам птушак. Таму іх шырокамаштабнае знікненне адмоўна адлюстравалася на поспеху гнездавання і ныркоў-сівакоў. Яшчэ адным важным адмоўным фактарам з’явілася вялікая колькасць мінеральных рэчываў у вадзе, якія трапляюць туды дзякуючы сельскай гаспадарцы з навакольных палёў. Гэта, у сваю чаргу, дапамагае хуткай і буйнай вегетацыі вадаростаў і падводнай расліннасці і перашкаджае ныркам і іншым ныраючым птушкам здабываць пад вадой ежу.

Яшчэ адна вялікая праблема – інвазійныя віды драпежнікаў, а менавіта амерыканская норка, янотападобны сабака і янот-паласкун. Гэтыя віды сталі галоўнымі драпежнікамі еўрапейскіх водна-балотных угоддзяў і знішчаюць не толькі гнёзды, але і вывадкі, і дарослых птушак.

Развядзенне ў пазасталых рыбных ставах менавіта чужародных для еўрапейскай фауны карпаў (Cyprinus carpio), якія моцна канкуруюць з нырком-сіваком за ежу, застаецца вялікай праблемай для краін Міжземнамор’я.

Д-р Эйлін Рыз (Dr Eileen Rees), кіраўнік навуковых даследаванняў WWT і рэдактар навуковага часопіса траста Wildfowl, сказала: “Праліць святло на праблемы, з якімі сутыкнуліся ныркі-сівакі, вельмі важна. Водаплаўныя птушкі маюць складанае жыццё, а іх месцапражыванні таксама важныя і для якасці нашага жыцця. Часта папуляцыі водаплаўных “раскіданы” па розных краінах і кантынентах, акрамя таго яны высокамабільныя – гняздуюць, дараслеюць і зімуюць у розных месцах”.

Таму галоўным прыярытэтам застаецца лепшае разуменне ключавых фактараў, якія абмяжоўваць колькасць і распаўсюджанне віду і паляпшэнне якасці вады і стану экасістэм тых водна-балотных аб’ектаў, дзе ныркі-сівакі яшчэ гняздуюць.

Крыніца:

Anthony D. Fox, A. Caizergues, M. V. Banik, K. Devos, M. Dvorak, M. Ellermaa, B. Folliot, A. J. Green, C. Grüneberg, M. Guillemain, A. Håland, M. Hornman, V. Keller, A. I. Koshelev, V. A. Kostiushyn, A. Kozulin, Ł. Ławicki, L. Luiguijõe, C. Müller, P. Musil, Z. Musilová, L. Nilsson, A. Mischenko, H. Pöysä, M. Ščiban, J. Sjeničić, A. Stīpniece, S. Švažas, J. Wahl (2017) Recent changes in the abundance of Common Pochard Aythya ferina breeding in Europe Wildfowl 66: 22-40

 

Паводле www.wwt.org.uk  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На здымку Andrzej Smolinski – самец нырка-сівака

 

 

На гэтую тэму:

Балтыйскія качкі ў глыбокім піке

Качкам Арктыкі кепска ў Заходняй Сібіры

Драматычныя змены ў вадаплаўных птушак Вялікабрытаніі

Кожны 5 від птушак у Еўропе рэдкі або пад пагрозай знікнення: сярод іх нырок-сівак і нават лыска!