Вынішчэнне мышэй дапаможа выратаваць альбатросаў на трапічным востраве

На мінулым тыдні нарэшце было абвешчана рашэнне прыродаахоўных прадстаўнікоў Паўднёваафрыканскай рэспублікі (ПАР) пра планы раскідаць на адным з астравоў, які з’яўляецца важным месцам гнездавання вандроўных альбатросаў (Diomedea exulans), сотні тон спецыяльнай прынады каб вынішчыць там грызуноў.

Акрамя таго, што мышы з’ядаюць яйкі розных відаў птушак на востраве Marion (што знаходзіцца прыкладна ў 2 тысячах км на паўднёвы ўсход ад Кейптауна), гэтыя грызуны-інтрадуцэнты пачалі есці і жывых птушак. Як ні дзіўна, гэтага не змаглі пазбегнуць і вялікія памерамі віды як вандроўны альбатрос, прыкладна чвэрць сусветнай папуляцыі якіх гняздуе на гэтым востраве ў Індыйскім акіяне.

"Упершыню мы адзначылі як мышы жыўцом ядуць дарослых альбатросаў некалькі гадоў таму” - сказаў Mark Anderson, дырэктар BirdLife South Africa на сустрэчы, якую арганізавала гэтае таварыства. Сцверджанні былі пацверджаны жудаснымі здымкамі акрываўленых птушак. З 29 відаў марскіх птушак, якія гняздуюць на востраве памерам 25 на 17 км, 19-ці пагражае тут знікненне.

Драпежніцтва мышэй на жывых птушках значна павялічылася ў апошнія гады, але птушкі не ведаюць як рэагаваць на гэта таму, што яны раней гнездавалі ў месцах без наземных драпежнікаў.

"Мышы ўзбіраюцца на птушак (пад час інкубацыі яек апошнімі) і паволі ядуць, не сустракаючы ніякага супраціву” - сказаў Mark Anderson. Праз некалькі дзён такая птушка памірае. “Мы страцілі сотні тысяч марскіх птушак з-за гэтага”.

Мышы трапілі на Marion з дапамогай чалавека ў пачатку 1800-х. Праз амаль 150 гадоў, у 1948-м, на востраў былі прывезены 5 катоў, каб яны кантралявалі колькасць грызуноў. Аднак каты не толькі павялічылі сваю колькасць да 2 тысяч за наступныя дзесяцігоддзі, але і масава забівалі на востраве дзікіх птушак, нават 450 тысяч штогод. Таму апошняга ката прыбралі з Marion’а ў 1991 годзе.

Як адзін з самых важных прыродаахоўных праектаў, Mouse-Free Marion Project змог сабраць чвэрць ад неабходных увогуле $29 мільёнаў. Калі ўся сума будзе атрымана, на востраў паляціць эскадрылья верталётаў, якія раскідаюць на яго паверхні 600 тон прынады з радэнтацыдам (атрутай для грызуноў). Папярэдне гэта запланавана на зіму 2027 году, калі мышы найбольш галодныя, а гняздуючыя на востраве птушкі адсутнічаюць.

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з https://www.flickr.com/photos/mosesharold 

 

На гэтую тэму:

Птушкі і іншая эндэмічная фауна паспяхова аднаўляюцца на Галапагосах пасля дэратызацыі

Маштабнае даследаванне нагадвае: трымайце коцікаў у хаце калі любіце дзікіх птушак

Еўракамісія нарэшце прыняла Спіс найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў

Аўстралійцы нарэшце ачысцяць краіну ад інтрадукаваных звяроў?

Самая старая ў Свеце дзікая птушка ізноў прыляцела размнажацца, ёй не менш 73 гадоў

Доля ‘разводаў’ у альбатросаў павялічваецца пры пацяпленні паверхні акіянаў