Дзякуючы выкарыстанню самага маленькага спадарожнікавага перадатчыка, які існуе, атрымалася адкрыць невядомае дагэтуль месца гнездавання адной з самых рэдкіх птушак у Свеце - куліка-лапатня (Eurynorhynchus pygmeus). Ён мае статус віда, якому крытычна пагражае знікненне (Critically Endangered).
Сёлета ўся папуляцыя куліка-лапатня ацэньвалася прыкладна ў 500 дарослых птушак. Від знікае з-за знішчэння месцаў адпачынку на міграцыі і месцаў зімоўкі, а таксама з-за нелегальнага палявання. Дзякуючы інтэнсіўным мерам па ратаванню віду ў апошнія дзесяцігоддзі, такім як развядзенне кулічкоў у няволі і выпуск іх у прыроду, а таксама адсочванне паслягнездавых перамяшчэнняў з дапамогай перадатчыкаў, тэмпы знікнення атрымалася прыпыніць.
Вясной гэтага году пад час зімоўкі ў Таіландзе адна з птушак была адлоўлена і атрымала самы маленькі на сённяшні дзень спадарожнікавы перадатчык амерыканскай кампаніі Microwave Telemetry, які важыць 1,2 г і каштуе амаль $5000. Ён дастаткова лёгкі каб не перашкаджаць птушцы ў палёце, выкарыстоўваецца без шлейкі і адпадзе разам з пер’ем пад час лінькі. Дзякуючы сігналам з перадатчыка, пасля заканчэння пералёту кулічка з Таіланда на Чукотку (Расія), дзе ён спыніўся ў засушлівай даліне, атрымалася выявіць новае месца гнездавання віду.
Пачынаючы з 2016 году, навукоўцы прымацавалі з тузін перадатчыкаў на кулічкоў, якія зімуюць ў Паўднёва-Усходняй і Паўднёвай Азіі. Гэта дазволіла даведацца пра новыя, раней невядомыя месцы адпачынку птушак пад час міграцыі і новыя месцы гнездавання віду. Апошнія застаюцца мала вывучанымі з-за іх знаходжання здалёк ад людзкіх паселішчаў і маладаступнасці тэрыторыі.
Кулічок, які атрымаў мянушку 'K9', 4 красавіка адляцеў з месца зімоўкі ў Таіландзе і на працягу наступных 4 суток праляцеў 1600 км на поўнач, пасля чаго прыпыніўся ў кітайскай правінцыі Guangdong. Пасля яшчэ раз пераляцеў у тым самым кірунку каля 500 км і прыпыніўся ў правінцыі Fujian (таксама Кітай). Абодва гэтыя месцы раней былі невядомыя як месцы адпачынку кулікоў-лапатнёў. Птушка працягвала ляцець на поўнач і да 25 сакавіка пераадолела адлегласць у 3100 км, даляцеўшы на паўднёвае ўзбярэжжа Жоўтага мора. Потым быў 800 км пералёт у Паўночную Карэю, больш, чым 2000 км на востраў Сахалін (Расія) і яшчэ амаль такі ж працяглы ‘апошні рывок’ на мяжу Камчаткі і Чукоткі.
У выніку, пасля пераадолення амаль 8000 км, K9 трапіў у нечаканае месца: бясплодную рачную даліну, якая і стала новым, невядомым раней, месцам гнездавання. Каб захаваць гэтае месца ад калекцыянераў яек, яно трымаецца ў тайне. Абранае кулічком месца здзівіла даледчыкаў, бо гэта не прыбярэжная пясчаная або галечная тэрыторыя з нізкай тундравай расліннасцю, якую звычайна выбіраюць для гнездавання кулікі-лапатні.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.shanghaibirding.com
На гэтую тэму:
Новыя тэхналогіі дапамагаюць атрымаць важныя дадзеныя для аховы птушак
Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ