Самая старая дзікая птушка змяніла партнёра і адклала яшчэ адно яйка

Самка лайсанскага альбатроса (Phoebastria immutabilis) па мянушцы Wisdom (Мудрасць), якой не менш 74 гадоў, напрыканцы лістапада не толькі зноў вярнулася ў ціхаакіянскі Midway Atoll National Wildlife Refuge, які знаходзіцца на паўночны захад ад Гавайскага архіпелага, але і знайшла там сабе новага самца.

Як і іншыя лайсанскія альбатросы, або па-гавайску mōlī, Wisdom штогод вяртаецца на атол у тое самае месца, каб тут зноў сустрэцца са сваім старым партнёрам, і калі атрымаецца, адкласці і пачаць інкубаваць яйка. Мінулай зімой яйка так і не было адкладзена, хаця самка назіралася ў сваім пастаянным месцы гнездавання. Шмат гадоў яна размнажалася з тым самым партнёрам па мянушцы Akeakamai, аднак яго тут не бачылі ў апошнія гады і сёлета Wisdom ізноў пачала шлюбныя танцы з іншымі самцамі.

Jonathan Plissner, cтарэйшы навуковы супрацоўнік у Midway Atoll National Wildlife Refuge, назваў першае яйка Wisdom за апошнія 4 гады ‘неверагоднай радасцю’ і сказаў, што актыўнасць самкі, якую яны назіраюць у апошні час, паказвае, што яна мае дастаткова энергіі і праяўляе неабходныя інстынкты, каб выгадаваць яшчэ адно птушанё.

Мы аптымістычна глядзім у будучыню і верым, што з яйка вылупіцца малы альбатрос” - сказаў Plissner, дадаткова адзначыўшы, што новы партнёр Wisdom ужо заняты інкубацыяй яйка пад час сваёй працяглай смены на гняздзе.  

Паводле ацэнак навукоўцаў, на працягу свайго жыцця Wisdom адклала ўсяго ад 50 да 60 яек, з якіх вылупіліся каля 30 птушанят. Справа ў тым, што адзінае яйка наседжваецца абодвума бацькамі 65 дзён і пасля вылуплення птушаня яго кормяць наступныя 7-8 месяцаў. Таму, у выпадку паспяховага гнездавання, альбатросы і размнажаюцца звычайна раз у два гады.

Упершыню Wisdom была акальцаваная на атоле яшчэ ў 1956 годзе пасля адкладкі яйка. З-за таго, што невядомыя выпадкі, калі б лайсанскія альбатросы гнездавалі раней за 6-ы год жыцця, цяпер яе ўзрост павінен быць не менш 74 гадоў і гэта самая старая дзікая птушка, якая нам вядомая.

Яе новы партнёр таксама быў акальцаваны для таго, каб у будучыні яго было лягчэй ідэнтыфікаваць сярод сотняў тысяч лайсанскіх альбатросаў, якія гняздуюць на атоле.  

Паводле USFWS Columbia Pacific Northwest (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

У самай старай дзікай птушкі ізноў вылупілася птушаня!

Старасць – зусім не перашкода ў поспеху гнездавання

Самая старая дзікая птушка ізноў прыляцела размнажацца!

Самая старая брытанская палярная крычка была знойдзена мёртвай у Шатландыі

Неверагодны рэкорд доўгажыхарства ад куліка-крыўка

Самы стары еўрапейскі арол-маркут дагэтуль жыве ў Фінляндыі

Птушкі б’юць рэкорды доўгажыхарства