Прыродаахоўная арганізацыя Natural England абвесціла пра пачатак новага праекту па вывучэнні шляхоў міграцыі і месцаў гнездавання стучкоў (Limnocryptes minimus), якія зімуюць у Вялікабрытаніі. Для гэтага ўпершыню выкарыстоўваюць мініятурныя GPS логеры і ўжо атрыманы першыя цікавыя вынікі.
У пачатку мінулага году 10 кулічкоў былі адлоўлены і атрымалі логеры на поўдні графства Staffordshire, а на прыканцы снежня атрымалася ізноў адлавіць адну з гэтых птушак і спампаваць запісаныя логерам дадзеныя з дакладнасцю да 10 метраў для кожнага месцазнаходжання стучка. Восеньская міграцыя гэтай птушкі прайшла праз тэрыторыю Германіі, Польшчы і Латвіі, а потым кулічок вярнуўся на зімоўку ў Staffordshire.
Праект па адсочванню перамяшчэнняў стучкоў ставіць мэтай лепш зразумець шляхі міграцыі віда, гнездавыя тэрыторыі, паводзіны пад час зімоўкі і асабліва пад час адпачынку ў светлую частку сутак. Гэта павялічыць магчымасці аховы адпаведных біятопаў з карысцю і для іншых відаў.
Kevin Clements, супрацоўнік Natural England які ўдзельнічае ў праекце, сказаў: "Мы вельмі шчаслівыя, што атрымалася адлавіць аднаго з 10 пазначаных логерамі кулічкоў. І наколькі я ведаю, гэта першая траса міграцыі віда як для Вялікабрытаніі, так і ўвогуле, пра якую атрымалася даведацца.
Ацэнка зімовай папуляцыі стучкоў для каралеўства - каля 110 тысяч асобін, аднак з-за вельмі скрытных паводзін віда цяжка падлічыць больш дакладна. Мы спадзяемся, што гэты праект дасць нам дадзеныя пра стабільнасць папуляцыі ўзімку і яе агульныя памеры.”
Стучок прылятае на Брытанскія астравы толькі на зімоўку, і птушкі знаходзяцца там галоўным чынам з верасня да красавіка, а гняздуе на поўначы Еўразіі. Адзначаны ў забалочаных мясцінах, на вільготных лугах і заіленых ускрайках трысняговых зарасляў. Часам кулічкі харчуюцца ўначы на палетках з кароткай расліннасцю насякомымі, дажджавымі чарвякамі і малюскамі.
Закупку логераў фундавала Natural England, а праект рэалізоўваецца ў партнёрстве з British Trust for Ornithology, Belvide Ringing Group, Game and Wildlife Conservation Trust і University Centre Sparsholt.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Андрэя Несцерава
На гэтую тэму:
Адкрыта рэкордная міграцыя бакаса працягласцю ў 6 тысяч кіламетраў
Малы грыцук паставіў чарговы рэкорд безпасадачнага пералёту!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ