
У птушак з птушанятамі гнездавога тыпу іх вылет з гнязда з’яўляецца крытычным момантам, калі моладзь пазбаўляецца бяспечнага асяроддзя ў гняздзе і непасрэднай аховы бацькоў, якая, між іншага, уключае рэгулярнае забеспячэнне ежай і абарону ад драпежнікаў. З іншага боку, працяглы дагляд бацькоў энергетычна каштоўны і можа прыводзіць да канфліктаў паміж бацькамі і патомствам.
Больш за тое, пад час знаходжання птушанятаў у гняздзе ў ім могуць размнажацца розныя гнездавыя паразіты, якія негатыўна ўздзейнічаюць на фізічны стан птушанят. У дадатак недахоп ежы, падвышаны ўзровень кортыкастэрону і канфлікты з сіблінгамі могуць стымуляваць вылет з гнязда. Аднак рашэнне ‘выляцець’ павінна прымацца ў адпаведны час: птушаняты павінны быць фізічна дастаткова развітымі і ў добрым фізіялагічным стане. Акрамя гэтага, час сутак, у які адбываецца вылет, можа быць важным для іх наступнага лёсу, таму што можа ‘прапанаваць’ маладым птушкам розныя выпрабаванні ўвечары ці ўначы і зранку або ўдзень.
Каманда польскіх навукоўцаў з дапамогай інфармацыі са спадарожнікавых перадатчыкаў правярала як і ці ўздзейнічаюць розныя фактары (канкрэтны дзень, памер вывадку, узрост птушанят, месца пражывання, тэмпература паветра) на вылет птушанят белага бусла (Ciconia ciconia). Для гэтага ў 2012-23 гг. на 121 маладой птушцы ў Паўднёвай Польшчы размясцілі адпаведныя GPS–GSM прылады.
Аказалася, што ў сярэднім птушаняты вылятаюць з гнязда ва ўзросце 67 дзён, сярэдняя дата вылету - 28 ліпеня. Бусляняты робяць гэта звычайна ў 6-7 гадзін пасля ўзыходу сонца, то бок каля 11 гадзін мясцовага часу. Тым не менш, канкрэтны час вылету можа значна адрознівацца для розных асобін - ад узыходу да 23 гадзін. Памер вывадка мае значэнне і старэйшыя птушаняты ў вялікіх вывадках вылятаюць хутчэй на прыканцы дня, а вось у маленькіх вывадках падобнае не адзначалася. Фактары навакольнага асяроддзя не мелі значнага ўздзеяння на час вылету буслоў - ні тып асяроддзя, дзе размяшчалася гняздо, ні тэмпература паветра.
Была адзначана нелінейная залежнасць у тым, што ў сярэдзіне ліпеня бусляняты часцей выляталі раніцай, а ў пачатку жніўня рабілі гэта днём. Хутчэй за ўсё гэта звязана са зменай працягласці светлай часткі сутак.
Крыніца: Jankowiak Ł. et al. To stay or to go: an analysis of fledging timing in White Stork Ciconia ciconia fledglings. J Ornithol (2025) https://doi.org/10.1007/s10336-025-02309-w
Паводле https://link.springer.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Калі птушанятам лепш вылятаць з гнязда?
Плюсы і мінусы больш позняга вылету з гнязда
Распаўсюджанне белага бусла ў Еўропе звязана са знішчэннем лясоў нашымі продкамі
Белыя буслы з Германіі і Аўстрыі: у першы год жыцця загінулі 9 з 10
Чаму белыя буслы больш не хочуць ляцець у Афрыку?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ