
Даследаванне выявіла, што некаторыя вадаплаўныя птушкі, якія гняздуюцца ў Арктыцы, выкарыстоўваюць здольнасць паскараць вясновую міграцыю ў адказ на больш ранняе раставанне снегу і пацяпленне ў Арктыцы.
Даследнікі з University of Amsterdam і Netherlands Institute of Ecology прааналізавалі больш за 500 веснавых міграцый пяці відаў буйных вадаплаўных птушак: чорнай (Branta bernicla) і белашчокай казаркі (B. leucopsis), белалобай гусі (Anser albifrons), караткадзюбай гуменніцы (A. brachyrhynchus) і малага лебедзя (Cygnus columbianus).
Пасля спалучэння звестак адсочвання пералётаў птушак з дапамогай спадарожнікавых перадатчыкаў з назапашанай за працяглы час інфармацыяй пра вагу цела птушак на зімоўках, навукоўцы выявілі, што гэтыя віды скарачаюць перыяд харчавання перад міграцыяй, а таксама працягласць перапынкаў падчас міграцыйнага пералёту.
Дзякуючы такой стратэгіі, птушкі паспяваюць прыляцець у Арктыку на гнездаванне раней каб паспець на ранейшую вясну. Напрыклад, некаторыя асобіны паменшылі агульны час, які трацяць на харчаванне, на 30% і такім чынам скарацілі час міграцыі на дзясяткi дзён.
Аднак не ўсе птушкі могуць праяўляць такія гнуткія паводзіны: у відаў, якія маюць больш магчымасцяў спыніцца на сваім шляху, атрымліваецца адаптавацца лепей, а тыя, хто пралятае большыя адлегласці запар ці ляцяць праз моры і маюць менш месцаў для прыпынку, дэманструюць меншую здольнасць адаптавацца да зменаў клімату.
Hans Linssen, адзін з аўтараў артыкулу па выніках даследавання сказаў, што здольнасці птушак адаптавацца выглядаюць натхняльна, аптымістычна, але цяперашняя хуткасць пацяплення ў Арктыцы сведчыць, што такой гнуткасці птушкам можа хапіць толькі на бліжэйшыя 18-28 гадоў. Далей карэкціроўкі працягласці міграцыі будуць ужо недастатковымі.
Даследаванне прыводзіць і абмежавальныя фактары: важна наяўнасць харчавання добрай, высокай якасці, а таксама прыдатныя месцы для адпачынку птушак. Занадта ранні прылёт ці прылёт у фізічна горшым стане можа негатыўна паўплываць на поспех размнажэння.
Вынікі даследавання азначаюць, што пры планаванні захавання відаў, якія гняздзяцца ў Арктыцы, трэба ўлічваць не толькі захаванне месцаў перапынку ды харчаванне, а таксама і змены ў міграцыйных паводзінах. Паколькі пацяпленне клімату працягваецца, магчыма, відам давядзецца выкарыстоўвываць іншыя стратэгіі, каб заставацца сінхранізаванымі з арктычнай вясной — напрыклад, знаходзіць больш блізкае месца зімоўкі ці змяняць шляхі міграцыі.
Крыніца: Linssen H. et al. 2025. Scope for waterfowl to speed up migration to a warming Arctic. Nature Climate Change. DOI: 10.1038/s41558-025-02419-6
Паводле www.birdguides.com падрыхтавала Марыя Кліменцьева
Здымак белашчокай казаркі, белалобай гусі і гусі-гуменніцы Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Дзе канкрэтна ім зімаваць малыя лебедзі выбіраюць на аснове надвор’я пад час міграцыі
Больш частыя сустрэчы малых лебедзей у Беларусі – вынік утварэння новых месцаў зімоўкі?
Усё менш малых лебедзяў зімуюць у Вялікабрытаніі і Ірландыі
Усё менш малых лебедзяў зімуе ў Брытаніі, усё больш - у Заходняй Еўропе
Германія – новае важнае месца зімоўкі малых лебедзяў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ