
Інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі значна змяніла адкрытыя ландшафты Еўропы і, між іншага, стала адной з асноўных прычын негатыўных зменаў у папуляцыях птушак лугоў і палеткаў. Aдной з асноўных пагроз біяразнастайнасці застаецца пераўтварэнне лугоў у ворныя землі і пашы, на якіх праводзяць выкарчоўку хмызняку.
І хаця птушкі адкрытых ландшафтаў традыцыйна пачуваюцца лепш у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы - змяншаюць сваю колькасць больш павольна ў параўнанні з краінамі заходняй часткі кантыненту, аднак некаторыя, раней звычайныя віды, пачалі хутка знікаць і там.
Славенскім арнітолагам атрымалася прасачыць выбар біятопаў і фактары, з-за якіх адбылося значнае змяншэнне колькасці малога грычуна (Lanius collurio) за больш, чым 30 апошніх гадоў. Від можа лічыцца выдатным біяіндыкатарам стану біяразнастайнасці лугоў. Даследаванні праводзілі ў пойме Дунаю на плошчы 440 га - месцы, якое лічылася найбольш шчыльна заселеным малым грычуном у Славеніі. Тут перыядычна праводзілі ўлікі віда ў 1992-2025 гг, дэтальнае ж апісанне біятопаў рабілі ў 2002-24 гг..
Згодна з папярэднімі публікацыямі, атрыманыя вынікі сведчылі пра тое, што малыя грычуны пераважна займаюць тэрыторыі з высокай гетэрагеннасцю паверхні, дзе выбіраюць экатоны паміж адкрытымі лугамі і сярэдняй гушчынёй хмызняком. Паміж 1992 і 2025 гг. папуляцыя віду зменшылася на 92,44%, са 172 гнездавых тэрыторый да толькі 13. Рэзкае знікненне віду адбывалася пасля інтэнсіфікацыі вядзення сельскай гаспадаркі, калі лугі пачалі ператвараць у ворную зямлю, а традыцыйная культура вядзення справаў была страчана на карысць выкарчоўвання хмызняку. Гэтае апошняе лічыцца даследчыкамі найбольш моцным негатыўным фактарам, адзначаным у самыя апошнія гады і адказным за знікненне віду ў краіне.
Крыніца: Lobnik R, Scridel D, Denac D. 2025 Over 30 years decline of an iconic farmland bird, Red-backed Shrike Lanius collurio, in a Central European stronghold: meadow loss and shrub succession drive near-local extinction. Bird Conservation International 35:e32. doi:10.1017/S0959270925100191
Паводле www.cambridge.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак самкі малога грычуна яго ж
На гэтую тэму:
Малы грычун знікне ў Краіне Баскаў ужо ў бліжэйшыя гады?
Чарналобы грычун у Францыі: кроніка знікнення
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ