Вароны могуць навучыцца выкарыстоўвываць прылады для пошуку ежы

чорная варона

Як аказалася, можна навучыць чорных варон (Corvus corone corone) карыстацца інструментам-дубчыкам, каб даставаць з яго дапамогай ежу. З цягам часу, дзякуючы практыкаванням, яны не толькі дэманструюць выдатныя навыкі ды дасягаюць сваёй мэты за некалькі крокаў, але таксама гібка рэагуюць на змену ўмоваў эксперыменту.

Такія вынікі далі доследы над прыручанымі птушкамі, якія праводзілі спецыялісты з the Institute for Neurobiology at the University of Tübingen (Германія): Felix Moll, Julius Würzler і праф. Andreas Nieder.

Чорныя вароны ў прыродзе звычайна не выкарыстоўваюць інструменты - прынамсі пра гэта дагэтуль не было вядома. Аднак даследнікі мяркуюць, што невялікіх эвалюцыйных зменаў будзе дастаткова, каб гэтыя птушкі сталі стала карыстацца прыладамі, прычым без адмысловых трэніровак. “Выкарыстоўванне інструментаў у царстве жывёлаў - вельмі рэдкі выпадакдаволі абмежаванае прадстаўнікамі трох груп: прыматаў, папугаяў ды крумкачовых”, — сказаў Moll. Толькі 2 з прыкладна 40 відаў сямейства крумкачовых рэгулярна выкарыстоўваюць нейкія інструменты: гэта новакаледонскі крумкач (або варона) і гавайская варона.

Маторна-кагнітыўныя навыкі, што ляжаць у аснове такіх паводзінаў, як, напрыклад, разуменне сувязі прычыны і наступстваў, а таксама дакладная і ў той жа час гібкая маторыка, яшчэ не былі глыбока даследаваныя. Навукоўцы хацелі даведацца, ці могуць іншыя віды варонаў у прынцыпе гэтак жа добра засвоіць навык валодання прапанаванай ім прыладай і як такія навыкі фармуюцца праз навучанне.

Спачатку даследнікі навучылі трох чорных варон браць дубчык у дзюбу. Пасля гэтага птушкі з яго дапамогай навучыліся праз спробы і памылкі даставаць кавалкі ежы з празрыстай скрыні з плексігласу, з якой дастаць ежу толькі дзюбай было немагчыма. Да таго ж, калі ежу рухалі занадта хутка, яна магла ўпасці са століка і станавілася недаступнай для варон.

“Спярша вароны бралі дубчык і прыстасоўвалі яго так, каб добра трымаць дзюбай. Затым яны выкарыстоўвалі прыладу, каб накіроўваць кавалкі ежы ў патрэбным ім накірунку. Падчас маніпуляцый з інструментам, яны ўважліва назіралі як канец дубчыка “узаемадзейнічае” з кавалкам, каб тут жа выпраўляць любыя памылкі” — адзначыў Moll. Птушкі з’ядалі ежу толькі пасля таго, як вярталі дубчык на месца.

Запісы першых трэніровачных сэсій паказваюць, як птушкі пачыналі з размашыстых, рэзкіх рухаў дубчыкам, якімі толькі штурхалі кавалак ежы туды-сюды і патрабавалася шмат спробаў, каб дастаць гэты кавалак. “Для параўнання, запісы пазнейшых трэніровак паказваюць надзвычай дакладны характар рухаў. Вароны ўпэўнена накіроўваюць кавалак ежы ў патрэбны бок скрыні і дастаюць яго” — расказаў Würzler.

“Шэраг фактараў спрыяе таму, каб жывёлы выкарыстоўвалі інструменты: гэта матывацыя, канцэптуальныя веды і развітыя кагнітыўныя навыкі, а таксама дробная маторыка” — адзначае Nieder. У чорных варон ужо ёсць многае з пералічанага. І ў эксперыменце яны змаглі прыстасаваць інструмент так, каб ён стаў працягам іх дзюбы.  

Крыніца: Felix W. Moll et al. 2025 Learned Precision Tool Use in Carrion Crows, Current Biology. DOI: 10.1016/j.cub.2025.08.033

Паводле www.cell.com падрыхтавала Марыя Кліменцьева

Здымак з www.rspb.org.uk 

 

На гэтую тэму:

Новакаледонскія крумкачы добра разумеюць каштоўнасць розных прыладаў

Прысутнасць патэнцыйнага канкурэнта мяняе адносіны да ежы ў соек, але не ў новакаледонскіх крумкачоў

Ці лёгка падмануць новакаледонскіх крумкачоў?

Самыя разумныя птушкі яшчэ раз пацвердзілі сваю рэпутацыю

Новакаледонскія крумкачы могуць выкарыстоўваць тры прылады за адзін раз!

Упершыню сабраныя доказы пра выкарыстанне прыладаў марскімі птушкамі

Працяглае дзяцінства крумкачовых птушак – неабходная ўмова іх будучых поспехаў?

Нейроны птушак выкарыстоўваюць у тры разы менш энергіі, чым нейроны звяроў