Упершыню за амаль 100 гадоў сфатаграфаваны загадкавы жаўрук з Афрыкі

руды хмызняковы жаўрук

У самым пачатку лютага адбылося першае назіранне рудога хмызняковага жаўрука (Calendulauda rufa) з 1931 г. амаль невядомага віду з рэгіёну Сахель у Афрыцы. Пад час гэтага былі зроблены і першыя здымкі птушкі.

Лічыцца, што гэты жаўрук можа быць шырока распаўсюджаны ў сухіх саваннах Нігеру, Чада і Судану, адкуль ён быў апісаны ў 1920 г.. Аднак у апошні раз від бачыў і здабыў для калекцыі George Latimer Bates у Нігеры ў траўні 1931 г.. На этыкетцы як месца збору пазначана 'Tawa, на поўнач ад Sokoto', што ў наш час адпавядае рэгіёну Tahoua на захадзе краіны.

Руды хмызняковы жаўрук уключаны ў праект “Пошук зніклых відаў птушак” (Search for Lost Birds), аднак не ў самую першую версію спісу відаў. У гэтым перашкодзіў нібыта здымак віда, зроблены ў 2017 г. і які потым быў перавызначаны і не пацвердзіў яго існаванне.

І вось 2 лютага 2026 г. невялікая каманда з двух французскіх бёрдэраў: Pierre Defos du Rau (Office Français de la Biodiversité), Julien’а Birard’а (Tour du Valat) і прадстаўніка Чада – Idriss’а Dapsia (Direction de la Faune et des Aires Protégées du Tchad) зрабіла гістарычнае назіранне і сфатаграфавала жаўрука ў мясцовасці Guéra, на поўдні цэнтральнага Чада.

У сваім чэк-лісце ў базе eBird, яны падрабязна апісалі дэталі апярэння птушкі, вызначэнне якой пацвердзіў Dr Paul Donald, навуковы глабальны каардынатар асацыяцыі BirdLife International.

Дзіўна, што дагэтуль руды хмызняковы жаўрук лічыўся відам, які выклікае найменшую заклапочанасць (Least Concern) паводле класіфікацыі ахоўных статусаў IUCN, хаця яго былыя і сучасныя колькасць і распаўсюджанне наўрацці маглі быць адэкватна ацэненыя.

Паводле www.birdguides.com (тэкст і скрыншот) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Чарнагаловы бажанавы голуб ‘пераадкрыты’ праз 140 гадоў пасля апісання

Разгаданы сакрэты ‘сакрэтнай’ туркаўкі?

Зроблены першыя здымкі віда, які лічыўся ‘магчыма зніклым’

Птушка, якую не бачылі пасля яе апісання больш 170 гадоў, аднойдзена ў Інданезіі!

Топ-10 самых рэдкіх вераб’іных птушак Свету

Тыбецкі горны ўюрок зноў адзначаны праз 80 год небыцця

Новая надзея на існаванне новазеландзкага шпака, які ‘афіцыйна’ знік у 2007 годзе