Птушка, якую не бачылі пасля яе апісання больш 170 гадоў, аднойдзена ў Інданезіі!

Дзякуючы шчасліваму выпадку, на востраве Барнеа (Інданезія) атрымалася знайсці, і фактычна пераадкрыць наноў, чорнабровую цімелію (Malacocincla perspicillata). Ніводзін з азіяцкіх відаў птушак яшчэ не быў пераадкрыты праз так доўгі час.

Хаця від афіцыйна не лічыўся Міжнародным звязам аховы прыроды IUCN зніклым, а толькі Data Deficient (недахоп дадзеных для ацэнкі становішча віда), насамрэч дакладна невядомы нават год, калі адзіны вядомы асобнік чорнабровай цімеліі быў здабыты. Лічыцца, што адбылося гэта паміж 1843 і 1848 гг. Пасля гэтага не было зроблена ніводнага вядомага нам назірання віду, нават месца здабычы заставалася тайнай, хаця паводле ўскосных дадзеных ім лічыўся востраў Барнеа.

Сенсацыйнае пераадкрыццё адбылося ў кастрычніку 2020 году. Двое мясцовых жыхароў, Muhammad Suranto і Muhammad Rizky Fauzan, збіраючы нешта ў лесе недалёка ад месца, дзе яны жывуць, былі здзіўлены назіранем невядомай ім птушкі, злавілі яе і зрабілі некалькі здымкаў, пасля чаго адпусцілі назад у прыроду.

Пасля звароту для вызначэння птушкі ў две рэгіянальных бёрдуотчарскіх групы, BW Galeatus і Birdpacker, узніклі сур’ёзныя аснаванні лічыць гэтае назіранне пераадкрыццём чорнабровай цімеліі. Інданезійскія арнітолагі пасля кансультацый з іншымі спецыялістамі з рэгіёну пацвердзілі сенсацыйнасць назірання.

"Я адчуваю сябе нерэальна, ведаючы, што мы знайшлі птушку, якая экспертамі лічылася даўно зніклай. Калі мы злавілі яе, мы не думалі, што яна можа быць настолькі “спецыяльнай” – лічылі, што гэта толькі адна з тых, каго мы тут раней ніколі раней не бачылі” – сказаў Rizky Fauzan, адзін з пераадкрыўцаў.

"Гэтае сенсацыйнае пераадкрыццё віда пацверджвае, што птушка, па якой зроблена апісанне, была здабыта на паўднёвым усходзе Барнеа – такім чынам спрэчкі на гэты конт, якія працягваліся больш за стагоддзе, можна скончыць” – сказаў Panji Gusti Akbar з групы Birdpacker, галоўны аўтар публікацыі пра знаходку ў часопісе BirdingASIA.

"Цяпер мы ведаем, як сапраўды выглядае чорнабровая цімелія. Справа ў тым, што ў захаванай пасля апісання скурцы змяніліся колер ног і дзюбы пасля апрацоўкі таксідэрмічнымі сродкамі для яе надзейнага захавання. "

Адкрыццё дазваляе лічыць, што від захаваўся, негледзячы на маштабную дэфарэстацыю гэтай часткі Барнэа, аднак каб захаваць від, яе неабходна як мага хутчэй прыпыніць.

Яшчэ адна выснова – знаходка паказвае, як яўна недастаткова даследавана Інданезія нават у адносінах птушак, якіх тут вядома больш за 1700 відаў, асабліва маладаследаваныя некаторыя астравы архіпелага. 

 

Крыніцы: Akbar PG, Yong DL, Fauzan RF, Ferdiansyah D, Nugroho TW, Suranto M & Trisyanto JS. 2020. Missing for 170 years – the rediscovery of Black-browed Babbler Malacocincla perspicillata on Borneo. BirdingASIA 34 (13-14).
Mees GF. 1995. On
Malacocincla vanderbilti de Schauensee & Ripley, and Malacocincla perspicillata (Bonaparte). Proc Kon Ned Akad Wetensch. 98: 63-68.

 

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі (тэкст і здымак)

Чорнабровая цімелія і інданезійская банкнота ў 5 тысяч рупій для параўнання – здымак Muhammad Rizky Fauzan.

 

 

На гэтую тэму:

Апісаны 5 новых відаў і 5 падвідаў птушак з трох астравоў Інданезіі

Два новыя віды птушак апісаны ў Інданезіі

У інданезійскай частцы Новай Гвінеі апісаны новы від райскай птушкі

Новы від соваў з Інданезіi атрымаў афіцыйную назву

Топ-10 самых рэдкіх вераб’іных птушак Свету

Тыбецкі горны ўюрок зноў адзначаны праз 80 год небыцця

Упершыню знойдзена гняздо адной з самых рэдкіх птушак на Зямлі

Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення

Пераадкрыццё хмызняковага цвыркуна