Новы від соваў з Інданезіi атрымаў афіцыйную назву

Незалежна адкрытая амаль адначасова двума даследчыкамі на востраве Ламбок (Lombok), Інданезія, яшчэ ў верасні 2003 г., рынджанская сплюшка Rinjani Scops owl (Otus jolandae) толькі цяпер была фармальна апісаная для навукі.

Сплюшка аказалася звычайным відам птушак на востраве, аднак дагэтуль яна застаецца адзіным вядомым тут эндэмікам.

Нечаканае адкрыццё, паводле аднаго з двух першаадкрывацеляў віда, атрымалася зрабіць амаль выпадкова. Вось што пра яго абставіны распавёў Джордж Сэнгстэр (George Sangster) са Стакгольмскага ўніверсітэту (Швецыя): "Я знайшоў новы від соваў 3 верасня 2003 г., а Бэн Кінг (Ben King) зрабіў гэта незалежна ў іншым месцы 7 верасня. Я рабіў на востраве гуказапісы лакальнага віду ляляка. У першую ж ноч пасля нашага прыбыцця на Ламбок, мы пачулі голас нейкіх соваў, якіх не змаглі вызначыць. “

Цікава, што Бэн Кінг з аддзелу арніталогіі Амерыканскага музею натуральнай гісторыі ў Нью Йорку (ЗША) амаль у той самы час таксама збіраўся вывучаць той самы від ляляка на тым самым востраве: "Мая гісторыя падобная на гісторыю Джорджа. Калі я пачаў запісваць голас ляляка, а пачуў крык савы, які быў непадобны на тыя, што я ўжо чуў раней пад час маіх шматгадовых выправаў у Інданезію.”

Спачатку сп-р Сэнгстэр не быў упэўнены наконт таго, ці гэта не ўжо вядомы від савы з Явы ці Балі, які па нейкіх пычынах заставаўся неадзначаным на Ламбоку. Аднак сумненні хутка развеяліся, калі атрыманы запіс быў праіграны ў палявых умовах. Аказалася, што як раз быў сезон гнездавання соваў і яны падляталі на запіс, каб паглядзець на “канкурэнта”.

Можна было прыгледзецца птушкам з параўнальна блізкай адлегласці, і яны былі падобныя да малуканскіх сплюшак – віда соваў, які быў вядомы на востраве дагэтага. Аднак галасы соваў, што прыляталі на запіс, добра адрозніваліся ад крыкаў малаканскіх сплюшак.

Калі навукоўцы праверылі таксанамічныя спісы соваў для Інданезіі і праслухалі іх галасы, пацвердзілася, што яны чулі і бачылі невядомы да гэтага від.

Наступнымі крокамі былі праверка скурак у музеях, параўнанне афарбоўкі апярэння і прамераў, далейшы аналіз запісаных крыкаў. Апошнім верыфікуючым фактарам стала параўнанне ДНК здабытых на востраве соваў з іншымі блізкімі відамі.

Сп-р Сэнгстэр упэўнены, што на гэтым адкрыццё новых відаў у Інданезіі не скончыцца:

"Некалькі відаў, невядомых для навукі, ўжо анансаваліся ў навуковай літаратуры і чакаюць фармальнага апісання і пацверджання. Лічу, што ў Інданезіі могуць быць яшчэ некалькі “прагледжаных” відаў сплюшак, хаця яны могуць нават ужо і мець нейкія назвы. Да гэтага часу многія віды лічацца падвідамі шырокараспаўсюджаных відаў. Паступова з атрыманнем дадатковай інфармацыі мы бачым, што гэта не зусім карэктна ў некаторых выпадках і часам іх трэба лічыць відамі.”

Найбольш жа здзівіла шведзкага арнітолага тое, як звычайным ёсць новаапісаны від соваў на востраве – яго ўжо адзначылі ў некалькіх месцах і дзе-нідзе з адной кропкі можна пачуць крыкі некалькіх сплюшак.

"У мінулым арнітолагі і бёдуотчары звычайна ігнаравалі востраў Ламбок, таму што ў адрозненне ад Явы, Балі, Флорэса і іншых астравоў рэгіёну лічылася, што тут няма эндэмікаў. Аднак наша работа паказала, што нават пасля 150 гадоў з пачатку вывучэння птушак Інда-Малайскага рэгіёну мы яшчэ не ведаем усіх мясцовых птушак. Фактычна, Інданезія застаецца раем для таксаномаў”.

 

G. Sangster,B. F. King, P. Verbelen, and C. R. Trainor CR. (2013) A New Owl Species of the Genus Otus (Aves: Strigidae) from Lombok, Indonesia.  PLoS ONE 8(2): e53712. doi:10.1371/journal.pone.0053712

 

Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by  

 На гэтую тэму:

Новыя віды соваў адкрытыя на Філіпінах

Вылучаны новы від птушак

 Новы від птушак з Калумбіі – як гэта было

Новы від птушак апісаны ў Перу

 Новы від птушак апісаны ў ... Еўропе!