У інданезійскай частцы Новай Гвінеі апісаны новы від райскай птушкі

Своеасаблівы танец-прадстаўленне самца райскай птушкі, падрабязна апісаны ўпершыню, прымусіў арнітолагаў прыгледзецца да мясцовай папуляцыі птушак больш шчыльна і апісаць новы від, эндэмічны для паўвострава Птушыная галава (Bird's Head Peninsula), які знаходзіцца ў Заходняй Новай Гвінеі (Інданезія).

Супер-райская птушка (Lophornia superba), самец якой выконвае захапляльны і адзін з самых знакамітых танцаў перад самкай сярод усіх прадстаўнікоў свайго сямейства, традыцыйна лічылася адзіным відам, параўнальна шырокараспаўсюджаным па Новай Гвінеі. Аднак апошнія даследаванні кажуць пра тое, што насамрэч тут жывуць тры алапатрычных віды (арэалы якіх не перакрываюцца): L. niedda  на паўвостраве Птушыная галава на захадзе, L. superba ў гарах у цэнтральнай частцы і L. minor на ўсходзе.

З гэтых трох відаў, L. niedda  з’яўляецца найбольш знешне адасобленым і адрозненні ў апярэнні раней “падазраваліся” адказнымі за адрозненні ў танцы самцоў.

Камбінацыя назіранняў у прыродзе і аналізу музейных скурак пацвердзіла, што L. niedda насамрэч ёсць асобным відам, які атрымаў назву супер-райская птушка Фогелькопа (Vogelkop Superb Bird-of-paradise), тады як superba стала называцца Вялікая супер-райская птушка (Greater Superb Bird of Paradise).

Арнітолаг Эдвін Шолес (Edwin Scholes) і фатограф Цім Ламан (Tim Laman) падазравалі пра падобную таксанамічную сытуацыю амаль усё апошняе дзесяцігоддзе, калі ўпершыню адзначылі адрозненні ў вакалізацыі паміж самцамі ў розных месцах Новай Гвінеі ў 2009 годзе. Пасля, у 2016 г., іншая група даследчыкаў знайшла адрозненні ў генетыцы птушак з абодвух папуляцый, пацверджваючы іх адасоблены і відавы статус. Гэтыя звесткі прымусілі Шолеса і Ламана вярнуцца на Новую Гвінею, каб дакладна вывучыць і задакументаваць рытуальныя танцы-прадстаўленні супер-райскай птушкі Фогелькопа ўпершыню.

 

https://youtu.be/XWjx6oSgC4M

 

Атрыманыя імі матэрыялы сведчаць, што рытуальныя танцы самцоў niedda значна адрозніваюцца ад падобных прадстаўленняў superba, прычым 6 галоўных адрозненняў падрабязна апісаны ў навуковай публікацыі, падрыхтаванай па выніках паездкі.

Калі відавы статус супер-райскай птушкі Фогелькопа будзе зацверджаны, яна стане чацьвёртым відам-эндэмікам райскіх птушак у рэгіёне паўвострава Птушыная галава інданезійскай часткі Новай Гвінеі. Гэты рэгіён заслугоўвае большай увагі як цэнтр эндэмізма, і, адпаведна, лепшага вывучэння і аховы.

Крыніца:

Scholes, E, and Laman, T G. 2018. Distinctive courtship phenotype of the Vogelkop Superb Bird-of-Paradise Lophorina niedda Mayr, 1930 confirms new species statusPeerJ 6:e4621 https://doi.org/10.7717/peerj.4621.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На здымках самцы: (А) вялікай супер-райскай птушкі і (В) супер-райскай птушкі Фогелькопа пад час шлюбных танцаў (фоты Edwin Scholes і Tim Laman).

 

 

На гэтую тэму:

Два сталі адным: як дзве лініі крумкачоў некалі аб’ядналіся ў адзін від

Адрозненні ў песнях ізалююць віды

Новы від папугая апісаны ў Мексіцы

Вылучаны новы від крычак

Новаапісаны від птушак – самы рэдкі на Зямлі і захавацца яму дапамаглі снайперы?

Самая рэдкая афрыканская птушка насамрэч … ніколі не існавала?

Спатрэбіўся 21 год, каб канчаткова апісаць новы від птушак

Дзякуючы цікавасці да аднаго рэдкага віду птушак у Перу атрымалася знайсці іншы, новы для навукі