Новаапісаны від птушак – самы рэдкі на Зямлі і захавацца яму дапамаглі снайперы?

Нядаўна навукоўцы апублікавалі вынікі даследавання, згодна з якім быў апісаны новы від фрэгата з Паўднёвай Атлантыкі. Аднак хутчэй за ўсё малы атлантычны фрэгат (Fregata trinitatis) з’яўляецца самай рэдкай марской птушкай, якой пагражае вялікая рызыка знікнення.

Новаапісаны від раней лічыўся адным з падвідаў малога фрэгата (Fregata ariel), які шырока распаўсюджаны ў Індыйскім і Ціхім акіянах. Аснаваннем для падвышэння статусу паслужылі адрозненні ў афарбоўцы і змене апярэння і больш масіўныя косткі крылаў і дзюбы.

Малыя фрэгаты з Атлантыкі ў маладым узросце маюць рыжаватую галаву як і птушкі з Індыйскага і Ціхага акіянаў, але пасля першай лінькі гэты колер у іх знікае, тады як у прадстаўнікоў іншых (пад)відаў рыжае апярэнне застаецца і ў дарослым апярэнні, акрамя самцоў. Таксама ціха- і індаакіянскія малыя фрэгаты маюць яшчэ прамежкавае апярэнне паміж маладым і дарослым – з карычневай галавой і шэрым горлам, тады як атлантычныя фрэгаты адразу пасля першай лінькі выглядаюць як дарослыя птушкі.

Прадстаўнікі новаапісанага віду цяпер вядомыя гнездаваннем толькі з Трынідадскага архіпелагу. Фрэгаты больш не гняздуюць на галоўным востраве – толькі на невялікай выспе-скале на поўдзень ад яго. Уся папуляцыя налічвае каля 20 пар і таму неадкладна была прызнаная крытычна пагражаемым відам (Critically Endangered). Аднак назіранні трох розных арнітолагаў за гэтым востравам у лютым-красавіку 2013 г. далі падставу для больш змрочных ацэнак – яны змаглі адзначыць за два месяцы толькі шэсць розных птушак: дзве пары і двое маладых (Port et al, 2016).

Незайздросны стан малага атлантычнага фрэгата звязваюць з дзейнасцю чалавека і яе наступствамі ў выглядзе інтардукаваных на астравы відаў жывёл. Птушкі былі вымушаныя пакінуць галоўны востраў Трынідад з-за інтрадукаваных чалавекам жывёл: галоўным чынам катоў і козаў, - апошнія знішчалі дрэвы, на якіх птушкі гнездавалі. Паводле знойдзеных палеантолагамі парэштак, від у гістарычны час таксама гнездаваў на востраве Св. Гелены, што на адлегласці больш 1500 марскіх міляў ад Трынідада. Аднак пасля знішчэння лясоў завезенымі туды козамі, від знік адтуль.

Сторрс Олсан (Storrs Olson), аўтар адной з двух нядаўніх публікацый, прысвечаных віду, тлумачыць: "Фрэгаты гнездавалі на востраве Трынідад паводле сведчанняў у 1916 і 1925 гг., аднак зніклі прыкладна ў 1950-я. Пад час маёй першай экспедыцыі сюды ў 1975-76 гг іх дакладна ўжо на галоўным востраве не было. Тады каля 20 пар гнездавалі на зямлі на невялічкім скальным астраўку каля паўднёвага канца галоўнага вострава. Аднак на апошнім птушкі не маглі гнездаваць падобным чынам з-за вялікай колькасці там усеядных крабаў”.

Цікава, што абарыгенным відам жывёл на дапамогу прыйшлі снайперы бразільскай марской пяхоты: да 1994 г. яны застрэлілі на галоўным востраве Трынідад усіх бадзяжных катоў, а да 2005 - здзічэлых козаў. Амаль адразу пасля гэтага на востраве пачала аднаўляцца абарыгенная расліннасць! Наступным крокам, каб вярнуць туды абарыгенныя віды птушак, стане ўсталёўка штучных гнездавых платформаў і прысадаў – арганізацыі па ахове прыроды знаходзяцца ў працэсе атрымання гранта на гэтыя дзеянні.

Крыніца:

Olson, S L. 2017. Species Rank For the Critically Endangered Atlantic Lesser Frigatebird (Fregata trinitatis). The Wilson Journal of Ornithology 129: 661-675.
Port, D, Branco, JO, de Alvarez, CE, and Fisch, F. 2016. Observations on endangered frigatebirds (Fregata ariel trinitatis and F minor nicolli, Suliformes: Fregatidae) at Trindade Island, Brazil. Pan-American Journal of Aquatic Sciences 11: 87-92.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з малым фрэгатам з http://nzbirdsonline.org.nz

 

 

На гэтую тэму:

У БЛІЖЭЙШЫ ЧАС АДЗІН З ЧАТЫРОХ ПАДВІДАЎ САВАННАЙ СТРЫНАТКІ ЗНІКНЕ Ў ДЗІКАЙ ПРЫРОДЗЕ

Лайсанская качка вярнулася амаль з таго свету + VIDEO

У які бок змяняліся птушкі астравоў

Генетыкі адкрылі новы від папугая, які знаходзіцца на мяжы знікнення

Новы від птушак знік, не дачакаўшыся пацверджання відавога статусу

Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.

Топ-10 самых рэдкіх вераб’іных птушак Свету

Бажан Эдвардса вернецца ў прыроду