У бліжэйшы час адзін з чатырох падвідаў саваннай стрынаткі знікне ў дзікай прыродзе

Падвід саваннай стрынаткі з Фларыды (Ammodramus savannarum floridanus) так хутка змяншае сваю колькасць у бок вымірання ў прыродзе, што навукоўцы ўсур’ёз разглядаюць як адзіную магчымасць выратаваць падвід адлавіць усіх пазасталых у прыродзе птушак, у тым ліку каля 20 самак.

Калі так здарыцца, адлоўленыя птушкі трапяць у авіарыі і далучацца да невялікай папуляцыі, якая ўтрымліваецца ў няволі. Аднак існуе рэальная небяспека таго, што ўсе птушкі там могуць захварэць смяротнай хваробай і міні-эпідэмія знішчыць падвід і там.

"Мы цяпер на раздарожжы" – кажа Поль Грэй (Paul Gray), біёлаг з таварыства Audubon.

Федэральныя, штатныя і мясцовыя групы і актывісты некалькі апошніх гадоў змагаліся за тое, каб захаваць птушак у прыродзе. На даследаванні асаблівасцяў біялогіі і экалогіі падвіду, развядзенне ў няволі, аднаўленне месцапражыванняў акрамя часу, было патрачана больш мільёна даляраў. Аднак не толькі не атрымалася зразумець дакладную прычыну рэзкага змяншэння колькасці, але і хаця бы затрымаць яе.

У 2016 навукоўцы налічылі ў прыродзе толькі 74 самца і 40 самак гэтага падвіда, у 2017 жыло ўжо толькі 22 самкі і 53 самцы.

Прадстаўнікі службы U.S. Fish and Wildlife Service афіцыйна заявілі, што на працягу аднаго-двух гадоў падвід знікне ў прыродзе негледзячы на ўсе высілкі па яго выратаванню.

У мінулым годзе былі зробленыя першыя спробы па размнажэнню саванных стрынатак у няволі – гэтым займалася фундацыя Rare Species Conservatory Foundation у Palm Beach. Спачатку працэс размнажэння і ўтрымання стрынатак не выглядаў складаным, аднак пазней сярод птушак стала распаўсюджвацца смяротная хвароба, якая хутчэй за ўсё пераносіцца паразітамі са сляпой кішкі.

Дырэктар фундацыі Поль Рэйлло (Paul Reillo) лічыць, што хаця дакладныя патагены і як з імі змагацца канчаткова не вызначаныя, служба Fish and Wildlife Service мусіць дзейнічаць хутка: “Адзінае выйсце каб пазбегнуць знікнення і мець магчымасць вярнуць птушак у прыроду - гэта змясціць усіх птушак у няволі. Калі іх заставіць у прыродзе, яны знікнуць. Калі ж мы іх страцім, то страцім і генетычную разнастайнасць, якая застаўляе надзею на будучае выжыванне. Канешне, гарантый няма, але гэта адзіная магчымасць выратаваць птушак, якая ў нас засталася”.

Аднак ёсць і біёлагі, якія выступаюць супраць адлову ўсіх птушак з прыроды. Яны кажуць пра тое, што ў выпадку рэінтрадукцыі (выпуска разведзеных у няволі птушак назад у прыроду) ў іх не застанецца прыкладу паводзін і жыцця.

Што адбудзецца з фларыдзкімі саваннымі стрынаткамі будзе вырашана на сустрэчы зацікаўленых бакоў ужо ў студзені.

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.miamidiscounttours.com

 

 

На гэтую тэму:

Крах дартфордзкага падвіду правансальскай лескі?

Яшчэ адзін від птушак знік у дзікай прыродзе?

Гавайскія вароны гатовы вярнуцца ў прыроду

Новы від птушак знік, не дачакаўшыся пацверджання відавога статусу

Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.

Топ-10 самых рэдкіх вераб’іных птушак Свету

Бажан Эдвардса вернецца ў прыроду

САВАННЫЯ СТРЫНАТКІ ШУКАЮЦЬ САБЕ ЛЕПШЫ ЎЧАСТАК НАВАТ У ТОЙ САМЫ СЕЗОН

У заапарку вывялі птушаня віду, цалкам зніклага ў прыродзе

Лайсанская качка вярнулася амаль з таго свету + VIDEO