Новае даследаванне паказала, што як мінімум некаторыя віды не толькі шукаюць новыя тэрыторыі для гнездавання ў розныя гнездавыя сезоны, аднак могуць рабіць гэта нават на працягу аднаго і таго ж сезону! Звычайна такія паводзіны характэрныя для птушак, якія выкарыстоўваюць у якасці шлюбнай стратэгіі праміскуітэт.
Хутчэй за ўсё гэта дапамагае птушкам размнажацца ў цяжка прадказуемых умовах асяроддзя. Аднак такую змену тэрыторыі вельмі цяжка выявіць арнітолагам, бо добрая тэрыторыя можа пазней незаўважна займацца іншымі прадстаўнікамі таго ж віду - калі птушкі ніяк не пазначаныя індывідуальна.
Многія віды птушак вядомыя тым, што змяняюць месца гнездавання пасля няўдалага сезону, з-за малай даступнасці харчавання ці вялікай колькасці драпежнікаў. Аднак звычайна гэтак адбываецца толькі на наступны сезон. Саванны, як і іншыя лугавыя экасістэмы, вельмі дынамічныя, пастаянна змяняюцца з-за пажараў і выпасу. Каманда амерыканскіх даследчыкаў знайшла, што як мінімум прадстаўнікі аднаго віду - цвыркуновай саваннай стрынаткі (Ammodramus savannarum) могуць пастаянна пералятаць на новыя тэрыторыі на працягу аднаго лета.
Эмілі Уільямс (Emily Williams) і Элайс Бойль (Alice Boyle) з універсітэту штату Канзас злавілі 647 самцоў саванных стрынатак на працягу трох сезонаў гнездавання і пазначылі іх індывідуальнымі камбінацыямі каляровых кольцаў. Потым месцы гнездавання кожнага правяраліся штотыдзень, каб убачыць перамяшчэнні птушак калі яны былі. Атрымалася, што 75% самцоў мянялі свае тэрыторыі як мінімум раз за сезон, 33% баранілі свае новыя тэрыторыі як мінімум на адлегласці ў 100м ад старых, першапачатковых. Дадаткова 19 самцоў былі забяспечаныя радыёперадатчыкамі, з іх 9 знайшлі сабе новыя гнездавыя тэрыторыі на адлегласці нават 1200м ад папярэдніх!
“Мы назіралі многа месцаў, дзе шчыльнасць гнездавання заставалася аднолькава высокай на працягу ўсяго сезону і гэта магло б значыць, што тыя самыя птушкі застаюцца на тых самых тэрыторыях. Аднак мы знайшлі, што многія птушкі змянялі свае тэрыторыі і яны мянялі гаспадара” – сказала Уільямс. “Атрымалася, што птушка магла сядзець на той самай курціне травы ўсё лета, але сама птушка магла змяняцца два-тры разы за гэты час”.
Гэта магло б значыць, што хаця першы гаспадар праз нейкі час мог палічыць сваю тэрыторыю больш непрыцягальнай, іншы мог заняць яе з пункту погляду свайго індывідуальнага досведу гнездавання. Высокая мабільнасць можа дапамагаць птушкам саван знаходзіць зручныя для гнездавання ўчасткі там, дзе яны толькі ўтварыліся ці засталіся пасля зменаў у асяроддзі.
Анна Чэлфоўн (Anna Chalfoun) з універсітэту Вайомінга, якая не прымала ўдзел у рабоце, сказала: “Многія эколагі жывёл напэўна адзначалі час ад часу выпадкі змены птушкамі сваіх тэрыторый на працягу таго ж сезону. Аднак гэтае даследаванне ўпершыню паспрабавала колькасна ацаніць гэты фенамен. Для мяне прычыны змены тэрыторый самцамі на параўнальна невялікіх адлегласцях ад старых застаюцца загадкай. Аднак зразумець ці гэта звычайная практыка і для іншых відаў птушак, якую мы проста недаацэньвалі, можа быць метадычна няпроста. Тым не менш атрыманыя вынікі ўжо могуць выкарыстоўвацца ў якасці кіравання гнездавымі біятопамі для птушак.”
Крыніца:
Williams, E J, and Boyle, W A. 2017. Patterns and correlates of within-season breeding dispersal: A common strategy in a declining grassland songbird. The Auk 135: 1-14.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.greglasley.com
На гэтую тэму:
Знойдзена самая сексуальная птушка ў Свеце
Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы
Хто менш спіць, мае больш дзетак
Птушкі паказалі эвалюцыйныя перавагі закаханасці
ДОБРЫЯ СУСЕДЗІ ДАПАМАГАЮЦЬ ПТУШКАМ ЖЫЦЬ ДАЎЖЭЙ
САМЕЦ АРЛАНА-БЕЛАХВОСТА ПАСПЯХОВА ВЫГАДАВАЎ ПТУШАНЯТ АДНАЧАСОВА НА ДВУХ ГНЁЗДАХ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ