Каманда заолагаў з Ірландыі і Інданезіі апісала два новыя для навукі віды вераб’іных птушак, якія жывуць на архіпелагу Сулавесі (Інданезія). Гэта белавочка з Вакатобі Wakatobi white-eye (Zosterops flavissimus) і белавочка з Вангі-вангі Wangi-wangi white-eye. Цікава, што пра сваё адкрыццё яны напісалі ў часопісе Zoological Journal of the Linnean Society – тым самым, у якім Альфрэд Уоллес і Чарльз Дарвін прадстаўлялі свае ідэі пра ўзнікненне відаў яшчэ ў 1858 г.
Група навукоўцаў з Trinity College Dublin (Дублін, Ірландыя) вывучае птушак Сулавесі з 1999 г. Справа ў тым, што гэты архіпелаг вельмі спецыфічны з біягеаграфічнага пункту гледжання - ён знаходзіцца ў цэнтры Інданезіі і праз яго праходзіць падзел паміж азіяцкай і аўстралійскай фаунамі. Вялікая колькасць мясцовых эндэмікаў з’явілася тут з-за таго, што многія астравы архіпелага добра ізаляваныя ад іншых частак сушы глыбокімі пралівамі. Нават пад час апошніх ледавікоў ізаляцыя відаў тут заставалася эфектыўнай, хаця ўзровень вады ў акіянах змяншаўся.
Белавочка з Вакатобі Wakatobi white-eye. Здымак: Seán Kelly
Працуючы разам з прадстаўнікамі Halu Oleo University (UHO) і Operation Wallacea, заолагі з каледжу Трыніці выкарыстоўваюць для апісання мясцовай біяразнастайнасці комплексныя і сучасныя метады. Падобным чынам для апісання новых відаў выкарыстоўваліся не толькі параўнанні генатыпаў (мітахандрыяльная ДНК), але і апісанне марфалагічных асаблівасцяў, і асаблівасці вакалізацыі.
Белавочкі – параўнальна шматлікая група птушак дробных памераў, якая харчуецца разнастайнымі безхрыбетнымі, садавінай і нават нектарам. Яны выдатна каланізуюць як асобныя астравы, так і архіпелагі, таму пасля ізаляцыі ў падобных папуляцый з’яўляецца шанец стаць адасобленымі ад агульнага продка відамі.
Абодва новаапісаныя віды адпавядаюць гэтаму правілу: яны сустракаюцца на астравах Вакатобі недалёка ад узбярэжжа галоўнага вострава архіпелагу Сулавесі і белавочка Вакатобі аддзялілася ад продкавага віду з гэтага вострава каля 800 тысяч гадоў таму. Белавочка з Вангі-вангі аказалася нашмат больш “старым” відам, які распаўсюджаны выключна на невялікім аднайменным востраве і яго бліжэйшыя крэўныя цяпер сустракаюцца не бліжэй, чым 3 тысячы км!
Галоўны аўтар публікацыі і апісання новых для навукі белавочак, д-р Дэррэн О’Конел (Dr Darren O`Connel) сказаў: “Гэтыя адкрыцці ўяўляюць не толькі цікавасць як чарговыя прыклады эвалюцыі і відаўтварэння, яны таксама вельмі важныя для аховы прыроды. Знаходка чарговых эндэмікаў на астравах Вакатобі дае нам магчымасць прыцягнуць дадатковую ўвагу да захавання пазасталых на астравах абарыгенных экасістэм, які знаходзяцца пад моцнай пагрозай знішчэння. Мы плануем забяспечыць для астравоў статус Тэрыторыі з птушкамі-эндэмікамі Endemic bird area) каб атрымаць большую падтрымку ў іх захаванні”.
Крыніца:
Darren O`Connel et al. 2019 A sympatric pair of undescribed white-eye species (Aves: Zosteropidae: Zosterops) with different origins. Zoological Journal of the Linnean Society, https://doi.org/10.1093/zoolinnean/zlz022
Паводле www.phys.org (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На верхнім здымку - белавочка з Вангі-вангі Wangi-wangi white-eye. Здымак: James Eaton
На гэтую тэму:
НОВЫ ВІД БЮЛЬБЮЛЯЎ АПІСАНЫ З БАРНЭА
Другі новы для навукі від птушак апісаны за год на невялікім востраве
Новы, эндэмічны від птушак апісаны ў Новай Зеландыі
Новы для навукі від калібры адразу трапіў у катэгорыю крытычна пагражаемых
У Гімалаях апісаны адразу два новыя віды птушак і чакаецца апісанне трэцяга
Вылучаны новы від крычак
У інданезійскай частцы Новай Гвінеі апісаны новы від райскай птушкі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ