Чарнагаловы бажанавы голуб ‘пераадкрыты’ праз 140 гадоў пасля апісання

Нарэшце поспехам скончылася чарговая навуковая экспедыцыя па пошуку чарнагаловага бажанавага голуба (Otidiphaps insularis), якога навукоўцы не бачылі пасля здабычы двух птушак у 1882 годзе і фармальнага апісання для навукі на наступны год.

Пасля месяца пошукаў, каманда арнітолагаў у верасні дзякуючы выкарыстанню 20 фота-лавушак змагла атрымаць здымак адной з птушак у лясах на невялікім востраве ў берагоў Папуа Новай Гвінеі. Гэта неверагодны поспех, які быў бы немагчымы без шматлікіх апытанняў мясцовых жыхароў.

Гэтыя адчуванні падобныя “на знаходку адзінарога” – сказаў John Mittermeier, удзельнік экспедыцыі. Цяпер навукоўцы атрымалі моцную надзею на тое, што від, які мае статус крытычна пагражаемага (Critically Endangered), зможа пазбегнуць знікнення.

Тая ж каманда апошні раз шукала гэтага вялікага голуба з пераважна наземнай актыўнасцю ў 2019 годзе на востраве Fergusson – месцы яго здабычы 140 гадоў таму, аднак не змагла знайсці ніякіх слядоў яго існавання.

Экспедыцыя гэтага года таксама мела вельмі мала надзеі на поспех у пошуках, ажно пакуль яе чальцы не дабраліся да вёсак на заходнім схіле гары Kilkerran – найвышэйшай вяршыні вострава.

"У нас атрымалася сустрэцца з [мясцовымі] паляўнічымі, якія сцвярджалі, што чулі і бачылі бажанавага галуба” - сказаў Jason Gregg, чалец экспедыцыі.

Адзін з мясцовых нават апісаў выразны відавы голас і пацвердзіў, што некалькі разоў бачыў гэтага галуба ў тым самым месцы на адным з абрывістых лясных схілаў. Там былі ўсталяваны камеры-лавушкі і за дзень да заканчэння экспедыцыі голуб трапіў на адну з камер!

"Калі я праглядаў зробленыя адной з камер відэа, я проста аслупянеў, бо на адным з іх быў гэты голуб, які прайшоў як раз перад камерай!” - сказаў Jordan Boersma, чалец экспедыцыі з Карнельскага ўніверсітэту (ЗША). Такім чынам адбылося фактычна пераадкрыццё віда для навукі ўпершыню за апошнія 140 гадоў.

"Гэта той момант, пра які можа марыць ўсё сваё жыццё любы прыродаахоўнік і бёрдуотчар” – сказаў Mittermeier.

Хаця вельмі мала вядома пра асаблівасці жыцця чарнагаловага бажанавага голуба, навукоўцы лічаць, што папуляцыя віда на востраве Fergusson вельмі невялікая і змяншаецца. Аднак зараз у арнітолагаў з’явілася рэальная надзея захаваць гэты від.

Паводле www.bbc.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Птушка, якую не бачылі пасля яе апісання больш 170 гадоў, аднойдзена ў Інданезіі!

Пераадкрыццё хмызняковага цвыркуна

Навукоўцы нарэшце ўпершыню ўбачылі чорнабровую цімелію ў прыродзе

Тыбецкі горны ўюрок зноў адзначаны праз 80 год небыцця

Зроблены першыя здымкі адной з самых загадкавых і рэдкіх птушак на Зямлі

Блакітны ара ўпершыню ў нашым стагоддзі адзначаны ў прыродзе!

Самая рэдкая птушка Свету адзначана ў Бразіліі