Пасля некалькіх бясплодных месяцаў напружаных пошукаў, у сярэдзіне снежня нарэшце атрымалася зрабіць здымак тапакола Штрэземана (Merulaxis stresemanni), аднак была адзначана толькі адна асобіна гэтага пэўна самага пагражаемага віду птушак. Самку бачылі 12 і 14 снежня на усходзе Бразіліі ў штаце Багія (Bahia), у рэштках некалі шырока распаўсюджаных тут атлантычных лясоў.
Гэтая наземна гняздуючая птушка была апісана па аднаму здабытаму экзэмпляру ў 1830-я гады і потым “знікла” з поля зроку арнітолагаў ажно да сярэдзіны мінулага стагоддзя, калі была здабытая другая, вядомая для навукоўцаў, птушка ў тым самым штаце Багія. Пасля гэтага від ізноў “прапаў” амаль на палову стагоддзя, калі у прыбярэжных атлантычных лясах Бразіліі быў сфатаграфаваны, у дадатак атрымалася ўпершыню пачуць і зрабіць запіс голасу тапакола.
Амерыканская прыродаахоўная арганізацыя American Bird Conservancy (ABC) і яе партнёр у Бразіліі Fundação Biodiversitas, у апошняе дзесяцігоддзе планавалі пошукі віда, агульная колькасць якога ацэньвалася ў 15 асобін. Для гэта увосень бразільцы арганізавалі пошукавую экспедыцыю ў рэзерват Mata do Passarinho і яго наваколле, каб праверыць пазасталыя месцапражыванні віду.
У 2007 годзе Fundação Biodiversitas пры падтрымцы ABC і Rainforest Trust, а таксама іншых прыродаахоўных фондаў, заснавалі рэзерват Mata do Passarinho Reserve, каб захаваць важны фрагмент унікальнага атлантычнага лесу і яго насельнікаў. На жаль, у апошнія дзесяцігоддзі гэта адзін з самых хутка знікаючых і пагражаемых біомаў на планеце, ад яго засталося не больш 10% былой плошчы.
Амаль усе бакі жыцця тапакола Штрэземана застаюцца невядомымі, аднак перш, чым даведацца пра іх, від трэба выратаваць ад знікнення. А каб гэта зрабіць, першым крокам павінна стаць захаванне рэштак атлантычных лясоў на ўсходзе Бразіліі.
З-за вельмі малога памеру папуляцыі, нават параўнальна невялікія змены ў месцы ці месцах, дзе від усё яшчэ распаўсюджаны, могуць мець вялізарнае негатыўнае ўздзеянне на птушак. За апошнія пяць гадоў паўночны ўсход Бразіліі зведаў страшныя засухі – нават ручаіны ў рэзерваце перасохлі. У 2016 годзе рэзерват наведалі пажары, якія знішчылі важныя мясцовыя біятопы. Мясцовыя працаўнікі сцвярджалі, што бачылі тапакола пасля пажараў, але доўгачасовыя адмысловыя пошукі ў 2017 годзе унутры межаў рэзервата і вакол яго скончыліся беспаспяхова.
Цяпер вядома, што птушкі сапраўды змаглі перажыць апошнія праблемы і трэба прадумаць наступныя дзеянні па выратаванню віда.
Паводле www.abcbirds.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Зроблены першыя здымкі адной з самых загадкавых і рэдкіх птушак на Зямлі
Адна з самых рэдкіх птушак на Зямлі пераадкрытая на Багамах
Вануатскі буравеснік сфатаграфаваны!
Тыбецкі горны ўюрок зноў адзначаны праз 80 год небыцця
Пераадкрыццё хмызняковага цвыркуна
Новаапісаны від птушак – самы рэдкі на Зямлі і захавацца яму дапамаглі снайперы?
На Зямлі афіцыйна зніклі яшчэ 13 відаў птушак
Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення
Топ-10 самых рэдкіх вераб’іных птушак Свету
Апошні белы журавель з Заходняй Сібіры прыляцеў у Іран
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ