Тыбецкі горны ўюрок зноў адзначаны праз 80 год небыцця

Горны ўюрок Сілема Sillem's Mountain Finch (Leucosticte sillemi) знік на 80 год, але сёлета быў пераадкрыты на адным з Тыбецкіх плато альпіністам-бёдуотчарам, які застаўся ў намёце пад час узыходжання на вяршыню яго групы з-за таго, што захварэў.

Від стаў сапраўднай энігмай для арнітолагаў адразу пасля яго адкрыцця ў 1929 годзе і зноў трапіў пад пільную увагу ў 1992, калі быў правільна вызначаны і апісаны.

Дзве асобіны вераб’іных птушак шэра-белай афарбоўкі з іржава-карычневай галавой былі здабытыя галандзкім арнітолагам Джэромам Аляксандрам Сілемам (Jerome Alexander Sillem) пад час яго экспедыцыі на Каракарумскі хрыбет у 1929 годзе.

Цяпер гэтыя мясціны ўяўляюць з сябе спрэчны рэгіён паміж Кітаем, Індыяй і Пакістанам і закрытыя для бёдуотчараў.

Скуркі птушак былі пазначаны як морфа горнага ўюрка Брандта Brandt's Mountain Finch (Leucosticte brandti) і захоўваліся ў Амстэрдамскім заалагічным музеі. У 1992 годзе сучасны галандзкі арнітолаг праф. Кіз Роўзлаар (Kees Roselaar) зразумеў, што ў выпадку гэтых скурак мае дачыненне з новым для навукі відам і апісаў яго як Leucosticte sillemi – згодна з прозьвішчам адкрывальніка.

Аднак з часу здабыцця першых і адзіных экземпляраў у 1929 годзе, гэты від ніхто больш не бачыў у прыродзе, пакуль сёлета ў чэрвені не пашчасціла французскаму фатографу-анімалісту Яну Музіку (Yann Muzika). Ён рабіў выправу ў даліне Yenigou ў кітайскай правінцыі Qinghai. Як часам бывае, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло: Ян атруціўся ежай і вырашыў не ісці разам са сваёй групай вышэй, а застацца на дзень у намёце на вышыні амаль 5000 м.

Каб не траціць дарма час, француз вырашыў выкарыстаць яго на выправу ў навакольле. Як тлумачыў ён пазьней, гэта не была бёдуотчарская экспедыцыя, але ён на ўсялякі выпадак узяў з сабой фотакамеру з 400 мм аб’ектывам.

"Я прайшоў каля групкі тыбецкіх чаромашнікаў (Carpodacus roborowskii) і сярод іх заўважыў адну птушку, якую я не ведаў. Яна нагадвала горнага ўюрка Брандта, але яе галава была не цёмна-карычневай, а ржава-карычневай. Я паспеў зрабіць адзін здымак з ёй і яна адляцела”.

"Калі я вярнуўся дахаты, я скінуў здымкі на кампутар і забыўся пра іх на некалькі тыдняў. Потым я спрабаваў вызначыць сфатаграфаваную мной птушку, але ў вызначальніку Птушкі Кітаю кароткае апісанне адпавядала горнаму ўюрку Сілема, якога ніхто не бачыў з 1929 году. Таму я вырашыў даслаць усе мае здымкі з гэтай выправы Крысу Казмерчаку (Krys Kazmierczak), каардынатару Oriental Bird Images database.”

Апошні адразу зразумеў значэнне аднаго са здымкаў, які ён атрымаў: “Калі я ўбачыў выдатнае фота загадкавай птушкі, я адразу падумаў пра горнага ўюрка Сілема! Аднак вырашыў прытрымаць сваю радасць і найперш пракансультавацца з іншымі. Цяпер мы ўпэўненыя, што гэта здымак сапраўды гэтага віду, што пацвердзіў і яго апісальнік Кіз Роўзлаар”. 

 

Сёлетняя птушка была сфатаграфаваная прыкладна ў 1500 км на ўсход ад птушак, здабытых у 1929 годзе. Таму цяпер Oriental Bird Club заклікае бёдуотчараў праверыць вышыні каля 5000 м у гарах Пакістана, Кітаю і Тыбету.

Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 

 

 На гэтую тэму:

Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення

Пераадкрыццё хмызняковага цвыркуна

Новы від качурак адкрыты дзякуючы ўважлівасці бёдуотчараў

Бёдуотчары зноў адзначылі невядомы для навукі від птушак?

Жаўрука, сфатаграфаванага ў Эфіопіі, не могуць вызначыць да віду

 

 

Comments