Зроблены першыя здымкі адной з самых загадкавых і рэдкіх птушак на Зямлі

Блакітнавокую наземную туркаўку (Columbina cyanopis), бразільскага эндэміка, пасля навуковага апісання ў 1870 годзе бачылі толькі некалькі разоў. І вось від, які многімі лічыўся зніклым, быў упершыню сфатаграфаваны і зняты на відэа!

Паводле Чырвонага спісу МСАП (IUCN Red List) 2015 года, 218 відам птушак з 10.425 відаў вядомых для навукі, прысвоены крытычна пагражаемы статус (critically endangered). Адным з самых рэдкіх з гэтых відаў можна лічыць блакітнавокую наземную туркаўку, якую апошні раз назіралі ў 2007 годзе. Аднак на гэтым тыдні міжнародная каманда навукоўцаў паведаміла пра тое, што яе чальцы не толькі назіралі гэты загадкавы від у прыродзе, але і зрабілі гэта ў невядомай да гэтага мясцовасці.  

Пра гэтых туркавак невядома амаль нічога. Птушкі маюць блакітныя вочы і плямкі на пер’і, большасць часу праводзяць на зямлі – як вынікае з назвы. І – ўсё… Невядомы быў ні голас птушак, ні фотаздымак.

І хаця ацэнка колькасці віду была паміж 50 і 249 птушкамі, дагэтуль былі вядомыя толькі тры кропкі, дзе туркаўкі сустракаліся на агромністы бразільскі рэгіён Cerrado, прычым у двух з іх – у штатах  Mato Grasso і Mato Grasso do Sul папуляцыі лічацца зніклымі. У трэцяй кропцы, якая знаходзіцца ў штаце Goiás, дзе туркаўку назіралі 75 год таму – ў 1941 годзе -  рэгістрацыя лічылася памылкай, але цяпер ізноў прымаецца пад увагу і будзе правярацца.

Даследчыкі з Observatório de Aves з Instituto Butantan і грамадскай арганзацыі SAVE Brazil толькі цяпер анансавалі пераадкрыццё віду і расказалі, як яно адбылося. У чэрвені 2015 году арнітолаг Rafael Bessa пад час экспедыцыі ў Cerrado пачуў і запісаў незнаёмы яму голас птушкі.

“На наступны дзень я вярнуўся на тое ж месца і пусціў запіс – хутка невядомая птушка апусцілася недалёка ад мяне на квітнеючы куст. Я  сфатаграфаваў яе і калі пачаў разглядаць здымак, зразумеў, што птушка гэта незвычайная! Мае ногі пачалі трэсціся…”

пераадкрытая туркаўка на малюнку 1893 г.

Ілюстрацыя з кнігі 1893 году, якая прадстаўляе два віды туркавак. Блакітнавокая наземная туркаўка – зверху. Мастак: John Gerrard Keulemans

 

Рафаэль неадкладна скантактаваўся з Лючыана Ліма (Luciano Lima), які пацвердзіў дакладнасць вызначэння туркаўкі, і ўжо ўдвух яны звярнуліся ў таварыства SAVE Brazil, якое дапамагло стварыць каманду даследчыкаў разам з прадстаўнікамі таварыства і Louisiana State University’s Museum of Natural Science (ЗША).

Гэтая каманда працягвала назіранні ў месцы першапачаковага пераадкрыцця птушак і змагла налічыць там 12 розных туркавак. Акрамя збору інфармацыі пра асаблівасці жыцця віду, навукоўцы таксама пачалі выпрацоўваць план яго аховы. Дакладнае месца знаходкі, як і запсі голасу туркавак застаецца таямніцай для шырокай публікі каб гэтую важную інфармацыю не выкарысталі для прычынення птушкам шкоды.

Справа ў тым, што блакітнавокая туркаўка ўжо была надзвычай рэдкай да таго, як дзве траціны рэгіёну Cerrado былі трансфармаваны пад сельскагаспадарчыя землі з пачатку 1990-х гадоў. Навукоўцы лічаць, што месцапражыванне туркаўкі вельмі спецыфічнае, і таму птушка была рэдкай і да маштабных зменаў у рэгіёне.

Аднак падобныя патрабаванні да нейкага спецыфічнага бмятопу могуць мець і іншыя рэдкія ці яшчэ неапісаныя для навукі віды птушак, таму знішчэнне нават параўнальна невялікага кавалку мясцовых біёмаў можа мець неадваротны эфект для іх існавання.

Адначасова пераадкрыццё блакітнавокай наземнай туркаўкі ўзнаўляе надзею на тое, што некаторыя іншыя віды птушак, якія не адзначаліся параўнальна даўно, насамрэч яшчэ могуць існаваць і мы зможам ім дапамагчы.

 

Паводле www.atlasobscura.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.birdlife.org

 

На гэтую тэму:

Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення  

ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10 425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ

СЕНСАЦЫЯ – У АМАЗОНІІ ЗНОЙДЗЕНЫ 15 НОВЫХ ВІДАЎ ПТУШАК!

Новы від птушак, які мімікрыруе пад ўжо вядомы, апісаны ў Бразіліі

На прыканцы мінулага году ў Бразіліі апісаны новы від птушак

Упершыню знойдзена гняздо адной з самых рэдкіх птушак на Зямлі

Пераадкрыццё хмызняковага цвыркуна

Новы від качурак адкрыты дзякуючы ўважлівасці бёдуотчараў

Бёдуотчары зноў адзначылі невядомы для навукі від птушак?

Жаўрука, сфатаграфаванага ў Эфіопіі, не могуць вызначыць да віду

Тыбецкі горны ўюрок зноў адзначаны праз 80 год небыцця