Бёрдэры маюць адрозненні ў галаўным мозгу, якія могуць адказваць за іх выразную здольнасць вызначаць знешне падобныя віды птушак. Гэта сведчыць пра тое, што пастаянныя назіранні птушак могуць змяняць некаторыя мазгавыя структуры падобным чынам як гэта адбываецца пад час вывучэння новай мовы або ігры на музычным інструменце. Такія змены прадухіляюць мозг ад узроставых пашкоджанняў.
Пад час вывучэння новага занятку і пастаянных практыкаванняў у ім мозг рэарганізуецца каб стварыць і ўзмацніць магчымасці для гэтага. Гэтая з’ява, вядомая як нейрапластычнасць (neuroplasticity), ляжыць у аснове развіцця экспертнасці. Таму, напрыклад, прафесійныя музыканты дэманструюць найперш стуктурныя змены ў аддзелах мозгу, адказных за слых, а прафесійныя спартсмены паказваюць падобныя змены ў структурах, якія адказныя за рухі і іх каардынацыю.
Каб зразумець ці бёрдынг таксама перабудоўвае пад сябе мозг, Erik Wing з універсітэту York (Канада) разам з калегамі прааналізаваў структуры і функцыю галаўнога мозгу ў 48 бёрдуотчараў, палова якіх былі дасведчанымі і даўно займаліся гэтым хобі (т.зв. бёрдэры), а палова былі пачаткоўцы. Удзельнікі даследавання мелі ад 22 да 79 гадоў і былі падзеленыя на дзве групы так, каб склад груп не адрозніваўся полам, узростам і узроўнем адукацыі - толькі адносінамі да хобі.
Пад час сканавання мозгу ўдзельнікам даследавання на працягу 4 с паказвалі выявы птушак. Праз 10 с яны павінны былі вызначыць гэтую птушку сярод 4 выяваў, сярод якіх былі 3 і іншыя, падобныя на яе віды. “Усе птушкі ў серыі былі сапраўды падобныя” - сказаў Wing. “Мы спецыяльна адабралі віды, у якіх было лёгка заблытацца”.
Усяго практыкаванне паўтаралі 72 разы і сярод 18 відаў 6 былі мясцовыя, а 12 -не. Як і чакалася, дасведчаныя назіральнікі вызначылі віды лепш, чым пачаткоўцы. У сярэднім бёрдэры правільна вызначылі 83% мясцовых і 61% немясцовых відаў, тады як навічкі правільна зрабілі гэта для 44% відаў з абодвух груп.
Пад час вызначэння немясцовых відаў птушак у дасведчаных назіральнікаў выразна актываваліся тры аддзелы: bilateral prefrontal cortex, bilateral intraparietal sulcus і right occipitotemporal cortex, аднак гэта не адбывалася ў пачаткоўцаў. Гэтыя аддзелы выкарыстоўваюцца намі пад час вызначэння аб’ектаў, у працэсе візуалізацыі, для павелічэння ўвагі і для кароткачасовай памяці (working memory). “Гэта кажа пра вялікую колькасць пазнавальных працэсаў, якія неабходныя пад час бёрдынгу” - сказаў Wing.
Гэтыя аддзелы мозгу, разам з іншымі, якія таксама забяспечваюць гэтыя функцыі, аказаліся больш складана структурна арганізаваныя ў бёрдэраў у параўнанні з пачаткоўцамі і кажуць пра тое, што досвед назіранняў птушак змяняе мозг. З надыходам старасці структурная складанасць і агульная арганізацыя мозга мае тэндэнцыю да змяншэння і гэта адзначана і ў бёрдэраў, і ў назіральнікаў-пачаткоўцаў. Аднак гэты працэс быў менш выражаны ва ўдзельнікаў з першай групы - хутчэй за ўсё бёрдынг дапамагае стварыць кагнітыўны рэзэрв (cognitive reserve), які ўяўляе магчымасць мозгу ахоўваць сябе ад негатыўных эфектаў старэння (пашкоджанняў) і часам адаптавацца да іх.
Тым не менш, гэтая праца - толькі часовы зрэз. Можа быць так, што людзі, якія займаюцца бёрдынгам, ужо мелі адпаведныя структурныя змены ў мазгу, або што гэта звязана з іншымі асаблівасцямі іх ладу жыцця. Каб дакладна звязаць бёрдынг і пазітыўныя структурныя змены мозгу “даследчыкі павінны сканаваць мозг удзельнікаў даследавання шмат разоў на працягу месяцаў і гадоў” - сказаў Wing.
Крыніца: Erik A. Wing, Jordan A. Chad, Geneva Mariotti, Jennifer D. Ryan & Asaf Gilboa 2026 The tuned cortex: Convergent expertise-related structural and functional remodeling across the adult lifespan, J of Neuroscience, 23 February 2026, e1307252026 DOI: 10.1523/JNEUROSCI.1307-25.2026
Паводле www.newscientist.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Валерыя Кавалёнка
На гэтую тэму:
У Шатландыі тэрапеўты пачалі прапісваць пацыентам бёрдуотч!
Дзікія птушкі дапамагаюць палепшыць самаадчуванне і ў здаровых, і людзей у дэпрэсіі
Адчуванне шчасця для еўрапейцаў залежыць ад колькасці відаў птушак навокал
Разнастайнасць птушак навокал уздзейнічае на ўзровень неспакою і перапады настрою людзей
Бёрдуотчары штогод трацяць у польскай частцы Белавежскай пушчы мільёны даляраў
Назіранні за птушкамі неабходныя для нашага душэўнага здароўя
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ