Самы стары ў Свеце сярэдні кулён паходзіць з Шэтландзкіх астравоў

Акальцаваны амаль чвэрць стагоддзя таму сярэдні кулён (Numenius phaeopus) быў зноў злапаны на Шэтландзкіх астравах (Вялікабрытанія). Птушка атрымала сваё персанальнае кальцо на востраве Fetlar у1986 годзе і сёлета зноў гнездавала на тым самым востраве!
Прадстаўнікі RSPB Scotland сказалі, што яны ўпэўненыя ў тым, што гэта самы стары сярэдні кулён у Свеце. Звычайна птушкі гэтага віду рэдка жывуць даўжэй за 11 год.
Папярэдні рэкардсмен па даўгажыхарству быў застрэлены ў Францыі ў 1995 годзе, калі меў 16 год.


Д-р Марэй Грэнт (Dr Murray Grant), старэйшы навуковец прыродаахоўнага аддзела ў RSPB Scotland, сказаў: "Упершыню я сустрэўся з гэтай птушкай 24 гады таму пад час маіх даследаванняў гэтых кулікоў для дысертацыі. Пад час кальцавання птушка ўжо мела 2 ці 3 гады, бо менавіта ў такім узросце сярэднія кулёны пачынаюць размнажацца. Таму для мяне гэта нечаканы прыемны сюрпрыз, што гэтая птушка ўсё яшчэ наведвае Fetlar”.
Аднак гэты сюрпрыз азмрочаны тым, што птушка была адзначана толькі дзякуючы новым даследаванням кулікоў на Шэтландах, пад час якіх атрымалася, што папуляцыя кулёнаў там моцна зменшылася.
"Калі я ўпершыню прыехаў сюды, тут гнездавалі каля 80 пар сярэдніх кулёнаў, цяпер іх менш 25.” – сказаў д-р Грэнт.  "Сумна ведаць, што такі ўзровень змяншэння колькасці гэтых кулікоў хутчэй за ўсё адбыўся на ўсіх Шэтландзкіх астравах, на якіх гняздуе большая частка віду ў Вялікабрытаніі”.
 

За апошнія 20 год агульная папуляцыя віду на Брытанскіх астравах зменшылася прыкладна на палову. Прычыны гэтага пакуль не зразумелыя. Сёлета навукоўцы з RSPB Scotland пачалі даследаванні, каб знайсці адказы на паўсталыя пытанні.
 

Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:
Палярная крычка ўсталявала новы рэкорд

Сакрэты доўгага жыцця птушак

Птушкі б’юць рэкорды доўгажыхарства

Найстарэйшы арол знойдзены мёртвым

Ружовыя фламінга стануць бацькамі ў сорак гадоў

У Грэнландыі знайшлі гняздо сокалаў-белазораў, якое займаецца імі на працягу 2500 гадоў!
 
Самы стары лебедзь-шыпун пражыў у прыродзе 40 год

Самая старая брытанская скапа вярнулася на сваё гняздо