Вялікая і сіняя сініцы: жыццё ў горадзе не такое яркае?

сіняя сініца

Урбанізацыя не толькі змяняе краявіды, але таксама навязвае ўмовы жыцця жывёлам, якія навучыліся існаваць у гарадах. Хаця некаторыя віды птушак распаўсюджаны ў гарадах даволі шырока і шматлікія, аднак часта ў іх горшы фізічны стан і меншы поспех размнажэння ў параўнанні з прадстаўнікамі ‘дзікіх’ папуляцый з па-за гораду. Апошнія даследаванні паказваюць, што праяўленні гэтага можна адзначыць у апярэнні птушак, а дакладней у яго якасці і інтэнсіўнасці афарбоўкі, якія служаць важным фізіялагічным сігналам патэнцыйным партнёрам па гнездаванні.

Добра вядома, што як мінімум частка афарбоўкі апярэння птушак служыць ‘праўдзівымі сігналамі’, якія інфармуюць магчымых партнёраў пра здароўе і фізічныя здольнасці канкрэтнай асобіны. На стан апярэння ўздзейнічае якасць асяроддзя, у якім птушка ліняе раз або два разы ў год.

птушка

У апошнія гады для многіх папуляцый вялікай сініцы (Parus major) у Еўропе апісана т.зв. ‘гарадзкая блякласць’. Яна заключаецца ў менш насычаным жоўтым апярэнні птушак з урбанізаваных тэрыторый у параўнанні з сініцамі з лясных папуляцый. Адной з прычын гэтага лічыцца меншая даступнасць якаснай ежы, перад усім безхрыбетных і асабліва вусеняў (aпошнія - асноўная крыніца караціноідных пігментаў, якія адказваюць за жоўты колер апярэння). А ўсё з-за таго, што ў гарадах моцна абмежаваная колькасць і фрагментаваныя прыродныя біятопы, якія дадаткова могуць быць забруджаныя з-за дзейнасці чалавека.

Каманда польскіх даследчыкаў пашырыла параўнанне на іншыя часткі апярэння сініц - такія, як цёмныя, меланінавыя ‘гальштукі’ вялікіх сініц і блакітныя крылы і хвост сініх сініц (Cyanistes caeruleus). Таксама ў аналіз уключалі мазаічнасць гарадзкога асяроддзя, дзе забудаваныя тэрыторыі чарадуюцца з паркамі і рачнымі далінамі. Для гэтага вызначалі розны ўзровень урбанізацыі, які мералі як % паверхні пад асфальтам, пліткай і будынкамі. Усяго атрымалася параўнаць апярэнне сініц у 44 месцах у 7 вялікіх гарадах па ўсёй Польшчы: у Беластоку, Катавіцах, Лодзі, Таруні, Любліне, Уроцлаве і ў Варшаве.

Інтэнсіўнасць жоўтага ў апярэнні вялікіх сініц аказалася негатыўна скарэляваная з плошчай пад непрыроднымі элементамі паверхні, але падобнай залежнасці не знайшлі ў сініх сініц. Хаця гэта параўнальна блізкія да сябе віды, займаюць падобныя біятопы і дэманструюць падобныя паводзіны, а іх жоўтае апярэнне ствараюць тыя самыя пігменты - лютэін і зеаксанцін, іх рэакцыя на урбанізацыю ў гэтым аспекце аказалася рознай.  

Тым не менш, у сініх сініц з найбольш урбанізаваных тэрыторый было знойдзена больш светлае блакітнае апярэнне ў параўнанні з птушкамі з навакольных лясоў. А вось інтэнсіўнасць цёмнай афарбоўкі, абумоўленай меланінам, не адрознівалася ў сініц з розных біятопаў.

Крыніца: Janas, K., Chatelain, M., Corsini, M. et al. Replicated urban mosaics reveal trait- and species-specific shifts in carotenoid and structural plumage colouration of two passerines. Sci Rep 16, 14132 (2026). https://doi.org/10.1038/s41598-026-44382-y 

Паводле www.biol.uw.edu.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Сіняя і маладая вялікая сініцы яго ж

 

На гэтую тэму:

З-за недахопу безхрыбетных у харчаванні вялікія сініцы ў гарадах менш яркія, чым у лясах

Сталоўкі для птушак змяняюць даўжыню дзюбы ў вялікіх сініц

Недахоп насякомых у гарадах змяншае поспех размнажэння птушак

Гарадзкія птушкі жывуць даўжэй, але іх жыццёвы патэнцыял значна горшы

Недахоп насякомых у гарадах змяншае поспех размнажэння птушак

Гарадзкія і негарадзкія вялікія сініцы адрозніваюцца генетычна

Белыя шчокі азначаюць здаровую сініцу