Самкі хрустанаў за лета наведваюць больш за адно месца размнажэння

хрустан

Каманда даследчыкаў змагла ўпершыню адсачыць перамяшчэнні самак хрустана (Charadrius morinellus) і выявіла, што пасля адкладкі першай кладкі яны пералятаюць у тым самым сезоне і ў іншыя месцы патэнцыйнага гнездавання віду ў пошуках іншых партнёраў для размнажэння.

Еўразійскі хрустан - поліандрыйны від. Гэта азначае, што самкі на працягу сезону размнажэння капулююць з больш, чым адным самцом, у іх большыя памеры, яны ярчэй афарбаваныя за самцоў і таму бяруць на сябе актыўную ролю ў пошуку і ўтрыманні партнёра. Але пасля таго, як яны адкладваюць кладку з трох яек, самкі звычайна пакідаюць на ёй самца, які самастойна займаецца інкубацыяй яек і гадаваннем птушанят.

Чым самкі хрустанаў займаюцца пасля завяршэння кладкі, доўгі час заставалася загадкай, тым больш палявыя назіранні казалі пра тое, што большасць з іх знікае з месца гнездавання хутка пасля гэтага. Аднак для восеньскай міграцыі ў Паўночную Афрыку застаецца яшчэ шмат часу, таму арнітолагі падазравалі, што магчыма самкі шукаюць магчымасць знайсці сабе новага партнёра для новай кладкі. Тым не менш, доказаў гэтага не было.

Дзякуючы таму, што Bart Kempenaers з калегамі на поўдні Нарвегіі і пад час прыпынкаў птушак на міграцыі ў італьянскай частцы Альпаў забяспечыў 21 самку хрустана спадарожнікавымі перадатчыкамі, атрымалася адсочваць іх перамяшчэнні наступныя тры гады.

Такім чынам аказалася, што на працягу 7 тыдняў, калі самкі хрустанаў звычайна адкладваюць яйкі, асобныя самкі наведваюць ад 1 да 5 месцаў патэнцыйнага гнездавання (у сярэднім 3). Звычайна гэтыя месцы знаходзяцца на адлегласці менш, чым 100 км адно ад аднаго, але адна з самак праляцела ажно 973 км паміж двума з іх, а найбольшая ‘аматарка падарожжаў’ пераадолела агулам за сезон нават 1.343 км.

мапа

Мапа перамяшчэнняў асобных самак хрустана паміж патэнцыйнымі месцамі гнездавання. З Kempenaers et al. 2026

У пачатку сезону гнездавання пасля першай кладкі самкі ляцяць галоўным чынам на поўнач, хутчэй за ўсё за т.зв. лініяй снегу, якая паступова вызваляе новыя патэнцыйныя месцы гнездавання. З цягам часу пералёты становяцца больш кароткімі і не абавязкова накіраваныя на поўнач - хутчэй за ўсё самкі шукаюць лакальных самцоў, у якіх атрымаліся непаспяховыя спробы гнездавання.

Пералёты самак хрустанаў на працягу гнездавога сезону менш маштабныя ў параўнанні з ужо вядомымі па ранейшым даследаванням перамяшчэнням самцоў арктычных пясочнікаў і баталёнаў. Як пішуць аўтары публікацыі, гэта адлюстроўвае нашмат большы ўклад самкі ў размнажэнне - яна павінна сфармаваць і адкласці мінімум адну кладку, тады як самцам неабходна толькі некалькі капуляцый.

Невядома чаму, але самкі хрустанаў заставаліся ў сваім апошнім месцы перад восеньскай міграцыяй найдаўжэй у параўнанні з папярэднімі сваімі месцамі-прыпынкамі на працягу гнездавога сезону, бо ў сярэднім 41 дзень. Дзве з самак вярнуліся ва ўжо наведаныя імі раней месцы, адна з іх праз 20 дзён і для гэтага праляцела 382 км.

Папярэднія даследаванні знайшлі, што часам самкі самастойна наседжваюць свае яйкі і звычайна гэта адбываецца на прыканцы сезону гнездавання і на поўначы арэалу. Гэта сведчыла б пра тое, што працяглае знаходжанне самак у тым самым месцы як раз на апошнім месцы перад міграцыяй можа быць звязана з інкубацыяй імі апошняй у гэтым сезоне кладкі і доглядам птушанят. Аднак толькі дадзеных пра іх перамяшчэнні, атрыманых дзякуючы перадатчыкам, для падобнага сцверджання пакуль што замала.

Крыніца: Kempenaers B, Santema P, Cragnolini N, Eberhart-Hertel L, Krietsch J, Kwon E, and Lislevand T. 2026. Females of a socially polyandrous, sex-role reversed shorebird visit multiple breeding sites within a single season. Proc of the Royal Soc B. DOI: https://doi.org/10.1098/rspb.2026.1110

Паводле www.birdgiides.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Арктычныя пясочнікі “дзеля сэксу” не хочуць спаць і гатовы праляцець 13 тысяч дадатковых кіламетраў + VIDEO

Самцы баталёнаў у месцах гнездавання пералятаюць на тысячы кіламетраў

Самкі амерыканскіх слонак гняздуюць яшчэ і пад час міграцыі, прычым да 5 разоў у сезон!

Самцы дубальта павялічваюць свае шанцы на размнажэнне, пералятаючы з тока на ток?

Летам і ў поўні шпакі могуць спаць нашмат менш