Самцы баталёнаў у месцах гнездавання пералятаюць на тысячы кіламетраў

баталёны

Традыцыйнае ўяўленне пра жыццёвы цыкл пералётных відаў у тым, што індывідуальная птушка здзяйсняе працяглы пералёт паміж месцам гнездавання і месцам зімоўкі і назад, але ў гэтых месцах звычайна аселая. Хаця гэта можа адпавядаць праўдзе для сацыяльна манагамных відаў, у палігамных той пол, які для распаўсюджання сваіх генаў толькі прадукуе гаметы, але не займаецца інкубацыяй і гадаваннем птушанят, можа атрымаць перавагу ад перамяшчэння паміж рознымі месцамі гнездавання пад час сезону размнажэння.  

Нямецка-нідэрландзкая каманда арнітолагаў зрабіла дэтальнае даследаванне пералётаў самцоў баталёна (Calidris pugnax) з асаблівай увагай на іх перамяшчэнні пад час гнездавога сезону. Аказалася, што самцы робяць параўнальна далёкія пералёты і пад час іх прыпыняюцца ў некалькіх патэнцыйных месцах гнездавання віду каб павялічыць свае шанцы стаць бацькам як мага большай колькасці птушанят.

Дзякуючы спадарожнікавым перадатчыкам, якімі пазначылі 99 самцоў баталёна  на тэрыторыі агульнай плошчай ў 400 кв км у правінцыі Friesland (Нідэрланды) перад пачаткам сезону гнездавання (з 14.03 па 22.04.2015 г.), былі выяўлены асноўныя асаблівасці іх перамяшчэнняў. Аказалася, што самцы ў сярэднім наведваюць за сезон 11 патэнцыйных месцаў размнажэння ў арктычнай тундры Скандынавіі і Расіі, у кожным з гэтых месцаў застаюцца ў сярэднім 2 дні і для гэтага (таксама ў сярэднім) пралятаюць ажно 4.435 км! Рэкордная адлегласць жа атрымалася ў амаль 9.000 км і пад час гэтых пералётаў асобныя самцы наведалі па 23 патэнцыйных месца гнездавання, якія складаюць істотную долю ўсяго гнездавога арэалу віда.  

Падобная мабільнасць стварае перавагі для палігамнага віду, у якога самкі бяруць на сябе ўвесь дагляд патомства, а канкурэнцыя паміж самцамі вельмі моцная. Самцы могуць адляцець з непаспяховых для сябе месцаў гнездавання або з такіх, якія прадстаўляюць ім меншыя шанцы для капуляцыі з самкамі. Гэта павялічвае шанцы кожнага асобнага самца на паспяховае размнажэнне.  

Акрамя гэтага, баталён як від вядомы своеасаблівай сістэмай размнажэння, у якой удзельнічаюць тры тыпы (морфы) самцоў, генетычна адрозныя адзін ад аднаго: ‘незалежныя’ ('independents'), ‘сатэліты’ ('satellites') і ‘федэры’ ('faeders'). Гэта агрэсіўныя гаспадары тэрыторый, падпарадкаваныя першым і больш спакойныя самцы ў групах і самцы, якія знешне мімікруюць пад самак.

мапа

Мапы пералётаў самцоў баталёна рознага тыпу паміж патэнцыйнымі месцамі гнездавання і працягласцю прыпынку на іх. Паводле Kempenaers et al. (2025) з https://royalsocietypublishing.org

Хаця ў кожнай групы самцоў свае стратэгіі размнажэння, паводле атрыманых дадзеных па перамяшчэнням іх працягласць для прадстаўнікоў трох тыпаў атрымалася падобнай і такім чынам яна падкрэслівае плюсы высокай мабільнасці для птушак пад час гнездавога сезону.

Арктычны пясочнік, яшчэ адзін палігамны від кулікоў, таксама добра вядомы сваімі працяглымі пералётамі ў сезон размнажэння. Такім чынам, падобныя паводзіны могуць быць шырока распаўсюджаны ў пералётных відаў з даглядам патомства выключна самкамі, вялікім репрадуктыўным перакосам і разнастайнымі ўмовамі гнездавання ў межах арэалу.

Крыніца: Kempenaers, B, Valcu, M, Piersma, T, Santema, P and Vervoort, R, 2025. Large-scale sampling of potential breeding sites in male ruffs. Proceedings B, 292(2038), p.20242225. DOI: 10.1098/rspb.2024.2225

Паводле https://royalsocietypublishing.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

На гэтую тэму:

Даказана: ў баталёнаў морфа самца вызначаецца генетычна

Баталёны: самцы розныя патрэбны, самцы розныя важны

Арктычныя пясочнікі “дзеля сэксу” не хочуць спаць і гатовы праляцець 13 тысяч дадатковых кіламетраў + VIDEO

Самцы дубальта павялічваюць свае шанцы на размнажэнне, пералятаючы з тока на ток?