Дуплы па чорнай жаўне: хто і для чаго іх выкарыстоўвае

чорная жаўна

Дуплы выкарыстоўваюць разнастайныя віды жывёл, як хрыбетныя невялікага і сярэдняга памеру, так і безхрыбетныя, якім яны забяспечваюць месцы для гнездавання (размнажэння) і бяспечныя схованкі для кароткага і працяглага адпачынку. Акрамя гэтага, некаторыя віды шукаюць у дуплах сабе здабычу ці прыхоўваюць яе. У Цэнтральнай Еўропе без дупел немагчыма існаванне прыкладна 40 відаў птушак і як мінімум 20 відаў звяроў.

У Аўгустоўскай пушчы (паўночны ўсход Польшчы) даследавалі важнасць дуплаў, якія засталіся пасля гнездавання чорнай жаўны (Dryocopus martius), для лясных жывёл. У 2022-26 гг. для гэтага выкарыстоўвалі два метады, дадзеныя з якіх ўзаемадапаўнялі адзін другі: 1) 33 камеры-лавушкі былі ўсталяваныя насупраць дуплаў на суседніх дрэвах і 2) праверылі 681 дупло з дапамогай камеры, прымацаванай на тэлескапічнай прыладзе.  

За гэты час у дуплах па чорнай жаўне была пацверджана прысутнасць 50 відаў жывёл, якія выкарыстоўвалі іх як мінімум для нейкай жыццёвай функцыі. Птушкі аказаліся найбольш шматлікай па колькасці відаў групай (32 віды), затым ішлі насякомыя (11 відаў) і звяры (6 відаў). Сярод іх гнездавалі або выкарыстоўвалі дуплы для размнажэння інакш як мінімум прадстаўнікі 19 відаў птушак, 4 відаў звяроў і столькі ж відаў насякомых. Іншыя віды або адпачывалі ў дуплах, або шукалі ежу, або харчаваліся.

Найчасцей ў дуплах, выкутых чорнай жаўной, былі адзначаны яе намінальныя гаспадары - чорныя жоўны, за імі галубы-клінтухі (Columba oenas), вялікія сініцы (Parus major), вераб’іныя сычыкі (Glaucidium passerinum) і вялікія дзятлы (Dendrocopos major). Гогалі (Bucephala clangula), звычайныя попаўзні (Sitta europaea) і лясная куніца (Martes foina) назіраліся ў больш, чым 20% даследаваных дупел.  

Трошкі больш за палову (51,7%) відаў птушак, адзначаных у дупел, не былі знойдзены пад час іх даследавання ўнутры. Больш за тое, ажно 17,6% відаў, якія гнездавалі ў дуплах, не былі сфатаграфаваныя фота-лавушкамі. Акрамя гэтага, фота-лавушкі не даюць магчымасці вызначыць від кажаноў або насякомых (акрамя шэршняў), якія сустракаюцца ў дуплах. Такім чынам, спіс відаў жывёл, адзначаных у дуплах, выкутых чорнай жаўной, залежыць ад метада(ў), які для гэтага выкарыстоўваўся. І непасрэдныя назіранні могуць значна заніжаць сапраўдную колькасць відаў, якія дупламі карыстаюцца.

Крыніца: Zawadzki, G & Zawadzka, D 2026 A View from Inside and Outside the Tree: Using Different Techniques to Assess the Use of Black Woodpecker Cavities in Forests. Biology 15. 10.3390/biology15191687.

Паводле www.mdpi.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Мікалая Вераб’я (aka Apus)

 

На гэтую тэму:

Чорная жаўна і памеры яе дуплаў у Польшчы

Рэліктавым папуляцыям чорных свіргулёў патрэбны старыя дрэвы

Без старых дуплістых дрэваў не будзе лясных экасістэм

Гнёзды і нішы абараняюць, але не заўсёды і не ад усіх