Чаму шэрыя вароны перабраліся на гнездаванне ў гарады?

шэрая варона

Урбанізацыя - адзін з працэсаў, які прыводзіць да значнага змяншэння біяразнастайнасці там, дзе яна адбываецца з-за знішчэння або значнай фрагментацыі прыродных біятопаў і знікнення відаў, якія іх насяляюць. Забудова значных па плошчы тэрыторый моцна змяняе ландшафт.

Тым не менш, шэраг відаў птушак змаглі каланізаваць гарады і ўтварыць у іх стабільныя гарадзкія папуляцыі. У Еўропе гэта, напрыклад, вялікі голуб (Columba palumbus), чорны дрозд (Turdus merula), сарока (Pica pica), каўка (Corvus monedula), чорная (C. corone corone) і шэрая вароны (C. с. cornix), звычайны шпак (Sturnus vulgaris) і дамавы верабей (Passer domesticus).

Шэрая варона, якая раней сустракалася толькі ў сельскагаспадарчым краявідзе, за апошнія 50-100 гадоў паспяхова прыстасавалася да жыцця ў розных еўрапейскіх гарадах. Тут, акрамя лепшай даступнасці ежы, больш бяспечных месцаў гнездавання, цяплейшага паветра і меншай колькасці драпежнікаў, значна меншы ўзровень пераследавання птушак чалавекам з паляваннем на іх, выкарыстаннем атруты і лавушак мог быць адным з важных фактараў перасялення варон у гарады, але рэдка калі даследаваўся.

Група навукоўцаў параўнала выбар месца гнездавання шэрых варон на працягу трох сезонаў у 2022-24 гг. у Венгрыі ў адным з гарадоў і на двух тэрыторыях у сельскай мясцовасці. На адной з гэтых тэрыторый птушак актыўна пераследавалі (рэгулярна адлаўлівалі і забівалі пад час ‘паляванняў’), а на двух іншых (адной у сельскай мясцовасці і ў горадзе) пераследавання амаль не было.

Усяго было знойдзена 285 гнёзд варонаў і аказалася, што шчыльнасць іх размяшчэння была больш нізкай, суседнія гнёзды мелі паміж сабой большую адлегласць, таксама да бліжэйшых дарог і адкрытых тэрыторый было далей у сельскай мясцовасці з высокім узроўнем пераследавання птушак у параўнанні з сельскай тэрыторыяй з невысокім узроўнем пераследавання. На гэтай апошняй пералічаныя вышэй паказчыкі мелі сярэднія значэнні, а адлегласці ад суседніх гнёздаў і да дарог і адкрытых месцаў былі невялікімі. У горадзе шчыльнасць гнездавання была найбольшай, адлегласць да дарог мінімальнай, а да адкрытых месцаў сярэдняй. Ва ўсіх трох месцах вароны выбіралі для гнездавання лініі або групы дрэваў, а від дрэва звычайна быў з найбольш даступных на дадзенай тэрыторыі.

Хутчэй за ўсё рэгулярнае пераследаванне птушак чалавекам у сельскай мясцовасці было адным з фактараў перамяшчэння шэрых варон на гнездаванне ў гарады.

Крыніца: Paládi, P., Benmazouz, I., Gyüre, P., Tóth, M., Kövér, L. and Lengyel, S. 2026 Persecution by humans affects nest-site selection of Hooded Crows: a comparison of an urban and two rural areas. Ibis. https://doi.org/10.1111/ibi.70127

Паводле https://onlinelibrary.wiley.com/ падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

На гэтую тэму:

СИНУРБИЗАЦИЯ ВЯХИРЯ В БЕЛАРУСИ

Гарадзкія птушкі жывуць даўжэй, але іх жыццёвы патэнцыял значна горшы

У лясах унутры гарадоў нашмат меншая відавая разнастайнасць птушак

Гарадзкія шулякі-карагольчыкі больш паспяховыя

Вялікая і сіняя сініцы: жыццё ў горадзе не такое яркае?

Гарадзкія і негарадзкія вялікія сініцы адрозніваюцца генетычна