Другая версія глабальнага Спісу птушак Avilist (v2026) ужо даступная для прагляду і ў ёй адлюстраваныя таксанамічныя змены, узгодненыя на працягу году пасля таго, як у сярэдзіне 2025-га стала даступнай яго першая версія. Акрамя гэтага, у Спісе з’явіліся больш за 40 новых відаў.
Адной з галоўных пераваг Спісу Avilist лічыцца тое, што ў яго складанні з самага пачатку працы над ім у 2018 годзе актыўна ўдзельнічалі прадстаўнікі ўсіх трох асноўных сучасных груп і падыходаў да класіфікацыі птушак. Таму ў выніку ён павінен быў стаць адзіным, які выкарыстоўваецца ў навуковых даследаваннях і ахове прыроды. Аднак на сённяшні дзень глабальныя спісы eBird/Clements (v2026) і Avilist (v2026) супадаюць на 97,7%, а спіс BirdLife International у версіі гэтага году з’явіцца толькі на прыканцы лістапада або ў снежні і толькі тады стане магчымым іх параўнанне. Агулам адрозненні паміж спісамі тычацца параўнальна невялікай колькасці статусу падвідаў/відаў, прычым каманда Avilist’а хутчэй неахвотна зацверджвае апісанні новых і падзел ‘старых’ відаў, тады як eBird/Clements, здаецца, выкарыстоўвае больш ліберальны падыход да гэтага. Так, напрыклад, каманда апошняга прызнае ўсходняга ерчыка (Saxicola stejnegeri) асобным відам, тады як Avilist (2026) лічыць яго падвідам сібірскага чарнагаловага ерчыка (S. maurus stejnegeri). Падобныя адносіны і да статусу маўрэтанскага (Puffinus mauretanicus) i міжземнаморскага буравеснікаў (P. yelkouan). У Avilist’е гэта падвіды аднаго віду, а ў спісе eBird - асобныя віды.
У версіі 2026 году ў Спісе 11.172 віды птушак, тады як у мінулым годзе іх было 11.131 - гэта значыць, што дадаўся 41 новы від і сярод іх, напрыклад, барнейская зязюля (Hierococcyx tiganada), бабарская мізамела (Myzomela babarensis), пурпурны шырокадзюб (Cymbirhynchus afinis) і маскаваны цінаму (Crypturellus resonans). Згодна з зацвержаным падзелам віргінскага пугача (Bubo virginianus), паўнапраўнымі відамі былі прызнаныя яго ранейшыя падвіды з паўднёва-амерыканскай часткі арэалу: трапічны (B. nacurutu), цёмны (B. nigrescens) i магеланскі пугачы (B. magellanicus). Тым не менш, прапанаваны ў якасці новага віду Bubo jalca з перуанскай часткі Андаў не быў зацверджаны нават у якасці асобнага падвіду.
Не былі прынятыя довады на карысць падзелу роду пячуравак на 4 рады: Seicercus, Phylloscopus, Rhadina, Abrornis, а т.зв. маўрэтанскі падвід шызага галуба з Заходняй Афрыкі (Columba livia gymnocycla) застаўся з папярэднім статусам. Тым не менш, была прынятая прапанова падзелу роду стрынатак на 4 рады: Emberiza, Schoeniclus, Fringillaria i Melophus, а вось пяты прапанаваны для ніх род Granativora не быў зацверджаны.
Для Заходняй Палеарктыкі навукоўцы зацвердзілі павелічэнне да статусу відаў 3 былых падвідаў, якімі сталі міжземнаморская валасяніца (Muscicapa tyrrhenica) (раней падвід шэрай валасяніцы (M. striata)), тэнерыфская малінаўка (Erithacus superbus) (раней падвід звычайнай малінаўкі (E. rubecula)) і магрыбская падкаменка (Oenanthe halophila) (раней падвід стракатай падкаменкі (O. lugens)).
Для спісу птушак Беларусі важна, што быў перагледжаны склад роду крапіўнікаў і адбыўся падзел раней аднаго роду на два, прычым назва роду Troglodytes засталася толькі для паўночнаамерыканскіх відаў, тады як крапіўнікі, распаўсюджаныя ў Еўразіі (і ў тым ліку ў Беларусі) былі аднесены да новастворанага роду і цяпер маюць відавую навуковую назву Nannus troglodytes.

Філагенія крапіўнікаў, сучасны погляд з https://birdsoftheworld.org
Што тычыцца абноўленых навуковых назваў стрынатак, якія ёсць у спісе птушак Беларусі, то цяпер з яго ў родзе Emberiza засталіся звычайная (E. citrinella), гуменная (Е. calandra) і садовая стрынаткі (Е. hortulana). У новаствораны род Schoeniclus аднесены з ‘нашых’ відаў стрынатка-чаротаўка (S. schoeniclus), стрынатка-дуброўнік (S. aureolus), стрынатка-крошка (S. pusillus) і стрынатка-рэмез (S. rusticus).
Крыніца: AviList Core Team 2026. AviList: The Global Avian Checklist, v2026. https://doi.org/10.2173/avilist.v2026
Паводле www.avilist.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак крапіўніка яго ж
На гэтую тэму:
Нарэшце створана адзіная таксанамія класа і даступны адзіны глабальны Спіс птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ