Нарэшце створана адзіная таксанамія класа і даступны адзіны глабальны Спіс птушак

малы зуёк

У першай палове чэрвеня вялікая каманда арнітолагаў, якія прадстаўлялі розныя глабальныя сістэмы класіфікацыі класа Птушкі, прадставіла доўгачаканы адзіны погляд на таксанамію класа. Хаця, як і раней, па меры паступлення новых і перасэнсавання старых дадзеных у спісе будуць адбывацца (як абяцана) штогадовыя змены, ужо цяпер даступна для выкарыстання версія AviList’а за гэты, 2025-ы, год.

Створаная сем гадоў таму, у 2018 годзе, Працоўная група па арніталагічнай класіфікацыі (Working Group on Avian Checklists (WGAC)), з лютага 2021 года працавала над стварэннем аднаго агульнага спісу птушак на аснове трох галоўных і найбольш пашыраных глабальных сістэм класіфікацыі для класа: Clements/eBird, International Ornithological Committee (IOC) і HBW/BirdLife International. 

Працоўная група ўключае арнітолагаў і таксаномаў з 11 устаноў, якія прадстаўляюць вышэй пералічаныя галоўныя сістэмы класіфікацыі і створаныя імі спісы. Усе тры групы прадстаўнікоў гэтых сістэм-спісаў пагадзіліся прыняць канчатковы спіс як свой афіцыйны таксанамічны ‘эталон’ (reference) пасля яго публікацыі. 

Сучасныя глабальныя спісы птушак даволі моцна адрозніваліся адзін ад аднаго: так, Clements Checklist of Birds of the World прызнаваў 11.017 відаў сучасных птушак, тады як BirdLife International checklist уключаў 11.524 відаў, а ў апошнім IOC World Bird List пералічаны 11.276 відаў. У адзіным аб’яднаўчым Спісе цяпер 11.131 відаў птушак, 19.879 падвідаў, 2.376 радоў, 252 сямействы і 46 атрадаў класа Птушак і ён у двух варыянтах (з больш падрабязнымі анатацыямі і скарочанымі) даступны на старонцы www.avilist.org.

У самім адзіным Спісе шмат інфармацыі і вельмі цікавыя спасылкі на публікацыі, звязаныя з апісаннем таксонаў ад атраду да падвідаў уключна, пералічаны аўтары апісання і яго год, апісанне распаўсюджання, назвы на англійскай мове, пратонімы (першапачатковыя назвы, якія былі дадзены пры апісанні), ахоўная катэгорыя МСАП (IUCN), спасылкі на кароткі відавы нарыс, мапы арэлаў і іншае на сайце www.datazone.birdlife.org і іншыя карысныя спасылкі.

Les Christidis, сташыня выканаўчага камітэту, сказаў, што інтэгратыўная канцэпцыя віда, прынятая працоўнай групай “выглядае як заснаваная на ўсіх магчымых доказах /адасаблення/, якія магчыма ацаніць, уключна з /асаблівасцямі/ марфалогіі, паводзін, экалогіі, генетыкі, філагенетычных сувязяў, часу з пачатку дывергенцыі паводле генетычнага параўнання, біягеаграфічнага распаўсюджання, і, канешне, любых доказаў рэпрадуктыўнай ізаляцыі”.

Dr Stuart Butchart, навуковы дырэктар BirdLife International, вітаў стварэнне адзінага Спісу: “Адзіная глабальная таксанамія зменшыць непаразуменні, узмоцніць супрацоўніцтва і дазволіць больш эфектыўна ахоўваць птушак”.

Dr Paul Donald, прадстаўнік ад BirdLife у камандзе па стварэнню AviList’а, сказаў: "Пераадоленне сотняў адрозненняў паміж (глабальнымі) спісамі, якія існавалі раней, было немалой задачай да вырашэння. Аднак у выніку мы атрымалі нашмат больш ясную карціну сусветных птушак, такую, якая будзе служыць навуцы і іх захаванню наступныя дзесяцігоддзі”. 

Пасля афіцыйнай публікацыі Сусветнага спісу птушак, асноўныя сістэмы класіфікацыі (IOC, eBird/Clements, HBW/BirdLife International) пагадзіліся ўнесці змены ў свае спісы так, каб яны сталі аднолькавымі і адпавядалі AviList’у да пачатку наступнага году.

Асноўныя змены, якія тычацца і авіфауны Беларусі і былі заўважаны, наступныя:

  1. Два віды адзначаных у нас бакланаў і паўночная олуша, якія раней лічыліся прадстаўнікамі атраду Пеліканападобных Pelecaniformes, цяпер застаюцца ў атрадзе Олушападобныя Suliformes.
  2. Колпіца разам з іншымі прадстаўнікамі сямейства Ібісавых Threskiornitidae і ўсе чаплі з сямействам Ardeidae замест атраду Галенастых, або Буслападобных Ciconiiformes цяпер адносяцца да атраду Пеліканападобных Pelecaniformes.
  3. Удод з іншымі прадстаўнікамі сямейства Upudidae, які раней адносіўся да Удодападобных, цяпер прадстаўляюць атрад птушак-насарогаў Bucerothiformes.
  4. Зацверджана аб’яднанне чачотак (малай, попельнай і звычанай) у адзін від - звычайная чачотка (Acanthis flammea), прычым былая горная чачотка (раней A. flavirostris) стала горнай канаплянкай (Linaria flavirostris) і таму неабходна змена беларускай назвы віду.
  5. Чорная (Corvus corone corone) і шэрая вароны (C. c. cornix) ізноў толькі падвіды аднаго віду - Corvus corone - (чорная) варона.
  6. У малага зуйка змянілася родавая назва з Charadrius на Thinornis - адпаведна відавая назва стала Thinornis dubius, а ў шуляка-галубятніка з Accipiter на Astur і адпаведна відавая назва цяпер Astur gentilis.
  7. Арлу-карліку, які яшчэ нядаўна адносіўся да роду Aquila, вярнулі папярэднюю назву і цяпер яна Hieraetus pennatus.

 

Як звычайна, да ўсіх падобных зменаў патрэбны час, каб прызвычаіцца. Але наперадзе абяцаюць магчыма і не такія маштабныя і адначасовыя, але і іншыя змены ў падзеле ці аб’яднанні відаў і падвідаў, а магчыма і іншых таксонаў больш высокага рангу.

Паводле www.avilist.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак малага зуйка Сяргея Чарапіцы

 

На гэтую тэму:

Хутка арніталагічная класіфікацыя нарэшце стане адзінай

У лютым з’явіліся дзве асобы, якія бачылі 10 тысяч відаў птушак!

Калумбія ізноў першая ў разнастайнасці птушак

Брытанія пераходзіць на класіфікацыю ад IOC: што гэта можа значыць для Спісу птушак Еўропы і Беларусі?

Амерыканскія таксаномы афіцыйна прызналі ўсіх чачотак адзіным відам