Хутка арніталагічная класіфікацыя нарэшце стане адзінай

Створаная яшчэ шэсць гадоў таму, у 2018 годзе, Працоўная група па арніталагічнай класіфікацыі (Working Group on Avian Checklists (WGAC)), з лютага 2021 года ўжо шчыльна працуе над стварэннем аднаго агульнага спісу птушак на аснове трох галоўных і найбольш пашыраных глабальных сістэм класіфікацыі для класа Птушкі: Clements/eBird, International Ornithological Committee (IOC) і HBW/BirdLife International. 

Працоўная група ўключае арнітолагаў і таксаномаў з 11 устаноў, якія прадстаўляюць вышэй пералічаныя галоўныя сістэмы класіфікацыі (ці спісы). Усе тры групы прадстаўнікоў гэтых сістэм-спісаў пагадзіліся прыняць канчатковы спіс, які папярэдне ўжо названы IOU Global Checklist of Birds, як свой афіцыйны таксанамічны ‘эталон’ (reference) пасля яго публікацыі. 

Сучасныя глабальныя спісы птушак даволі моцна адрозніваюцца адзін ад аднаго. Так, Clements Checklist of Birds of the World на сённяшні дзень прызнае існаванне 11.017 відаў сучасных птушак, тады як BirdLife International checklist уключае 11.524 відаў, а ў апошнім IOC World Bird List, між іншым, пералічаны  11.276 відаў.

Такім чынам чакаецца, што канчатковы і адзіны IOU Global Checklist of Birds  будзе адлюстроўвываць "найбольш сучаснае і ўсебаковае разуменне таксаноміі і наменклатуры птушак”. Спіс будзе ўтрымліваць класіфікацыю птушак ад класа да падвідаў, пералічыць тыповыя мясцовасці для відаў і падвідаў, а таксама спасылкі на крыніцы сваіх таксанамічных і намеклатурных рашэнняў. Назвы ўсіх таксонаў на англійскай мове будуць у сваёй большасці адпавядаць тым, што цяпер выкарыстоўваюцца IOC.

Les Christidis, сташыня выканаўчага камітэту, сказаў, што інтэгратыўная канцэпцыя віда, прынятая працоўнай групай “выглядае як заснаваная на ўсіх магчымых доказах /адасаблення/, якія магчыма ацаніць, уключна з /асаблівасцямі/ марфалогіі, паводзін, экалогіі, генетыкі, філагенетычных сувязяў, часу з пачатку дывергенцыі паводле генетычнага параўнання, біягеаграфічнага распаўсюджання, і, канешне, любых доказаў рэпрадуктыўнай ізаляцыі”.

Асноўныя змены ў еўрапейскім спісе птушак у параўнанні з класіфікацыяй ІОС

Для тых краін, якія прытрымліваліся сістэмы класіфікацыі ІОС, відавыя статусы страцяць шэрая і чорная вароны, якія будуць падвідамі, а таксама маўрэтанскі буравеснік (Puffinus mauretanicus) стане падвідам міжземнаморскага (P. yelkouan). Хутчэй за ўсё (еўразійская) качка-цыранка (Anas crecca) будзе зноў аб’яднаная як адзін від з амерыканскай качкай-чыркай (A. carolinensis), таму што нядаўнія публікацыі вызначылі параўнальна вялікі дрэйф генаў (gene flow) паміж еўразійскімі і паўночнаамерыканскімі папуляцыямі нашмат большы, чым думалі дагэтуль. Збіраюцца адмяніць і параўнальна нядаўнія падзелы відаў з наданнем некаторым падвідам відавога статуса. Такім чынам крычка Кэбота (Thalasseus acuflavidus) будзе аб’яднаная як адзін від з пярэстаносай крычкай (T. sandvicensis). Гудзонскі кулён (Numenius hudsonicus) ізноў стане падвідам сярэдняга кулёна (N. phaeopus). Ну і нарэшце амурскі (Saxicola stejnegeri) і сібірскі чорнагаловы ерчык (S. maurus) стануць адным відам.

Яшчэ адно аб’яднанне ў адзін від ужо прынятае як IOU, так і IOC тычыцца попельнай, малай і звычайнай чачотак, якія цяпер усе толькі морфы звычайнай чачоткі.  

Аднак хутчэй за ўсё захаваюцца не ўсімі прынятыя падзелы гусі-гуменніцы на Anser fabalis і A. serrirostris, на ўсходнюю (Motacilla tschutschensis) і заходнюю жоўтых плісак (M. flava). Захавае свой відавы статус і шатландзкі крыжадзюб (Loxia scotica).

Чакаць засталося нядоўга

Адзіны глабальны спіс (IOU Global Checklist of Birds) абяцаюць скончыць да канца гэтага, 2024 году, а апублікаваць яго ў пачатку 2025-га на сайтах IOU і Cornell Lab of Ornithology. Як і раней, да яго будуць з’яўляцца штогадовыя абнаўленні (аnnual updates) згодна з новымі дадзенымі адпаведна даследаванням па эвалюцыі і з'яўленню новых відаў і падвідаў птушак.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самца кралькі Сяргея Зуёнка

 

На гэтую тэму:

Брытанія пераходзіць на класіфікацыю ад IOC: што гэта можа значыць для Спісу птушак Еўропы і Беларусі?

Амерыканскія таксаномы афіцыйна прызналі ўсіх чачотак адзіным відам

Таксанамія уюрковых: старая школа лепшая?

Новы погляд на таксанамію лунёў

Шэрая і чорная вароны пад генетычнай “лупай”

Вялікая белая чапля ўсё яшчэ адзіны від?

У абноўленай класіфікацыі ІОС з'явіліся 4 новыя віды сарок