Таксанамія уюрковых: старая школа лепшая?

Не зусім звычайнае ў нашы дні таксанамічнае даследаванне правяла міжнародная каманда навукоўцаў з мэтай аб’яднаць сапраўдных уюркоў з Новага і Старага Свету на аснове іх апярэння і экалагічных нішаў. Некаторыя вынікі былі збольшага чаканымі, некаторыя - менш, а некаторыя вельмі здзіўляюць.

Паводле даследчыкаў, сямейства Fringillidae складаецца з трох адасобленых падсямействаў:
Fringillinae з берасцянкамі і в’юркамі Fringilla;
Euphoniinae – група ярка афарбаваных жоўтым і зялёным уюркоў з Неатрапічнай зоагеаграфічнай вобласці, якіх раней лічылі танаграмі;
Carduelinae  - нашы прадстаўнікі падсямейства разам з гавайскімі квяткоўніцамі.
Цікава, што чаромашнікі Carpodacus былі падзеленыя навукоўцамі. Такім чынам сінайскі (Carpodacus synoicus) і вялікі чаромашнікі (Carpodacus rubicilla) застаўлены ў гэтым родзе, а для звычайнага чаромашніка  прапанаваны асобны род Erythrina (які часам выкарыстоўваўся раней), таму што ён выпадае з ядра клады роду Carpodacus і ёсць бліжэй да алага ўюрка (Haematospiza sipahi) з Гімалаяў. Шчурок Pinicola enucleator застаўлены адзіным прадстаўніком свайго роду. Паўночнаамерыканскія прадстаўнікі чаромашнікаў, раней уключаныя ў род Carpodacus насамрэч не маюць блізкага радства з эўразійскімі відамі і таму зноў былі аб’яднаныя ў стары ўласны род Haemorhous, які быў прапанаваны яшчэ ў 1837 годзе для пурпурнага ўюрка H. purpurea.

Амаль касмапалітычны род Serinus таксама лічыцца поліфілетычным (г.зн. такім, які аб’ядноўвае віды, паходзячыя ад розных продкаў).  Таму родавая назва Serinus застаўлена толькі для эўразійскіх відаў, уключна з сірыйскім уюрком S syriacus, аднак ужо афрыканскія і сярэдне-ўсходнія віды вылучаныя ў асобны род Crithagra. На жаль, некаторыя афрыканскія віды не трапілі пад разгляд, таму можна чакаць і іншых навін для суб-сахарскіх відаў Serinus
Чыж і ўсе амерыканскія віды, якіх раней уключалі ў род Carduelis, цяпер (зноў – як і некалі раней) прызнаны заслугоўваючымі асобны род -  Spinus. Род Carduelis ёсць вельмі поліфілетычным і цяпер прапанавана абмежаваць яго толькі да двух відаў – чорнагаловага і жоўтага шчыгелаў C. citrinella і C. carduelis. Зелянушкі вярнуліся ў свой стары род Chloris. Канаплянка і горная чачотка перасунуты з былога роду Carduelis у Linaria, - род, які ўпершыню быў прапанаваны яшчэ ў 1802 г., і цяпер называюцца L. cannabina і L. flavirostris адпаведна.
Усе чачоткі аб’яднаныя ў свой асобны род, для чаго зноў прапанаваны “стары” род Acanthis.


У артыкуле былі рэкамендаваныя і іншыя змены, якія паказваюць, што вярнуцца да старых назваў і падзелаў ніколі не позна.


Крыніца:
Zuccon, D, Prys-Jones, R, Rasmussen, P C and Ericson, P G P. 2012. The phylogenetic relationships and generic limits of finches (Fringillidae). Molecular Phylogenetics and Evolution 62: 581-596.


Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 Здымак самца чаромашніка Дзьмітрыя Якубовіча

Comments

Дзякуй за добрыя словы - стараюся тут выкладваць тое, што самому цікава.

Спасылка ніжэй:

www.birdwatch.co.uk/categories/articleitem.asp?item=876