Паўночна-амерыканскі класіфікацыйны камітэт Амерыканскага арніталагічнага таварыства (North American Classification Committee (NACC) American Ornithological Society (AOS)) на сваім сёлетнім паседжанні, якое адбылося на гэтым тыдні, між іншага, прызнаў усіх чачотак адзіным відам - звычайнай чачоткай (Acanthis flammea).
Папярэдняя прапанова прызнаць попельную (А. hornemanni), звычайную (A. flammea) і малую чачотку (A. cabaret) адзіным відам была пададзеная на разгляд NACC яшчэ ў 2017 годзе. Аднак яна не прайшла, таму што ў яе абаснаванні генетычнай аднастайнасці чачотак не былі прадстаўлены папуляцыі з Грэнландыі і Ісландыі, а таксама былі назіранні асартатыўнага спарвання (assortative mating) сярод птушак з аднолькавым і адрозным ад іншых фенатыпам. Цяпер каманда аўтараў даследавання, апублікаванага яшчэ ў 2021 годзе (Nicholas A. Mason, Erik Funk, and Scott A. Taylor), зрабіла абаснаванне для новай прапановы аб аб’яднанні. Яна была абаснаваная на секвенаванні поўных геномаў прадстаўнікоў A. cabaret, A. flammea і A. hornemanni з папуляцый з усяго арэалу, уключна з птушкамі з Ісландыі і Грэнландыі.
Гэтае даследаванне паказала, што ўсе чачоткі амаль ідэнтычныя генетычна за выключэннем т.зв. ‘супергена’, якія аб’ядноўвае некалькі генаў у адной з храмасом, якія адказваюць за форму дзюбы і агульную афарбоўку птушак. Калі адбываецца яго інверсія, то адбываюцца фенатыпічныя змены ў такіх птушак і яны адрозніваюцца ад птушак без інверсіі марфалагічна: памерамі дзюбы і яе формай, а таксама афарбоўкай апярэння.
Прадстаўнік NACC растлумачыў, што “храмасомная інверсія адбываецца, калі яе частка адрываецца, пераварочваецца і зноў злучаецца з пазасталымі часткамі храмасомы.”
Важна падкрэсліць, што ёсць інверсія часткі храмасомы або не, гэта не ўздзейнічае на магчымасць размнажэння чачотак паміж сабой і няма ніякіх сведчанняў працяглай рэпрадуктыўнай ізаляцыі паміж птушкамі з ‘супергенам’ з нуклеатыдамі, размешчанымі ў адваротны бок і без яго. Былі перагледжаны і шматлікія публікацыі, якія прадстаўлялі сведчанні асартатыўнага спарвання ў чачотак, аднак у святле атрыманых генетычных даследаванняў яны прызнаныя нязначнымі для групы былых відаў.
З 1886 году AOS штогод разглядае прапановы па зменах у таксанамічным статусе, назвах і іншых пытаннях класіфікацыі птушак Паўночнай Амерыкі і Карыбскага архіпелагу, якія пасля гэтага ўлічваюцца ў навуковых даследаваннях, ахове і кіраванні папуляцыямі птушак як дзяржаўнымі органамі кіравання рэгіёну, так і навуковымі і грамадзкімі арганізацыямі і асобнымі бёрдэрамі.
The full 2024 Check-list supplement is available at: https://doi.org/10.1093/ornithology/ukae019
Паводле https://americanornithology.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак т.зв. попельнай чачоткі Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Генетыкі ізноў кажуць, што чачоткі – адзіны від, а не тры асобных
Усе чачоткі – адзіны від?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ