Генетыкі ізноў кажуць, што чачоткі – адзіны від, а не тры асобных

Міжнародная каманда даследчыкаў, якія прадстаўляюць розныя навукова-даследчыя ўстановы з ЗША, Чэхіі і Ісландыі рознымі генетычнымі метадамі даследавалі т. зв. “комплекс чачотак”, які сёння прызнаецца многімі сістэматыкамі як блізкія, але асобныя віды: звычайная чачотка (Acanthis flammea), попельная чачотка (A. hornemanni) і малая чачотка (A. cabaret). Па выніках параўнання навукоўцы тлумачаць фенатыпічныя адрозненні і прапануюць, як і аўтары ранейшага даследавання, лічыць усіх чачотак адзіным відам.

Навукоўцы пішуць, што параўнальна значныя варыяцыі ў знешнім выглядзе чачотак абумоўлены спецыфічнай генетычнай храмасомнай інверсіяй – гэта працэс ‘распаду’ часткі храмасом і іх рэарганізацыі ўнутры генома.

Унутры гэтай інверсіі Erik R. Funk з універсітэту штата Каларада (ЗША) і яго калегі знайшлі шматлікія гены-кандыдаты, якія удзельнічаюць у меланагенезе (melanogenesis) (утварэнні пігментаў- меланінаў), афарбоўцы розных структур караціноідамі, а таксама вызначаюць памер і форму дзюбы чачотак. Гэты ўчастак геному птушак, ці суперген, адказвае за пералічаныя вышэй рысы ў іх знешнім выглядзе, якія і прымаюцца як міжвідавыя адрозненні пры вызначэнні чачотак.

Фенатыпічныя адрозненні паміж чачоткамі у публікацыі называюцца ‘экатыпамі’, якія звычайна лічаць морфамі хутчэй, чым падвідамі (што там ужо казаць пра віды!). Хутчэй за ўсё, гэтыя адрозненні (уключна з афарбоўкай апярэння і марфалогіяй дзюбы) абумоўлены фактарамі навакольнага асяроддзя (такімі, як клімат і магчымасць знайсці даступную ежу і адпаведныя месцы гнездавання) і на генетычным узроўні забяспечваюцца варыяцыямі ў праяўленні ‘супергену’.

Навукоўцы секвеніравалі геномы 73 чачотак усіх трох экатыпаў, якіх многія сістэматыкі дагэтуль лічаць відамі, прычым птушкі паходзілі з Паўночнай Амерыкі, Еўропы і усходу Азіі.

Важна, што аўтары публікацыі не змаглі знайсці генетычных адрозненняў і на папуляцыйным узроўні, няма і выразных межаў паміж экатыпамі ў геаграфічным плане, таму сказаць толькі на аснове генетычных дадзеных з якога геаграфічнага рэгіёну паходзіць птушка, немагчыма:

птушкі + мапы
a Сезоннае распаўсюджанне чачотак паказана ружовым колерам, прычым самы светлы колер пазначае гнездавы арэал, а самы цёмны – месцы зімоўкі. Каляровыя кропкі і іх розны памер паказваюць месцы і колькасць птушак, якія ўдзельнічалі ў секвеніраванні генатыпаў і блакітныя адпавядаюць попельнай чачотцы, аранжавыя – звычайнай і зялёныя – малай. b адрозненні ў генатыпах птушак усіх трох экатыпаў (“відаў”) з папуляцый К2 і К3, якія дэманструюць, што геном не можа выявіць да якога ‘сённяшняга віду’ аднесці птушку. c Знешні выгляд трох экатыпаў (‘відаў’) чачотак, які паказвае адрозненні афарбоўкі пер’я і памераў дзюбы (мастачка Liz Clayton Fuller). Распаўсюджанне было абагульнена паводле мапаў з BirdLife International. Паводле Funk et al (2021).

Даследчыкі кажуць, што вышэй згаданы ‘суперген’ адказны за разнастайныя фенатыпічныя адрозненні паміж чачоткамі і не толькі паміж экатыпамі. Калі паспрабаваць выключыць храмасомныя інверсіі з разгляду, то ва ўсім іншым генатыпы чачотак вельмі падобныя, і за іх аднастайнасць адказвае т.зв. паток генаў (gene flow).

------------------

У Беларусі карыстаюцца класіфікацыяй птушак, прапанаванай Асацыяцыяй еўрапейскіх камітэтаў па рэдкасцях (AERC), якая не разглядае – і мы адпаведна таксама – малую чачотку асобным відам.

Крыніца: Funk, E R, Mason, N A, Pálsson, S, Albrecht, T, Johnson, J A & Taylor, S A. 2021. A supergene underlies linked variation in color and morphology in a Holarctic songbird. Nature Communications 12, 6833. DOI: https://doi.org/10.1038/s41467-021-27173-z

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак звычайнай чачоткі яго ж

 

На гэтую тэму:

Усе чачоткі – адзіны від?