Амурскі сокал-шулёнак праляцеў амаль 6 тысяч км з Індыі ў Самалі без пасадкі

амурскі сокал-шулёнак

Самка амурскага сокала-шулёнка (Falco amurensis) пад час сёлетняй восеньскай міграцыі праляцела над Індыйскім акіянам прыкладна 5.700 км адным безпасадачным пералётам з паўночна-усходняй часткі Індыі ў Самалі. Гэты рэкорд для драпежных птушак стаў вядомы дзякуючы выкарыстанню спадарожнікавага перадатчыка, змешчанага на птушцы.

Птушка па мянушцы Alang, якая важыць каля 150 г, пераадолела гэтую адлегласць за 101 гадзіну. Другі сокал-шулёнак са спадарожнікавым перадатчыкам на спіне, дарослы самец па мянушцы Apapang, на 21 лістапада (калі ад яго быў атрыманы апошні сігнал) быў над Аравійскім морам, праляцеў без пасадкі 4.100 км і знаходзіўся безперапынна ў паветры 95 гадзін.

Абодва сокалы атрымалі мініятурныя спадарожнікавыя перадатчыкі ад даследчыкаў з Wildlife Institute of India ў мясцовасці Tamenglong (штат Manipur, Індыя) пасля 25-дзённага прыпынку там на адпачынак і аднаўленне энергіі, пад час якога птушкі харчаваліся галоўным чынам тэрмітамі перш, чым працягнуць далей міграцыю да месцаў зімоўкі.

Амурскія сокалы-шулёнкі штовосень ляцяць з месцаў гнездавання на Далёкім Усходзе Расіі, з Манголіі і Кітая зімаваць ва Усходнюю і Паўднёвую Афрыку. Паўночна-Усходняя Індыя з’яўляецца для ніх важным прыпынкам, пад час якога яшчэ не так даўно мясцовыя жыхары некаторых штатаў забівалі сакалоў дзесяткамі тысяч. Тым не менш маштабныя і працяглыя дзеянні па іх ахове, якія ў многім былі адрасаваныя мясцовым грамадам, далі пазітыўны эфект і традыцыйныя месцы адпачынку і начлегу сакалоў цяпер ахоўваюцца.

Навукоўцы лічаць, што адпаведны кірунак ветру грае важную ролю ў маршруце міграцыі і эфектыўнасці палёту сакалоў над акіянам, хаця многія нюансы застаюцца яшчэ невядомымі. Вынікі папярэдняга адсочвання перамяшчэнняў віду з дапамогай спадарожнікавых перадатчыкаў выявілі, што пад час штогадовых вясновых і восеньскіх міграцый птушкі пралятаюць над тэрыторыяй 23 краін на агульную адлегласць больш, чым 20 тысяч км.

Паводле www.birdguides.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Прасочана міграцыя амурскіх сокалаў-шулёнкаў

Гісторыя поспеху: як у Індыі сталі ахоўваць амурскіх сакалоў-шулёнкаў

У НАГАЛЭНДЗЕ БОЛЬШ НЕ ЗАБІВАЮЦЬ АМУРСКІХ СОКАЛАЎ-ШУЛЁНКАЎ + VIDEO

Ёсць новы рэкорд безпасадачнага пералёту сярод птушак!