Гісторыя поспеху: як у Індыі сталі ахоўваць амурскіх сакалоў-шулёнкаў

Каб пазбегнуць небяспекі выкарыстання разнастайных прыстасаванняў для адлову і забойства сокалаў-шулёнкаў (Falco amurensis), мясцовыя ўлады не толькі забаранілі ўжыванне стрэльбаў жыхарам штатаў Assam, Nagaland і Manipur на час восеньскай міграцыі птушак праз гэтыя тэрыторыі, але і правялі рэйды па канфіскацыі сетак і катапультаў у сельскай мясцовасці.

Вялізарная колькасць сакалоў гэтага віду, якія гняздуюць на Далёкім Усходзе Расіі і ў Кітае, прыпыняецца на адпачынак штовосень у гэтай частцы Індыі перш, чым пераляцець праз Аравійскае мора і працягваць міграцыю ў Паўднёвую Афрыку, дзе амурскія сокалы-шулёнкі зімуюць.

Птушкі забіваліся ў Індыі штогод у маштабах, якія выкліваюць шок. Так, паводле ацэнак, пад час піка міграцыі ў 2012 годзе мясцовыя жыхары здабывалі паміж 12 і 14 тысяч сакалоў штодня! Аднак пасля таго, як гэта стала шырока вядома і ў Індыі, і далёка за яе межамі, розныя грамадзкія і дзяржаўныя арганізацыі дзякуючы адукацыйным праграмам і ўцягванню мясцовага насельніцтва ў абслугоўванне турыстаў, змаглі пераламіць сытуацыю. Адносіны мясцовых жыхароў змяніліся і гэта прычынілася да вельмі значнага змяншэння колькасці забітых птушак.

птушкі

Кожную восень сотні тысяч амурскіх сакалоў-шулёнкаў ляцяць з месцаў гнездавання ў Паўднёвую Афрыку на зімоўку і назад і штогод пралятаюць такім чынам каля 20 тысяч кіламетраў. Пад час восеньскай міграцыі сокалы прыпыняюцца ў кастрычніку ў індыйскім штаце Nagaland і яшчэ ў некалькіх месцах на паўночным усходзе краіны.

Адным з самых масавых месцаў прыпынку птушак для адпачынку і паляванняў на тэрмітаў (каб назапасіць свае запасы тлушчу перад працягам міграцыі), ёсць вёска Pangti ў штаце Nagaland. Тут птушкі прыпыняюцца на некалькі тыдняў у колькасці сотняў тысяч, начуюць на дрэвах і нават некаторых пабудовах.

Пасля таго, як пра масавае знішчэнне тут сакалоў стала вядома ў сталіцы штата, трое прадстаўнікоў Nagaland Wildlife and Biodiversity Conservation Trust, Bano Haralu, Shashank Dalvi і Rokohebi Kuotsu, прыехалі ў вёску Pangti ў кастрычніку 2012 г. каб ацаніць маштаб паляванняў і ўдакаментаваць іх.

“На той час там было каля 70 груп паляўнічых, якія расстаўлялі старыя рыбацкія сеткі над дрэвамі, каб злавіць птушак, якія апускаліся ў невялікія ляскі на начлег. Наступным ранкам сеткі, поўныя птушак, здымаліся” – сказаў Haralu.

птушкі

Адлоўленыя на продаж сокалы, восень 2012 г.. Photo credit: Bano Haralu

Пасля разумення катастрафічных маштабаў паляванняў, пачалася актыўная кампанія па ахове сакалоў. Праз два гады тая ж самая вёска Рangti ізноў прыцягнула ўвагу СМІ з усяго свету. Але ў гэты раз увага была пазітыўнай – вёска стала сусветнай Сакалінай сталіцай.

Haralu сказаў, што пасля 2012 году яны больш не бачылі паляванняў на сакалоў у Pangti. “Мы былі там некалькі разоў пасля той восені і ні разу не сустрэліся там з адлоўленымі на продаж сакалкамі. Я не магу сказаць, што амурскіх сакалоў-шулёнкаў больш не забіваюць у іншых месцах, але ў Pangti гэта спынілася. Для ўсіх нас гэтая гісторыя стала жыццёвай магчымасцю ўбачыць, як ахова прыроды пераварочвае справы на 180 градусаў. Амурскія сакалы-шулёнкі сталі ‘маскоткамі’ аховы прыроды”.

 “Распачалася адукацыйная кампанія, пад час сустрэч з мясцовымі жыхарамі мы тлумачылі, што забойства птушак непрымальнае” – дадае Haralu. “Яны думалі, што сокалы будуць прылятаць туды ў такой жа колькасці заўсёды. Акрамя таго, што мы растлумачылі ім пра экалагічны дысбаланс, мы таксама сказалі, што паўднёваафрыканскія фермеры чакаюць сакалоў у сябе.”

У 2013 годзе маштабная кампанія па захаванні сакалоў пачалася ў адміністратыўным раёне Wokha, дзе знаходзіцца цяперашняя Сакаліная сталіца. Акрамя адукацыйных мерапрыемстваў і стварэння Amur Falcon EcoClubs, таксама здзяйснялася патруляванне месцаў начлегу сакалоў і пачаліся навуковыя даследаванні птушак. Як адзін вынікаў, вясковыя рады забаранілі паляванне на сакалоў.

Yhoshu, іншы прадстаўнік фонда, разумее, што быць адным з нага і ведаючы мясцовыя культурныя і кулінарныя традыцыі, будзе вельмі цяжка змяніць паляўнічых у ахоўнікаў сакалоў. Традыцыйна нагі – паляўнічыя, і многія з людзей у вёсках эканамічна залежаць ад паляванняў. Таму, пасля абмеркаванняў прадстаўнікоў урада і прыродаахоўных арганізацый з прадстаўнікамі мясцовых супольнасцяў было вырашана плаціць былым паляўнічым за патруляванні і ахову сакалоў, акрамя гэтага частка былых паляўнічых ператварылася ў гідаў для турыстаў, якія прыязжаюць паглядзець на дзесяткі тысяч сакалоў у адным месцы. Акрамя гэтага, у 100 км на поўнач ад Pangti, жыхары іншай вёскі яшчэ ў 2001 годзе стварылі Changtongya Community Conservation Reserve, у якім ахоўваюць месцы масавага начлегу скалоў-шулёнкаў і які можа служыць добрым прыкладам для іншых вёсак, вакол якіх сакалкі спыняюцца пад час міграцыі.

мапаПерамяшчэнні трох першых сакалоў з перадатчыкамі. Photo credit: Satellitetracking.eu

Ужо ў лістападзе 2013 году на трох сакалоў, якіх для гэтага адлавілі ў вёскі Pangti, павесілі спадарожнікавыя перадатчыкі вагой 5 грам. Самец сокала атрымаў мянушку Naga, a самак назвалі Wokha і Pangti. Пасля атрымання цікавых дадзеных ад першых птушак, міністэрства навакольнага асяроддзя, лясоў і змены клімату Індыі фундавала адлоў і змяшчэнне перадатчыкаў яшчэ на 5 птушак у Нагалэндзе.

Перамяшчэнні сакалоў Naga і Pangti атрымалася адсочваць на працягу 1.117 і 880 дзён адпаведна. Спадарожнікавае сачэнне само па сабе і вельмі цікавыя вынікі, атрыманыя дзякуючы яму, прынеслі столькі ўвагі да амурскіх сакалоў-шулёнкаў у суседніх з Нагалэндам штатах Manipur, Mizoram, Meghalaya і Assam, што ў іх таксама вырашылі спецыяльна ахоўвываць гэтых сакалкоў пад час іх міграцыі.

Паводле www.india.mongabay.com (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

У НАГАЛЭНДЗЕ БОЛЬШ НЕ ЗАБІВАЮЦЬ АМУРСКІХ СОКАЛАЎ-ШУЛЁНКАЎ + VIDEO.

Прасочана міграцыя амурскіх сокалаў-шулёнкаў

Сокалы прыляцелі ў Афрыку са спадарожнікавымі перадатчыкамі на спінах

Сокалы Элеаноры пад назіраннем спадарожнікаў