ПАЛЯВАННЕ ЗВЫЧАЙНАЙ ПУСТАЛЬГІ (FALCO TINNUNCULUS) У Г.ГРОДНА І НАВАКОЛЛІ

Пачынаем змяшчаць матэрыялы, якіяі датычаць вывучэння птушак з VII міжнароднай навуковай канферэнцыі "актуальныя праблемы экалогіі", прысвечанай 225-годдзю Канстанціна Тызенгаўза (1786-1853).

Вінчэўскі Дз., Саковіч С.

Пустальга ў Беларусі - рэдкі на гнездаванні, пералётны і транзітна мігрыруючы від птушак, які ў невялікай колькасці застаецца на зімоўку, змяншае сваю колькасць і занесены ў Чырвоную кнігу РБ [1].
Апошнія прыкладна 10-15 год у г.Гродна (Заходняя Беларусь) назіраецца паступовае павелічэнне колькасці пар, якія для гнездавання выбіраюць разнастайныя месцы на гарадзкіх будынках: вентыляцыйныя нішы на паддашшах, у сценах і ў шахтах ліфтоў шматпавярховых дамоў, разнастайныя нішы ў металічнай канструкцыі перакрыццяў тэлевізійнай вежы, нішу за статуяй на фасадзе пабернардынскага касцёлу і нават адкрыты дэкратыўны балкончык на 9-ці павярховым доме. Гэты працэс можа быць звязаны як з экспансіяй “гарадзкіх” папуляцый віду з захаду на ўсход, так і з павелічэннем колькасці мясцовых птушак, якія для гнездавання выбіраюць менавіта населеныя пункты.

Прыклад гнездавання ў вентыляцыйнай шахце ліфта.

Прыклад гнездавання ў вентыляцыйнай шахце ліфта.

Прыклад гнездавання ў нішы ў сцяне.

Прыклад гнездавання ў вентыляцыйнай нішы на паддашшы шматпавярховіка.

Даследаванне розных аспектаў палявання пустальгі праводзілася з 04.2011 па 09.2011 у г.Гродна і вакол яго ў Гродзенскім раёне Гродзенскай вобл.. Паляваннем мы лічылі ўсе дзеянні, “калі драпежная птушка шукала або атакавала здабычу” [2]. Назіранні былі зроблены беспасрэдна з дапамогай бінокля х8 і х10 і зрокавых трубаў х20-50 і/або х20-100. Такая методыка дазваляе атрымаць вынікі, якія адпавядаюць рэчаіснасці для відаў, што палююць на адкрытай прасторы [3] – такіх, як пустальга.
Мы вызначалі наступныя характарыстыкі палявання сакалоў (дадзеныя для самцоў і самак з-за невялікай колькасці назіранняў за апошнімі аб’яднаныя): выбар паляўнічага біятопу, тып расліннасці на ім і яе вышыню, вышыню палёту (завісання) і прысады пад час палявання, выкарыстанне птушкамі ветру, вышыню пачатку атакі і поспех палявання. Методыка падрабязна апісана ў нашай папярэдняй працы, прысвечанай паляванню поплаўнага луня (Circus pygargus) [4]. Яна таксама паспяхова выкарыстоўвалася пад час даследавання розных аспектаў палявання зімуючых палявых лунёў (С. cyaneus) [5]. Для вызначэння вышыні завісання птушак, большай за 10 м, мы выкарыстоўвалі суседнія аб’екты вядомай вышыні (слупы і правады электраперадач і д.п.) (Табл.1).


Для звычайнай пустальгі вядомыя наступныя тыпы палявання: з прысады, ў паветры з завісання і пад час пералётаў, а таксама бегаючы ці ходзячы па зямлі [6].
Мы адзначылі толькі першыя два тыпы, магчыма з-за параўнальна невялікай колькасці назіранняў (Табл.1).


Табл.1 Некаторыя параметры палявання звычайнай пустальгі ў г.Гродна і наваколлі

Цікава, што паляванне з прысадаў выкарыстоўвалася птушкамі нашмат радзей – у 15,9% адзначаных намі выпадкаў (n=151) супраць 84,1% для завісання. Аднак поспех атак з прысадаў склаў ажно 68% (n=22), а пасля завісання – 27% (n=37) (у некаторых выпадках вынік не атрымалася адсачыць). Паляванне з прысады менш энергаёмкае, аднак дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць толькі невялікую тэрыторыю вакол зручных прысадаў. Магчыма менавіта гэта з’яляецца прычынай таго, што негледзячы на значна большы поспех атак з прысады і іх большую “энергаэфектыўнасць”, пустальгі выкарыстоўваюць гэты тып палявання часцей у негнездавы перыяд, як знайшоў Э.Вілэйдж (Village, 1983a цыт. па [6]). Аднак на суадносіны гэтых тыпаў палявання можа таксама ўплываць цяжкасць дакладнага вызначэння ці сокалы сапраўды палююць з прысады (калі яно не завяршаецца атакай), ці толькі адпачываюць [6] на ёй.
Пад час большасці паспяховых атак, для якіх атрымалася вызначыць здабычу, сокалы злапалі мышападобных грызуноў (хутчэй за ўсё шэрых палёвак Microtus spp.), і толькі ў адзінкавых выпадках вялікіх насекомых. Таму неабходна прызнаць поспех палявання нашых птушак для абодвух тыпаў палявання параўнальна вялікім. Бо ў Шатландыі для атак на звяркоў ён быў адпаведна для палявання з паветра і з прысад 18 і 25% [6].


У большасці выпадкаў птушкі пад час палявання выкарыстоўвалі вышыню ад 6 да 16 м, і нашмат радзей – да 5м і вышэй за 15м (Табл.1). Гэта звязана не толькі з вышынёй, з якой сокалы могуць заўважыць патэнцыйную здабычу і правільна ацаніць свае шанцы на поспех, але і са структурай расліннасці, над якой птушкі палююць. На нашай тэрыторыі даследаванняў амаль усе выпадкі палявання былі адзначаныя над скошанымі і адрастаючымі шматгадовымі травамі з вышынёй расліннасці да 50 см. Для іншай расліннасці з іншай вышынёй і структурай птушкі, напэўна, могуць выкарыстоўваць іншую вышыню пошукавых палётаў.
Цікава, што нам атрымалася адзначыць тры выпадкі палявання (2 для самца і 1 для самкі) непасрэдна ў цэнтры гораду – 2 над газонам са скошанай травой і 1 над схілам з няскошанай расліннасцю.


Спіс літаратуры
[1]. Красная книга Республики Беларусь. т.1. Животные. Мн.: “Бел. Энцыклапедыя”- 2006, -318 С.
[2]. Fox N. The hunting behavior of trained Northern Goshawks Accipiter gentilis.// Kenward R. & Lindsay I.M. (Eds.) Understanding the Goshawk.- 1981, Oxford: IAF – р.121-133
[3]. Kenward R. & Widen P. Do Goshawks Accipiter gentilis need forest? Some conservation lessons from radio tracking. // Meuburg B.-U. & Chancellor R.D. (Eds.) Raptors in the Modern World. 1989 – B., L. & P.: WWGBP- р. 561-567
[4]. Vintchevski D. E. Hunting of Montagu’s Harrier (Circus pygargus) during breeding seasons (1993–2001) in West Belarus // Populations Ökologie Greifvogel- und Eulenarten. Band 5. 2006. – р. 245–260.
[5] Вінчэўскі Дз. Паляванне палявога луня (Circus cyaneus L.) увосень-зіму 2008-2009 гг. у Гродзенскім раёне (Заходняя Беларусь). Мат. VI межд. научно-практ. конф. “Актуальные проблемы экологии” Гродно, 27-29.Х. 2010. Гродно: ГрГУ- 2010, с. 96-98          
[6].Village A. The Kestrel. L.: T&AD Poyser – 1990, - 352 P.

During April-August 2011 we observed hunting behavior of nesting Kestrels (Falco tinnunculus) in and nearby Hrodna city (Western Belarus). We found that falcons use hovering in 84,1% of all cases (n=151) vs hunting from perches in only 15,9%. But the success of attacks was much higher from perches: 68% (n=22) vs 27% (n=37) from hovering. Most of the successful attacks we could recognize were made on small rodents and only few on big insects.

Апублікавана: Вінчэўскі Дз., Саковіч С. Паляванне звычайнай пустальгі (Falco tinnunculus) у г.Гродна і наваколлі. // Мат. VII межд. научно-практ. конф. “Актуальные проблемы экологии” Гродно, 26-28.Х. 2010. Гродно: ГрГМУ- 2011, с. 67-68

Здымкі Дзьмітрыя Вінчэўскага