Як і ў мінулым годзе, сёлета фотаконкурс адбываўся ў два этапы. У першым зарэгістраваныя наведвальнікі нашага сайту адабралі 116 здымкаў у намінацыі "Птушкі" і 31 здымак у намінацыі "Людзі" 21 аўтара, якія і трапілі ў фінал.
У фінале Журы ў складзе Ігара Бышнёва - фотаанімаліста, рэжысёра і сцэнарыста фільмаў аб прыродзе;
Тацяны Раманавай - фотаанімалісткі і прызёра фотаконкурсу АПБ у 2010 годзе;
Анатоля Клешчука - фотакарэспандэнта газеты "Звязда";
Сяргея Зуёнка - рэдактара часопіса "Птушкі і Мы"
дзякуючы выстаўленым балам вырашыла лёс перакможцаў і прызёраў наступным чынам:
у намінацыі "Птушкі" перамог Андрэй Несцераў са здымкам арабка "Асенні спявун" (глядзі верхні здымак).
на другім месцы Валеры Юрко (Мінск) са здымкам белалобых гусей:
трэцяе месца з аднолькавай колькасцю балаў падзялілі Ўладзімір Янушэвіч (Слонім) са здымкам маладога сіваграка:
і Дзьмітры Якубовіч з Гродна са здымкам зімародка-гурмана:
У намінацыі "Людзі, якія вывучаюць ці назіраюць птушак" у фінал трапілі толькі здымкі гарадзенцаў. Перамог Мікалай Гулінскі са здымкам незвычайнага партэта свайго калегі-фотаанімаліста Жоржа Гулеўскага пад назвай "Гарадзенскі фотаспецназ":
На другім месцы фота Алега Созінава з Восеньскіх дзён назіранняў за птушкамі пад назвай "Ляцяць гусі":
На трэцім здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага з назіранняў за пустальгой "У чарзе да трубы":
Віншуем усіх пераможцаў і прызёраў і зычым новых выдатных здымкаў і перамог.
У якасці прызоў пераможцы атрымаюць ад АПБ сэртыфікаты на аплату фотатавараў ці паслуг на суму 400 тыс. руб, аўтары здымкаў за другое месца - на суму 300 тыс. і за трэцяе - на 200 тыс. руб..
Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ