Новы дыназаўр дапамагае зразумець як паўстала крыло птушак

Парэшткі дыназаўра, адкапанага ў Заходнім Кітаі, праліваюць новае святло на магчымы шлях эвалюцыі костак крыла птушак. Узрост парэштак быў ацэнены на 160 мільёнаў гадоў і новы від атрымаў назву Limusaurus inextricabilis. Добрая захаванасць шкілету гэтага дыназаўра дапамагае праследзіць шлях ад пяціпальцавай канечнасці папярэднікаў птушак да трохпальцавай апошніх.
 Праца, апублікаваная ў часопісе Nature, кажа пра тое, што хутчэй за ўсё ў крылах птушак захаваліся сярэднія тры пальцы, чым скрайнія.


Тэраподы (Theropods) – група дыназаўраў, якіх лічаць прамымі продкамі птушак і якія ўключаюць апераныя віды – такія, як тыраназаўр Tyrannosaurus rex ды іншыя – вядомыя яшчэ і тым, што іх пярэднія і заднія канечнасці мелі па тры пальцы.
Але дагэтуль было не зразумела як пяціпальцавая канечнасць ператварылася ў трохпальцавую. Вядома, што кожны палец складаецца з адпаведнай колькасці фаланг.
Палеантолагі доўгі час лічылі, што ў сучасных птушак захаваліся менавіта першы, другі і трэці палец на аснове таго, што фалангі пазнейшых жывёл захавалі адпаведную гэтым пальцам колькасць фалангаў.
Тым не менш эмбрыолагі паказалі, што ў эмбрыёнаў птушак пачынаюць расці ўсе 5 пальцаў, але першы і пяты пальцы пазней перастаюць расці і рассмоктваюцца. Пазасталыя тры косткі зрастаюцца і ўтвараюць “пражку” – яна схаваная ў цэнтры птушынага крыла.

Джэймс Кларк (James Clark) з універсітэту Джорджа Вашынгтана ў Вашынгтане і Ксінг Ксу (Xing Xu) з Інстытуту Палеанталогіі хрыбетных і палеаантрапалогіі з Пекіну знайшлі “залатое” для палеанталогіі радовішча парэштак у пойме ракі Junggar у паўночна-заходнім Кітаі. Менавіта тут яны адкапалі самыя старыя парэшткі дыназаўраў з групы тыраназаўраў і самых старых “рагатых” дыназаўраў.
У гэты раз ім пашанцавала знайсці на месцы старажытнага нізіннага балота парэшткі прымітыўнага цератазаўра, тэраподаў, якія часта мелі розныя вырасты ў выглядзе рагоў ці скураных чубоў ды пальцы без кіпцюроў.
“У знойдзенага новага дыназаўра не было зубоў, ён меў дзюбу і доўгую шыю і вельмі слабыя ручкі” – так апісаў знаходку праф. Кларк. “Калі ж мы прыгледзеліся да костак рук, зразумелі, што яны дапамогуць даць адказ на вельмі складанае пытанне для палеанталогіі”.
Парэшткі дыназаўра мелі толькі адну фалангу першага пальца і зусім не мелі фаланг пятага пальца. Такім чынам быў знойдзены адзін з “прамежкавых этапаў” эвалюцыі, які дае доказы на карысць таго, што менавіта тры сярэднія пальцы захаваліся ў птушак, а рэдукаваліся першы і пяты.
Трэці палец меў чацвёртую фалангу, якую павінен мець другі, і гэта паказвае на тое, што другі палец страціў адну фалангу каб узяць на сябе тую ж функцыю, як і рэдукаваны першы палец.
Гэты працэс змены экспрэсіі гена з аднаго пальца на іншы быў вядомы і раней і атрымаў назву “здзвіг ідэнтычнасці” ("identity shift").
"Гэта здзіўляюча – ўпершыню мы ўбачылі як гэтая штука пачынае знікаць” – пракаментаваў знаходку палеантолаг Джэк Конрад з Амерыканскага музею натуральнай гісторыі. Цяпер фундаментальны канфлікт паміж дастатакова добрымі дадзенымі эмбрыялогіі і палеанталагічнымі знаходкамі, ў якіх былі першы, другі і трэці пальцы, можа лічыцца вырашаным дзякуючы гэтаму новаму віду дыназаўраў.
 

На малюнку – рэканструкцыя выгляду новага віду дыназаўра.
 

Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by
 

Пра дыназаўраў і магчымыі функцыі іх пёраў гл. тут: http://birdwatch.by/news/420