На апошнім паседжанні Таксанамічнага падкамітэту Камітэту па рэгістрацыях Брытанскага арніталагічнага звязу (Taxonomic Subcommittee of the British Ornithologists' Union's Records Committee) былі агучаны некаторыя доўгачаканыя і зусім нечаканыя змены ў таксанаміі птушак, якія акажуць значны ўплыў на Спіс птушак гэтай краіны. А калі будуць прынятыя больш шырокім колам арнітолагаў і з іншых краін, то стануць праз нейкі час абавязковымі і для нас.
Найбольш прадказальнымі для многіх бёдуотчараў ёсць паздзел відаў, якія лічыліся раней політыпічнымі: жоўтадзюбы буравеснік Cory's Shearwater (Calonectris diomedea) і мадэйрская качурка Madeiran Storm-petrel (Oceanodroma castro). Акрамя іх былі падзелены таксама пячураўка-талаўка Arctic Warbler (Phylloscopus borealis), сардзінская леска Marmora’s Warbler (Sylvia sarda) і папаўзень (Sitta europaea).
Больш дэталёва прапанаваныя змены выглядаюць наступным чынам:
буравеснік Скопалі Scopoli's (C.diomedea) і кабовердзкі Cape Verde Shearwaters (Calonectris edwardsii) былі вылучаныя з намінатыўнага віду жоўтадзюбага буравесніка, які атрымаў навуковую назву Calonectris borealis на аснове адрозненняў у вакалізацыі і біяметрычных паказчыках, а таксама на тым аснаванні, што вядомы толькі адзін гібрыд паміж буравенсікамі Скопалі і жоўтадзюбым (не гледзячы на некалькі змешаных калоній), тым самым падкрэсліваючы існаванне рэпрадуктыўнай ізаляцыі паміж гэтымі формамі. Кабавердзкі буравеснік застаўся апісаным толькі для групы птушак з аднайменных астравоў. Да гэтага абодва “новых” віды ўжо былі ў Спісе брытанскіх птушак, аднак апошні быў адзначаны толькі аднойчы каля астравоў Scillу.
Мадэйрская качурка таксама падзелена на тры віды: мадэйрская s. stricto гняздуе на востраве Мадэйра і на астравах Selvagens, кабовердзкая качурка Cape Verde Storm-petrel (O. jabejabe) - эндэмік астравоў гэтага архіпелагу, азорская качурка Monteiro's Storm-petrel (O. monteiroi) гняздуе толькі на Азорах. Чацвёртая форма, якую называюць 'Grant's Storm-petrel', застаўлена унутры апошняга віду і гняздуе ў “халодны сезон” на Азорскіх астравах, Мадэйры, Selvagens і некалькіх астраўках каля ўзбярэжжа Партугаліі. Сёлетняя першая рэгістрацыя для Вялікабрытаніі мадэйрскай качуркі каля астравоў Scilly не можа быць зацверджана з-за адсутнасці дадзеных датычных дакладнага таксанамічнага статусу адзначанай птушкі, які немагчыма вызначыць у палявых умовах.
Яшчэ адзін прадказальны падзел, гэта пячураўка-талаўка, з якой цяпер вылучылі уласна пячураўку-талаўку s. stricto, камчацкую пячураўку Kamchatka (Phylloscopus examinandus) iяпонскую пячураўку Japanese Leaf Warbler (Ph. xanthodryas). Наколькі вядома, толькі першы від быў адзначаны дагэтуль у Вялікабрытаніі і Еўропе.
Бёдуотчары, якія пад час наведвання Балеарскіх астравоў “на ўсялякі выпадак” назіралі там балеарскую леску Balearic Warbler (Sylvia balearica) у надзеі, што гэтая форма будзе вылучана як асобны від з сардзінскай лескі Marmora's, будуць усцешаныя пазітыўным рашэннем у гэтай справе. Цяпер Камітэт па рэдкасцям (BOURC) разглядае 6 рэгістрацый, якія хутчэй за ўсё адносяцца да выпадкова заляцелых на Брытанскія астравы прадстаўнікоў сардынскай лескі s. stricto.
Менш чаканы падзел быў прыняты для еўрапейскага попаўзня, з якога вылучылі сібірскага ў якасці паўнапраўнага віду Siberian Nuthatch Sitta аrcticа. Як вядома, ён мог быць адзначаны як мінімум аднойчы ў Паўночнай Еўропе.
У дадатак былі прапанаваныя змены ў атрады Курападобных і Сеўкападобных. Найбольш значнай падзеяй тут можа стаць змяншэнне колькасці родаў сярод кулікоў, бо для баталёна (Philomachus pugnax), буруннага куліка (Aphriza virgata), куліка-гразовіка (Limicola falcinellus), канадзкага пясочніка (Tryngites subruficollis) і лапатня (Ereunetes pygmeus) прапанавана ўключэнне ў род Calidris замест сваіх асобных монатыпічных радоў.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак жоўтадзюбага буравесніка з www.wildbirdgallery.com
На гэтую тэму:
Альбатросаў не так шмат відаў, як лічаць?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ