Белыя буслы ўпадабалі цэнтр Гродна

    Не так даўно беларускія і міжнародныя СМІ абляцела навіна пра белага бусла, які некалькі разоў прылятаў начаваць на балкон шматпавярховага дома ў самым цэнтры Гродна. Аднак акрамя гаспадара балкона Вадзіма Смалякова вялікую і прыгожую птушку мала каму атрымалася ўбачыць.


    І вось іншы – на гэты раз малады – бусел таксама абраў месцам свайго адпачынку шматлюдны горад. Як і яго папярэднік, гэты белы бусел шпацыруе і пералятае таксама ў цэнтры горада – ў парку Жылібера. На працягу апошніх трох дзён яго змаглі назіраць сотні гарадзенцаў і гасцей нашага горада. Як сапраўдная турыстычная атракцыя бусел часам пералятае з поймы ракі Гараднічанкі на плошчу Тызенгаўза, дзе на яго з задавальненнем глядзяць дарослыя і дзеці, здымаюцца на памяць фотааматары і турысты. Пасля аўдыенцый гараджанам, птушка зноў вяртаецца ў больш спакойны парк, дзе адпачывае і чысціць пер’е. А сёння белы бусел стаў героем навін Гродзенскага тэлебачання.
Аднак застацца назаўсёды ў Гродна ў яго, напэўна, жадання няма – злапаць сябе працаўнікам заапарку ён не даў. Хутчэй за ўсё, маладая птушка трапіла ў цэнтр горада выпадкова. Буслы выдатна прыстасаваныя да працяглага лунаючага палёту, для якога яны перш мусяць знайсці паток узыходзячага ад зямлі цёплага паветра, які называецца “тэрмік”. Разам з ім птушкі могуць падымацца на некалькі сотняў метраў, а потым без адзінага ўзмаху крыламі павольна лунаюць у патрэбным ім кірунку да наступнага тэрміку. Разам з ім яны ізноў падымаюцца ўверх, пералятаюць да наступнага патоку ўзыходзячага цёплага паветра і такім чынам мігрыруюць на тысячы кіламетраў на месцы зімоўкі. А зімуюць буслы з Беларусі вельмі далёка – аж у Паўднёвай Афрыцы.
    Зразумела, што такая лунаючая міграцыя можа адбывацца паспяхова толькі ў добрае надвор’е, а пад час моцнага дажджу ці навальніцы буслы вымушаны апускацца на зямлю. Магчыма, што пад час палёту ў вырай  малады бусел і трапіў пад моцны дождж і мусіў зрабіць прыпынак у цэнтры гораду.
    Яшчэ адна прычына таксама звязаная з міграцыяй, якая ў буслоў пачынаецца ў сярэдзіне жніўня і звычайна заканчваецца над нашай краінай у пачатку верасня. Не ўсе птушкі здольныя да пачатку міграцыі набраць патрэбную кандыцыю, каб ляцець далёка. Прычыны могуць быць самыя розныя – і генетычныя асаблівасці, і неспрыяльны для птушак гнездавы сезон, калі дарослыя не здольныя прыносіць усім птушанятам дастаткова корму. Таму такія аслабленыя буслы могуць або зусім не адлятаць на зімоўку (і без дапамогі чалавека проста гінуць у пачатку зімы), або вымушаны рабіць доўгія прыпынкі, каб узнавіць свае сілы для далейшага палёту. Магчыма наш герой і зрабіў такі прыпынак, каб адпачнуць і падсілкавацца перад працягам міграцыі.

    У апошнія гады ў Гродна ўсё часцей можна не толькі выпадкова назіраць рэдкіх птушак, занесеных у Чырвоную кнігу нашай краіны: гэта зімародак на рэках Гараднічанка і Нёман, чорны бусел і вялікая белая чапля пад час веснавой міграцыі над Нёманам, але і штогод захапляцца гняздуючымі ў цэнтры гораду сокалам-пустальгой, зімуючымі паміж Старым і Новым мастамі дзесяткамі паўночных качак: гагалей і вялікіх савукоў.
    Усё гэта дазваляе не толькі атрымаць прыемныя ўражанні ад нечаканых сустрэч з дзікай прыродай мясцовым жыхарам, але і ўскладае на ўсіх нас адказнасць за захаванне спрыяльнага навакольнага асяроддзя для братоў нашых меншых. Бо калі ў горадзе добра птушкам, хутчэй за ўсё будзе добра і людзям.
    Не трэба знішчаць старыя дрэвы, ператвараць у газоны поймы рэк, травяністую расліннасць паркаў і сквераў. Бо акрамя вялікіх грошай, якія расходуюцца на гэтыя зусім непатрэбныя гараджанам мерапрыемствы, пад час іх знішчаюцца і гнёзды птушак, і іх корм – шматлікія безхрыбетныя і іх лічынкі.

Пра іншыя цікавыя выпадкі сустрэч з дзікімі птушкамі ў Гродна чытайце на нашым сайце тут:
Бусел … на балконе! http://www.birdwatch.by/news/611
  Чаротніцу можна пабачыць у цэнтры Гродна http://www.birdwatch.by/news/562
Сокал Святой Елены http://www.birdwatch.by/news/499

Дзьмітры Вінчэўскі,
Гродзенскае абласное аддзяленне ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”
Здымак аўтара

Comments

Сёньня, пад час здымак для тэлеканала Гродно+, белы бусел ад маста праз Гараднічанку узняўся ў паветра і зрабіў круг над поймай Гараднічанкі. Спачатку сеў бліжэй да дарожак, а потым на нанесены вадой мул ля рэчкі. Ў адным з крылаў не хапае (не вырасьлі або нейкім чынам абламаліся?) 4-5 махавых ІІ ступені. Ў астатнім выглядае здаровым - хадзіў і шукаў што-небудзь жывое ў лысым газоне каля маста.

Цікава было назіраць, як прыпыняюцца людзі, якія ідуць праз парк або ўздоўж яго, ўсьміхаюцца, паказваюць пальцамі і нават здымаюць на мабільныя тэлефоны.

Бусла і мой каментар да гэтага абяцалі паказаць сёньня ў навінах пр. у 19.00 на канале Мір, заўтра паўтор у 10.00.