Запрашаем на восеньскія ПанЕўрапейскія назіранні птушак-2013 у Гродна

 Ужо ў 14 раз сябры АПБ з Гродна запрашаюць гарадзенцаў і гасцей нашага гораду ў першыя выходныя кастрычніка – суботу і нядзелю 5 і 6.10. - паўдзельнічаць ў назіраннях за восеньскай міграцыяй птушак, якія ў гэтыя дні адбываюцца па ўсёй Еўропе.

Як і ў мінулыя гады, праграма назіранняў падзелена на два дні. У суботу, 5 кастрычніка, мы чакаем усіх жадаючых у цэнтры гораду ў парку імя Ж.-Э. Жылібера з 14 да 17.00 з трубамі, біноклямі і вызначальнікамі, дзякуючы якім можна будзе паглядзець на тых птушак, якія засталіся ў горадзе зблізку. Таксама адкажам на любыя пытанні, звязаныя з жыццём і міграцыяй птушак, а кожны з наведвальнікаў нашай пляцоўкі атрымае свой фотаздымак з біноклем ці трубой, які будзе размешчаны ў Галерэі нашага сайту www.birdwatch.by . Для дзетак, акрамя назіранняў, прадугледжаны конкурс па стварэнню птушак з канструктара Лего: кожны, хто прынясе птушку з канструктара з сабой ці зробіць яе на месцы назіранняў, атрымае невялікі прыз. Можна будзе таксама больш даведацца пра "Ахову птушак Бацькаўшчыны" і далучыцца да сяброў АПБ, абрaўшы адпаведную для сябе катэгорыю сяброўства. Наша пляцоўка будзе знаходзіцца ў р.Гараднічанка каля бронзавай дзяўчыны.

У нядзелю, 6 кастрычніка, адбудзецца палявая экскурсія на вадасховішча каля в.Свіслач (Гродзенскі раён), дзе цяпер канцентруюцца тысячы розных качак (свіцваў, крыжанак, чубатых ныркоў і ныркоў-сівакоў, лапаносак, чырак), вялікіх і малых коўраў, шэрых і вялікіх белых чапляў, кнігавак і іншых кулікоў– усяго каля 40 відаў птушак. Разам з намі плануе назіраць за птушкамі Томаш Кулакоўскі, Прэзідэнт Польскага таварыства аховы птушак (РТОР).

Збор на стаянцы каля будынку малодшых класаў былой школы №1 на вул.Падольная (паміж запраўкай і БІПам), ад’езд на аўтамабілях у 9.30, вяртанне ў Гродна паміж 14.30 і 15.00. Пасля экскурсіі ў абед адбудзецца смажанне каўбасак, таму з кожнага дарослага ўдзельніка збіраецца складка ў 35 тыс., з дзетак і падлеткаў да 16 год – па 25 тыс. руб. Для ўдзелу ў нядзельнай экскурсіі трэба паведаміць пра сваё жаданне далучыцца і магчымасць выкарыстання ўласнага аўтамабіля арганізатарам да 17.00 суботы: Яўген Сліж (мабілка Лайф: +375 259 191747) або Дзьмітры Вінчэўскі (мабілка мтс: +375 336 887589). Для абмежаванай колькасці ўдзельнікаў на час экскурсіі могуць быць выдадзеныя біноклі і вызначальнікі “Птушкі Еўропы” (на бел.мове) – замаўляйце загадзя. 

Абутак і адзенне адпаведна надвор’ю дапамогуць адчуваць сябе больш камфортна, тэрмас з гарбатай-кавай і печыва таксама не будуць лішнімі!

Чакаем вас!

Здымкі з назіранняў мінулых гадоў Дзьмітрыя Вінчэўскага

Comments

Ананім (госць) - 05.11.2013 - 10:18

интересный подход в Польше: Europejskie Dni Ptaków na Zamojszczyźnie bez polowań? Zamojskie Towarzystwo Przyrodnicze skierowało do Zarządu Okręgowego PZŁ w Zamościu apel o powstrzymanie się od polowań na ptaki w pierwszy weekend października, z uwagi na obchodzone wówczas Europejskie Dni Ptaków. ZO PZŁ zamieścił apel na swojej stronie internetowej i opatrzył komentarzem zachęcającym myśliwych do uwzględnienia przedstawionego w nim postulatu.