За мінулыя суботу-нядзелю больш за 19 тысяч дарослых, падлеткаў і дзетак прынялі ўдзел у больш чым 900 экскурсіях і іншых арганізаваных назіраннях у 37 краінах Еўропы і Центральнай Азіі.
Ўсе разам мы змаглі адзначыць амаль 2,5 мільёны птушак самых розных відаў, большасць з якіх цяпер здзяйсняе восеньскую міграцыю. Арганізацыі-партнёры глабальнай прыродаахоўнай арганізацыі Birdlife International стараліся не толькі паказаць прыгажосць птушак грамадству ў сваіх краінах, але таксама звярнуць увагу на неабходнасць захавання месцаў іх зімоўкі і шляхоў пралёту на розных кантынентах. Сёлета збор дадзеных каардынавала славацкая арганізацыя SOS/BirdLife Slovakia.“За мінулыя 20 год BirdLife International змагла рэалізаваць вялікую колькасць разнастайных праектаў, накіраваных на ахову асноўных пралётных шляхоў птушак уздоўж Еўрапейска-афрыканскага шляху” – сказаў Фрыц Гірт (Fritz Hirt), прадстаўнік швайцарскай арганізацыі SVS/BirdLife Switzerland, які каардынаваў EuroBirdwatch з самага іх пачатку ў 1993 годзе.
У Беларусі ў сёлетніх восеньскіх назіраннях удзельнічалі 2270 чалавек, якія адзначылі больш за 106 тысяч птушак. Самымі шматлікімі відамі ў нашай краіне сталі чайка-рыбачка, качка-крыжанка і звычайны шпак. У Тураве адзначылі танкадзюбую чайку (Larus genei) – гэта трэцяя рэгістрацыя віду ў Беларусі і першая за апошнія 60 год. Пад Гродна больш за 30 чалавек пад час прыкладна 3 гадзіннай экскурсіі змаглі ўбачыць і пачуць 53 віды птушак, сярод іх найбольш цікавымі былі сокал-падарожнік, чырвонаваллёвы свірстун, вялікі зуёк, малы і вялікі кіркуны, сокал-дрымлюк.
Першая тройка самых масавых відаў EuroBirdwatch-2013 паводле вынікаў, атрыманых каардынатарамі на 17 гадзін нядзелі выглядае наступным чынам: 1.Звычайны шпак; 2.Лыска; 3.Берасцянка.Масавая міграцыя многіх відаў назіралася паўсюль у Еўропе і Центральнай Азіі. Ў Чэхіі і Венгрыі адзначылі тысячы звычайных шпакоў, у Фінляндыі – тысячы белашчокіх казарак, а практычна над ўсім кантынентам былі заўважаныя вялікія колькасці берасцянак, вялікіх галубоў і шэрых жураўлёў.
Паводле www.ebw2013.vtaky.sk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак з назіранняў ля Гродна Томаша Кулакоўскага
На гэтую тэму:
EUROBIRDWATCH-2012 – ЗАЧАРАВАННЕ МІГРАЦЫЯЙ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ