Ёсць ідэі па паляпшэнню правіл Чэмпіянату па спартыўнай арніталогіі – пішы ў каментарах

 Сёлета чарговы адкрыты Чэмпіянат Беларусі па спартыўнай арніталогіі можа прайсці па змененых правілах. Ці будуць нейкія змены ўнесеныя ў Правілы ўжо гэтых спаборніцтваў, якія адбудуцца ў першую субботу верасня (06.09.2014), залежыць ад Вашых прапаноў і Цэнтральнага Савету АПБ, які разгледзіць атрыманыя каментары і пажаданні на сваім паседжанні ўжо ў панядзелак, 18 жніўня.

Таму канкрэтныя прапановы са спасылкай на пункты і фармуліроўкі папярэдніх Правіл (гл. ніжэй) просьба застаўляць тут у каментарах да панядзелка, 18 жніўня.

Правілы Адкрытага чэмпіянату Беларусі па спартыўнай арніталогіі

 

1.    У спаборніцтвах удзельнічаюць толькі каманды з 4 чалавек. Не менш паловы чальцоў каманды павінны быць старэйшымі за 18 год. Кожная каманда да 18.00 дня напярэдадні спаборніцтваў паведамляе ў аргкамітэт назву каманды, яе склад, колькасць і дакладны ўзрост удзельнікаў, маладзейшых за 18 год, месца старту і нумар тэлефону для сувязі з камандай. Змены ў складзе каманды або новае месца старту павінны быць паведамлены ў аргкамітэт да пачатку спаборніцтваў. Склад каманды не можа мяняцца пасля пачатку спаборніцтваў.  

2.    Разам з чальцамі каманды пад час спаборніцтваў могуць знаходзіцца іншыя людзі: кіроўца, журналіст(ы), назіральнік(і). Аднак ніхто, акрамя чальцоў каманды, не можа прымаць удзел у пошуку і/або вызначэнні птушак. 

3.    Спаборніцтвы адбываюцца з 6.00 да 18.00 на працягу 12 гадзін.

4.    Для перасоўвання пад час спаборніцтваў можна выкарыстоўваць любыя траспартныя сродкі. 

5.    Усе чальцы каманды пад час перамяшчэнняў павінны знаходзіцца ў адным транспартным сродку. Калі гэта немагчыма – напрыклад, для каманды на роварах, чальцы каманды павінны знаходзіцца на адлегласці, якая дазваляе галасавы кантакт паміж усімі чальцамі каманды. Пад час спаборніцтваў чальцы каманды павінны знаходзіцца на адлегласці, якая дазваляе галасавы кантакт паміж усімі чальцамі каманды.

6.    Перамагае каманда, якая з 6.00 да 18.00 зарэгіструе ў дзень правядзення спаборніцтваў найбольшую колькасць відаў дзікіх птушак у прыродных умовах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. 

7.    Улічваюцца толькі тыя віды, якія ўбачылі або пачулі ўсе чальцы каманды. Від, вызначаны па голасу, пазначаецца ў спісе скрыпічным ключом. Забараняецца спецыяльна палохаць птушак ці рабіць іншыя дзеянні, каб ускладніць або зрабіць немагчымым назіранне птушак іншай камандзе. 

8.    Аб рэгістрацыі дваццатага віду і кожнага наступнага дзесятага каманды па мабільнаму тэлефону паведамляюць у аргкамітэт у наступным парадку: каманда, нумар віду і яго назва.

9.    Да 18.00 каманда павінна вярнуцца да месца старту, калі аргкамітэт не абвесціць пункт збору для нейкага рэгіёну.  

10.    Нельга выкарыстоўваць запісы галасоў птушак, сеткі або любые іншыя прыстасаванні, акрамя бінокляў, труб, транспарту і вызначальнікаў.

11.    За кожные 5 хвілін спазнення да месца фінішу са спісу каманды здымаецца адзін від.  

12.    З 18.00 да 18.30 усе каманды павінны паведаміць у аргкамітэт колькасць зарэгістраваных відаў. Да 19.00 у аргкамітэт трэба перадаць поўны спіс відаў з пазнакай вадаёму, населенага пункту або ўрочышча, дзе зарэгістраваны кожны від і колькасць асобін, адзначаных у час, калі від сустрэты ўпершыню. Ў аргкамітэт перадаюцца палявыя запісы, а не чыставік. Спіс птушак павінен весціся ў сістэматычным або храналагічным парадку на беларускай, рускай або лацінскай мове. Спіс можна перадаць па факсу, а адсканаваны або сфатаграфаваны – па электроннай пошце. 

13.    Пасля правядзення Чэмпіянату Журы вызначае каманду-пераможцу і месцы іншых каманд, пра што аргкамітэт паведамляе усім камандам на застаўленыя імі нумары тэлефонаў. У выпадку аднолькавай колькасці адзначаных відаў перамагае каманда, якая перадала свой спіс раней. 

14.    Спрэчныя сітуацыі вырашае Журы. Журы можа звяртацца да чальцоў камандаў за ўдакладненнямі. Журы можа на час спаборніцтваў даслаць назіральніка ў любую з каманд. 

15.    Рашэнне Журы канчатковае і не можа быць абскарджанае.

 

Пад час Birdrace-2005, здымак Сяргея Зуёнка

 

Comments

 Была неяк у абмеркаваньнях слушная ідэя на-конт месца пачатку і завяршэньня гонкі. У сэнсе: не важна дзе каманда зрабіла старт і дзе яна фінішуе - галоўнае час! Мне спадабалася, а так усе добра)))))) Праўда... можа часу замнога, але ж ніхто не забараняе фінішаваць раней)))))

 Калі месца фінішу не мусіць супадаць з месцам старту, то колькасць відаў у спісах каманд можа (значна) павялічыцца. Але гэта таксама можа прывесці да таго, што значна больш часу будзем праводзіць у раз'ездах з месца на месца замест назіранняў за птушкамі.

Пункт пра вызначэнне пераможцы паміж камандамі з аднолькавай колькасцю відаў можа быць зменены на такі, што перамагае каманда, якая першай паведаміла пра заканчэнне спаборніцтваў і фінальную колькасць відаў.