Міхаіл Яфімавіч Нікіфараў – першы акадэмік-арнітолаг Беларусі!

Шчыра віншуем Міхаіла Нікіфарава – пад час сесіі Агульнага сходу НАН Беларусі 13 лістапада ён быў абраны акадэмікам Нацыянальнай Акадэміі навук нашай краіны.

Міхаіл Яфімавіч нарадзіўся ў 1956 годзе ў м.Наваельня Дзятлаўскага раёна на Гарадзеншчыне. Ў 1978 годзе скончыў біяфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Яшчэ пад час вучобы, ў 1977 г., пачаў працаваць у Інстытуце заалогіі АН БССР і прайшоў там шлях ад старэйшага лабаранта да дырэктара Інстытуту. Ў 2006 годзе паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную фарміраванню і сучаснай структуры арнітафауны Беларусі. З 2007 г. – прафесар, з 2009 -  чалец-карэспандэнт НАН Беларусі. Апошнія гады (з 2007) працуе генеральным дырэктарам Навукова-практычнага цэнтру па біярэсурсах НАН Беларусі. 

Аўтар і сааўтар больш 200 навуковых публікацый, у тым ліку 10 манаграфій і кніг, прысвечаных асаблівасцям біялогіі, экалогіі, распаўсюджання і зменаў колькасці, разнастайным аспектам рассялення і аховы птушак Беларусі.

Паспяховае станаўленне і дзейнасць грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Беларусі” (АПБ) як мінімум у першае дзесяцігоддзе непарыўна звязаны з асобай М.Нікіфарава, які быў першым прэзідэнтам АПБ (на працягу двух тэрмінаў), а потым доўгі час чальцом Цэнтральнага Савету.

Нагадаем, што Міхаіл Яфімавіч перад тым, як ачоліць АПБ, быў прэзідэнтам аднаго з папярэднікаў гэтай арганізацыі – Беларускага арніталагічнага таварыства.

Шчыра віншуем Міхаіла Яфімавіча з дасягнутай вышынёй і спадзяемся, што з яе яшчэ больш эфектыўна будуць вырашацца праблемы вывучэння і захавання нашых птушак і не толькі іх. 

Новых поспехаў на карысць нашай прыроды і людзей!

 

Паводле www.nasb.gov.by падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак М.Нікіфарава ў помніка марадунцы ў Тураве - аўтара

 

 

 

Comments

Уладзя (госць) - 18.11.2014 - 20:20

Віншую, шаноўны Міхаіл Яфімавіч. Вамі зроблена шмат карыснага. Моцнага Вам здароўя і посьпехаў надалей. Вялікі дзякуй за даведнік і вызначальнік "Птушкі Еўропы".