Эндэмічная пліска і свірстун выглядаюць непадобна да сваіх крэўных

Выкарыстоўваючы папярэдне амаль скончанае секвеніраванне ДНК двух эндэмічных відаў птушак: мадангі Madanga Madanga ruficollis з вострава Buru (Wallacea), Інданезія, і караткахвосткі з Сан-Томэ São Tomé Shorttail, Amaurocichla bocagii (Гвінейскі заліў у Заходняй Афрыкі) каманда навукоўцаў са Швецыі і Даніі параўнала генетычныя паслядоўнасці гэтых птушак з прадстаўнікамі розных сямействаў Вераб’інападобных. Аказалася, што насуперак папярэднім уяўленням, маданга адносіцца да свірстуноў Anthus (папярэдне лічылася прадстаўніком белавочак), а караткахвостка  - гэта пліска Motacilla.

Пасля каланізацыі сваіх трапічных астравоў, птушкі даволі значна змянілі знешні выгляд і лад жыцця. Абодва віды жывуць у першабытным лесе, дзе першы від харчуецца як кавалік (!) на пакрытых эпіфітамі галінах старых дрэваў або на іх ствалах, тады як другі від шукае ежу на паверхні глебы і на дрэвах. Папярэдне апісаныя віды свірстуноў і плісак былі прыстасаваныя амаль выключна да жыцця ў адкрытых мясцінах і харчуюцца выключна на паверхні зямлі. 

Паводле генетыкаў, каланізацыя астравоў адбылася прэдкавымі відамі параўнальна даўно: 4 і 3,3 мільёнамі гадоў таму адпаведна. Навукоўцы лічаць, што негледзячы на зусім неадпаведнае для продкавых формаў асяроддзе астравоў, птушкі, якія даляцелі да сушы, былі вымушаны прыстасоўвацца да новых умоваў на іх.  

Прафесар Пэр Альстром (рrof. Per Alström), адзін з галоўных аўтараў даследавання, сказаў: “У часы, калі продкі “нашых” птушак каланізавалі гэтыя астравы, апошнія хутчэй за ўсё былі цалкам пакрыты лесам. А гэта – вельмі незвычайнае месцапражывання і для свірстуноў, і для плісак”. 

Два віды свірстуноў, плямісты (Anthus hodgsoni) і еўрапейскі лясны (Anthus trivialis) хаця таксама жывуць у лясах, але гняздуюць і харчуюцца на зямлі.  

Пасля больш блізкага параўнання генатыпаў аказалася, што караткахвостка з Сан-Томэ мела агульнага продка з найбольш блізкай да яе капскай пліскай Motacilla capensis, тады як маданга найбліжэй да альпійскага свірстуна Alpine Pipit Anthus gutturalis з Папуа-Новай Гвінеі.

Атрыманыя вынікі сведчаць пра тое, што ў будучыні нас можа чакаць больш сюрпрызаў у сістэматыцы птушак.  

Крыніца:

Alström P, Jønsson KA, Fjeldså J, Ödeen A, Ericson PGP, Irestedt M. 2015 Dramatic niche shifts and morphological change in two insular bird species.R. Soc. open sci.2: 140364. See URL: http://dx.doi.org/10.1098/rsos.140364

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі 

Малюнак мадангі (зверху) і караткахвосткі з Сан-Томэ (ніжэй) з www.sciencenordic.com

 

На гэтую тэму:

Створана “Дрэва жыцця” для ўсіх відаў птушак

СУЛТАНАК НАШМАТ БОЛЬШ ВІДАЎ, ЧЫМ СЦВЯРДЖАЛІ ДАГЭТУЛЬ?

НОВЫ ПОГЛЯД НА ТАКСАНАМІЮ ЛУНЁЎ

Параўнальная генетыка крумкачовых – новы этап

Грычуноў больш відаў, чым сцвярджалі дагэтуль?