Крызіс знікненняў паглыбляецца

     Апошняе абнаўленне Чырвонага Спісу знікаючых відаў Міжнароднага Звязу аховы прыроды (IUCN Red List of Threatened Species) паказала, што 17291 від з 47677, стан і колькасць якіх ацэньваліся, знаходзiцца пад пагрозай знікнення. Глабальная асацыяцыя BirdLife International адказвае за частку Спісу, які ўтрымлівае птушак. У гэтай частцы да катэгорыі Крытычна пагражаемы (Critically Endangered) аднесены 192 віды, што на 2 віды птушак больш, чым у мінулым годзе.

    Аднак акрамя павелічэння Спісу, адбыліся і радасныя падзеі – дзякуючы паспяховым акцыям па ахове атрымалася знізіць ступень пагрозы для макао Ліра Anodorhynchus leari, з крытычна пагражаемага да пагражаемага. Гэты вялікі і прыгожы папугай, названы ў гонар брытанскага паэта, дзякуючы супольнай працы нацыянальных і міжнародных прыродахоўных арганізацый, бразільскага ўрада і мясцовых землеўладальнікаў не толькі не знік, аднак і павялічыў сваю колькасць у чатыры разы.
    "У глабальных маштабах падзеі разгортваюцца не найлепшым чынам і справы працягваюць пагаршацца. Аднак адбываюцца і сапраўдныя “гісторыі поспеху”, якія даюць нам надзею на тое, што працаваць над зменамі варта і акцыі па ахове відаў даюць добры вынік” – пракаментаваў сёлетні Спіс д-р Леон Бэнан (Dr Leon Bennun), навуковы дырэктар BirdLife.


    З 9998 відаў птушак, 137 зніклі або зніклі ў дзікай прыродзе, 192 маюць статус крытычна пагражаемых, 362 – пагражаемых і 669 - уразлівыя.


Агульныя вынікі для розных катэгорый жывых істотаў наступныя: 21% відаў млекакормячых, 30% відаў амфібій, 12% птушак, 28% рэптылій, 37% прэснаводных рыбаў, 70% відаў раслін і 35% усіх безхрыбетных знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
    "Навуковыя дадзеныя сведчаць, што сур’ёзнасць крызісу знікненняў павялічваецца” – пракаментавала новы Чырвоны Спіс Джэйн Смарт (Jane Smart), дырэктар групы па біяразнастайнасці IUCN. "З наступнага студзеня пачынаецца Сусветны год біяразнастайнасці. Нашы апошнія разлікі паказваюць, што мэта прыпыніць у 2010 годзе крызіс знікнення біяразнастайнасці не будзе дасягнутая. Час урадам задумацца над аховай відаў і праверыць ці дастаткова высока ў іх працоўных планах стаіць гэтая праблема. Таму што мы імкліва выбіваемся з запланаванага графіку.”
З 5490 відаў звяроў, 79 зніклі або зніклі ў прыродзе, 188 маюць статус крытычна пагражаемых, 449 – пагражаемых і 505 - уразлівыя.
     Цяпер у Чырвоным Спісе 1677 відаў рэптылій, прычым 293 з іх дадаліся туды ў гэтым годзе! З іх 165 відаў - эндэмікі для Філіпін. Ўсяго 469 відам пагражае знікненне, і яшчэ 22 лічацца зніклымі або зніклымі ў дзікай прыродзе. На жаль, атрымаць поўную карціну для рэптылій не атрымалася, бо 2-3 мільёны даляраў не хапіла, каб адзначыць і ацаніць сучаснае становішча ўсіх відаў.
     У новым Спісе апынуліся 1895 з  6285 відаў амфібій, якія, такім чынам, сталі найбольш пагражаемай групай жывёл. З іх 39 відаў ужо зніклі зусім або пакуль яшчэ толькі ў дзікай прыродзе, 484 маюць статус крытычна пагражаемых, 754 – пагражаемых і 657 уразлівыя.
     Рапуха з Кігансі (Nectophrynoides asperginis) змяніла свой статус з крытычна пагражаемай на “від, зніклы ў дзікай прыродзе”. Рапухі былі вядомыя толькі з вадаспадаў Kihansi ў Танзаніі, дзе раней былі нават шматлікімі з колькасцю каля 17000 асобін. Аднак пасля таго, як вышэй па плыні пабудавалі плаціну, якая зменшыла колькасць праходзячай вады на 90%, папуляцыя рапухаў пачала імкліва змяншацца. Канчаткова падкасіла яе распаўсюджанне грыбковай хваробы скуры chytridiomycosis.

З 12151 відаў раслін у новым Чырвоным Спісе, 8500 пагражае знікненне, а 114 відаў ужо зніклі.

Аднак няма нічога незваротнага! Калі працаваць з падтрымкай адпаведнымі рэсурсамі, можна дапамагчы многім знікаючым відам.
У Новай Зеландыі чатамскі буравеснік Pterodroma axillaris, а на Маўрыкіі маўрытыйскі фодзі Foudia rubra выйгралі пасля таго, як прыродаахоўныя арганізацыі забяспечылі знішчэнне інвазійных відаў драпежнікаў у месцах іх гнездавання, або, дапамаглі птушкам заснаваць новыя папуляцыі на папярэдне ачышчаных ад чужародных драпежнікаў астравах.

На здымку з www.birdlife.org – крытычна пагражаемы від птушак – сідамскі жаўрук з Паўночнай Афрыкі.
Паводле www.birdlife.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Артыкулы па тэме:

Выратаваць самую рэдкую качку на Свеце

Начны папугай застаўся няўлоўным

20 тысяч бёдуотчараў дапамогуць знайсці зніклыя віды птушак

Бёдуотчары дапамаглі знайсці першае гняздо белавухай чаплі-кваквы ў Віетнаме

Паспяховы працяг грандыёзнага праекту па ўзнаўленні прыродных экасістэм на востраве Мана

Новая надзея на захаванне апошняга сейшэльскага крытычна пагражаемага віду птушак