Дакументацыйныя здымкі і відэа
З раніцы было цёмна, ветрана і час ад часу імжыла. Таму ўвечары, калі збіраўся ісці да Нёмана, фоцік браць спярша не хацеў – ну што я здыму там такім надвор’ем? Але ўспомніў, што заўсёды шкадаваў, калі апарат з сабой не браў і вырашыў не правяраць лёс гэтым разам. І не пашкадаваў, што ўсё ж узяў…
Самага пачатку падзеі я не бачыў – г.зн. чаму тая вераб’іная птушка (верабей?) выляцела з купіны трыснягу і вельмі нізка паляцела над вадой. Назіраў толькі сумныя наступствы гэтага. А здарылася вось што: шэрая варона атакавала таго вераб’я зверху і ён плюхнуўся ў ваду. Варона вярнулася, але выхапіць небараку не змагла.
Амаль адразу птушка ўзляцела з паверхні вады, але праляцела нядоўга, пад вуглом у бок берагу, і зноў плюхнулася ў ваду. Тут ужо вароны побач не было і вераб’я стала хутка несці плынню. І тут да яго падляцела маладая чайка-рагатуха (Larus cachinans), села, дастала з вады і стала тапіць, разматваючы ахвярай у паветры і ў вадзе. Стала зразумела, што нават калі верабей яшчэ быў жывы пасля першага пералёту, цяпер ў яго шанцаў выратавацца не засталося.
Чайка перанесла яго на некалькі метраў і зноў села на воду. Паматляла здабычай некалькі секунд і праглынула яе без праблем:
Спачатку я падумаў, што варона дарма атакавала вераб’я (?) падобным чынам, бо шанцаў дастаць яго з вады ў яе не было. Ажно ўспомніў і перачытаў сваю ж гісторыю, у якой гэта, як ні дзіўна, аказалася магчыма.
Нёман у Гродна, 07-10-2021
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 07.11.2021 - 10:15
Вось, з такіх назіранняў,…
Вось, з такіх назіранняў, пацверджаных фота і відэа, прыадкрываюцца таямніцы жыцця дзікіх жывёлін. Некалі нам бацька расказваў, што бачыў на рыбалцы, як шчупак схапіў качаня крыжанкі, і праглынуў. Цяжка было паверыць у такое без доказу... Вельмі цікавы факт, фоткі і відэа.
Harrier - 07.11.2021 - 10:28
In reply to Вось, з такіх назіранняў,… by pva
Дзякуй! Так і ёсць - мне…
Дзякуй! Так і ёсць - мне пашчасціла апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы, а вераб'ю (?) - не.
Добрых здымкаў няма, але здаецца, што ўсё ж гэта быў верабей: