Пасля абеду паваліў снег, але было зусім не холадна і я вырашыў прайсці ўздоўж ракі. "Калі не сустрэну птушак, дык хоць зімовых краявідаў наздымаю" - падумаў. Аднак, канешне, усё ж спадзяваўся ўбачыць нешта цікавае. Так і атрымалася - неўзабаве перада мной, сярод тонкіх галінак вярбы, бліснуў кляйноцік. А без сонейка так умее рабіць толькі адна наша птушка, якая застаецца на зіму - звычайны зімародак (Alcedo atthis)!
Я памалу падыйшоў крыху бліжэй і адшукаў ракурс, каб галава птушкі трапіла паміж галінак. Зімародак яўна не збіраўся рыбачыць - кідацца ў ваду - адсюль, бо гэты куст быў даволі высока над вадой і вырас не з самага краю, не над вадой. Яму яўна не падабаўся нават дробны снег на галаве, ён час ад часу абтрэсваў яго, а потым пераляцеў:
Але сеў недалёка ад першага месца- на падобную галінку, толькі ніжэй і некалькі метраў далей. Месца гэтае было падобным да першага - хаця і бліжэй да вады, але таксама не над ёй. І калі праз хвіліны дзве птушка пераляцела яшчэ раз і зноў села ў густых галінах, але ізноў не над вадой, я зразумеў - - пэўна так зімародак спрабуе знайсці зручнае месца, каб перачакаць снегапад.
Але снег усё валіў і валіў, і хутка птушка нізка над вадой пераляцела на другі бераг. Пасля непрацяглых пошукаў, зімародак 'знайшоўся' і там - ён сядзеў на тоўстым тросе, які трымае ля прычалу старую баржу. І ўжо адтуль непаспяхова нырнуў за рыбкай. А потым пераляцеў некуды так, што я яго больш не знайшоў.
Аднак гэта была мая не апошняя сустрэча з зімародкам ў гэты снегапад...
Нёман у Гродна, 24-11-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Працяг ТУТ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ