Працяг, пачатак гісторыі ТУТ
Пасля таго, як першы зімародак паспяхова знік на супрацьлеглым беразе недзе за баржай, я працягнуў шпацыр па беразе Нёмана і дайшоў да мосціка праз Гараднічанку. Густы снег йшоў як і раней, але нешта мяне прымусіла пачакаць у вусці гэтай невялічкай рэчкі. І прадчуванне не падвяло і на гэты раз - прыкладна праз 5 хвілін на адну з тонкіх галінак на беразе Гараднічанкі завярнуў з боку Нёмана і сеў малады самец зімародка (Alcedo atthis)! Маладосць выдаваў шырокі шэры гальштук на грудзях і (здаецца) больш кароткая, чым у дарослых птушак, дзюба. А яшчэ паводзіны.
Памалу пачынаўся вечар, а зімародак яўна быў галодны - значыць за ўвесь - хаця і непрацяглы - дзень ён не змог злавіць сабе дастаткова ежы. Таму даволі ўважліва ўглядаўся у ваду пад вуглом ад сябе. Два разы беспаспяхова нырнуў, але вынырнуў пусты. Хаця першы раз, калі ён сеў пасля спробы на больш нізкую галінку і я думаў, што ён ужо з рыбкай, але я памыліўся. І ўсё з-за таго, што выразныя белыя вусы тапоршчыліся пад самай дзюбай і ў снегапад сапраўды былі вельмі падобныя на рыбку.
Пасля другой спробы птушка пераляцела амаль пад самы мосцік і там села трошкі далей ад вады на трубу - яўна адпачнуць, а не рыбачыць. А праз некалькі секунд зімародак паляцеў вышэй па плыні Гараднічанкі.
Але ў мяне засталіся яркія ўспаміны пра дзве сустрэчы з гэтым відам за дзень і некалькі здымкаў.
Гродна, 24-11-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ